Едзе Вітаўт па вуліцы…

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Калі Вялікі Князь сказаў: “Дасюль — маё!”
Выказаўшы ідэю наконт перакладу другога тома кнігі Мар’яна Чапскага “Усеагульная гісторыя каня” на старонцы 5 гэтага нумара “К”, вырашыла прапанаваць увазе чытачоў і цікавы фрагмент фаліянта, прысвечаны акурат гісторыі Беларусі. Паверце, такіх момантаў у выданні Чапскага не проста шмат — яно імі літаральна перасыпана. Такім чынам — фрагмент з параграфа 141 пад назвай “Конь у нацыянальнай гаспадарцы Польшчы і Літвы” (у скарачэнні).

/i/content/pi/cult/495/10642/15-3.jpg

“…Да уніі абодвух народаў (Люблінскай уніі. — С.І.) вялікі князь літоўскі быў адзіным і прадстаўніком народу, і заканадаўцам, адзіным панам над людзьмі і коньмі. Вялікія літоўскія князі адпавядалі наколькі маглі свайму ўсебаковаму прызванню, а іх намаганні ўзнялі Літву на той узровень развіцця, на якім бачым яе перад уніяй.

Гедымін быў выдатным вершнікам свайго часу.

Пра Альгерда тагачасныя крыжакі пісалі, што вялікі князь кульгае на правую нагу, калі ходзіць, і таму звычайна абапіраецца ці на кіёк, ці на збраяносца, але затое на кані сядзіць моцна. Конь ягоны і правіца былі грозныя для татараў ды іншых ворагаў краіны.

Кейстут на коніку, да сёння апеты ў народных песнях, пра якога самі крыжакі казалі, што больш за ўсё любіў вайну і праўду, нястомна выходзіў з імі на бой, доўга іх граміў і мужна біўся; і не раз, узяты імі ў палон, здолеў спрытна выбрацца з яго. Раз, напрыклад, уцёк з вязніцы на конях самога вялікага магістра з Альфам, ліцвінам, якога наняў сабе для паслуг і шпіянажу, а на мяжы коней магістру з падзякай адаслаў.

Пахавальным целаспаленням усіх гэтых мужоў заўсёды спадарожнічалі іх верныя баявыя коні. Абрад пахавання Кейстута адбыўся з надзвычайнай урачыстасцю, а было гэта ўжо апошняе целаспаленне астанкаў паганскага вялікага князя. На віленскім ахвярніку Святарога, на вяршыні магілы, выдзеўбленай на паўтара чалавечыя росты ўглыб, склалі вялізны стос сухіх дрэў. Там сама апрануўшы Кейстутава цела ў даспехі і княжацкія шаты, са зброяй, дзідай і сайдакам на стос паклалі, а пры ім — жывога слугу найвярнейшага, убранага каня найлепшага, пару хартоў і выжлаў, кіпцюры рысіныя і мядзведжыя разам з паляўнічым рогам. Потым, справіўшы малітвы і ахвяры, праспяваўшы пра высакародныя ўчынкі князя, здзейсненыя ім на працягу жыцця, запалілі той прасмолены стос дрэў, і так усё цела згарэла. Прысутныя на пахаванні крыжакі глядзелі з жахам, як полымя дасягнула ніжняга пласта дрэў — і ўвесь стос з трэскам абрынуўся ў нябачную для іх магільную яму ды новым выбухам агню і дыму ўразіў народ.

Вітаўт ніводнай хвіліны без карысці для краіны не траціў. Заўсёды на кані, паўсюль з загадам і наглядам сваім паспяваў, быў ён разам правадыром, суддзёй, галавой царквы, табуноў гадавацелем і купцом.

У тагачаснай Літве лютавалі разбойнікі, або рабаўнікі, званыя паўсюль казакамі, і гэта прымушала Вітаўта скіроўваць усю сваю энергію на стрымліванне закаранелага імкнення да старых практык, якія дарэшты змог выкараніць толькі Статут Казіміра Ягелона.

Едзе Вітаўт па вуліцы,

За ім нясуць дзве шабліцы —

для неадкладнага пакарання злачынцаў па ягоных найвышэйшых загадах. З аднаго боку, быў ён справядлівым, але суровым да жорсткасці, з іншага ж — лагодным, як дзіця, бяспрыкладна шчодрым і гатовым адразу прыйсці на дапамогу тым, хто меў у ёй патрэбу. Яго шчодрасць распаўсюджвалася на ўсіх годных ягонай ласкі, і асабліва на палякаў, якіх надзвычай любіў, так што іх коней забіраў у свае фальваркі на зімоўку. Цэласнасць дзяржавы, яму падначаленай, пільна сцярог і незвычайнымі спосабамі яе межы акрэсліваў. Аднойчы, да сярэдзіны Дняпра на кані даплыўшы і шаблю выхапіўшы, выгукнуў: “Дасюль — маё!” І мяжу, пазначаную гэтым неардынарным актам, доўга ніхто не наважваўся ні змяніць, ні парушыць.

Дробныя спачатку конікі літоўскія, якія ў рабаўніцкіх, або казацкіх, нападах старадаўняй Літвы бездакорна служылі, на якіх перапраўляліся цераз рэкі, трымаючыся адной рукой за хвост, а другой цягнучы драўляны плыток, дзе былі пагружаны зброя, рыштунак і амуніцыя; гэтыя конікі сталі з часам, пасля здзейсненай уніі абодвух народаў, такімі дасканалымі, што на іх літоўская конніца магла даць адпор розным ворагам, і нават вытанчаным шведам. А шыкоўныя атрады Сапегі, Гансеўскага ды іншых не адну з вялікіх рэк на спінах коней уплаў пераадольвалі.

Два народы, аб’яднаныя ў адзіную магутную дзяржаву, развіваліся праз узаемныя ўплывы, агульны поспех, і перадусім забяспечвалі сябе конямі. Карона ўсё больш пачынае ўжываць стаенны спосаб конегадоўлі; на Літве і Русі з’яўляецца нечуванае мноства табуноў, гадаваных на волі ці ў паўдзікім стане; у глухой жа Украіне на землях запарожскага казацтва гойсаюць цалкам дзікія табуны. На самым поўдні Польшчы карпацкі горац выхоўвае свайго дробнага коніка толькі ў руках, а тым часам на паўночнай ускраіне Літвы жмудзін беражэ свайго нізкарослага клеперка ад усякага скрыжоўвання…"

Пераклад з польскай мовы Святланы Ішчанка

Развагі Святланы Ішчанка на конт перакладу кнігі Мар'яна Чапскага чытайце тут.