"О-ля-ля!", або "Не можа быць!.."

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча:
На здымку — дзве выдатныя актрысы беларускай аперэты, народныя артысткі Беларусі Вікторыя Мазур і Наталля Гайда. Тады, у 1972-м, яны былі пачынаючымі спявачкамі і артысткамі, якія абралі сцэну ледзь толькі адкрытага Тэатра музычнай камедыі Беларусі… Сёння іх імёны авеяны легендай: з іхняй творчасцю звязаны найлепшыя старонкі гісторыі гэтага тэатра.

/i/content/pi/cult/495/10641/15-1.jpgУ кожнай з іх былі свае прыхільнікі, якія спрачаліся да хрыпаты ў імкненні даказаць, хто ж з артыстак больш значны, яркі, таленавіты… Ісціна была пасярэдзіне, бо кожны спектакль з удзелам гэтых выдатных актрыс быў святам для аматараў аперэты, хаця Гайда і Мазур амаль ніколі не сустракаліся ў спектаклях: у абедзвюх было аднолькавае амплуа гераіні і, адпаведна, адны і тыя ж партыі ў класічных аперэтах, якія кожная з іх выконвала па-свойму непераўзыдзена. І раптам — гэты фотаздымак, дзе яны стаяць побач, у адным спектаклі, маладыя, шчаслівыя…

Фота адшукалася ў архіве піяніста Белдзяржфілармоніі Марата Лапаціна, які на пачатку 1970-х гадоў працаваў канцэртмайстрам у Тэатры музкамедыі. Самае дзіўнае, што гэтага здымка не аказалася ні ў Наталлі Гайда, ні ў Вікторыі Мазур, і яны нават не здагадваліся аб яго існаванні. Фатаграфія сталася для іх абсалютнай нечаканасцю.

— Не можа быць!.. — сказала, убачыўшы яе, першая.

— О-ля-ля!.. — усклікнула другая.

Высветлілася, што здымак быў зроблены ў фінале спектакля “Кальманіяна" Леаніда Травініна паводле твораў Кальмана. Гайда іграла жонку Кальмана — Юлішку, а Мазур — Сільву, гераіню самай папулярнай яго аперэты. Акцёр Канстанцін Лосеў (ён — на другім плане) выконваў ролю Імрэ Кальмана.

— Вядома ж, маладосць шкада, — кажа Наталля Віктараўна. — Колькі было сіл, энергіі! Думаеш: Божа, як усё было цудоўна тады, як выдатна, хаця і разумееш, што ўсё гэта крышачку ўтопія… Але чалавечай натуры, напэўна, уласціва памятаць толькі самае светлае, цудоўнае. А тады ж і сапраўды быў цудоўны час! Мы выпускалі па тры-чатыры спектаклі ў год, жылі ў шалёным рытме: раніцай — рэпетыцыя, увечары — спектакль ці чарговая рэпетыцыя, і так дзень пры дні цягам многіх гадоў! Часу на адпачынак амаль зусім не было, але мы ўсё паспявалі: і іншых акцёраў паглядзець, і наведаць мінскія тэатры, і ў Маскву выядзжалі на прэм’еры… Вельмі шмат паспявалі, і ўсё рабілася літаральна на адным дыханні…

— Самае цудоўнае ў жыцці — гэта маладосць, — уздыхае, гледзячы на здымак, Вікторыя Мікалаеўна. — Маленькае чорна-белае фота, але яно напоўнена такім святлом!.. Мы тут з Наташай вельмі шчаслівыя. Глядзіце, як яна ўсміхаецца! Колькі шчасця ў гэтай усмешцы! Мы былі маладыя, поўныя надзей, і наперадзе было ўсё жыццё…

Цягам трох дзесяцігоддзяў творчай кар’еры актрысы не толькі назапашвалі жыццёвы і сцэнічны досвед, але і складалі гісторыю тэатра. Без перабольшання, шмат у чым дзякуючы сваім прымам беларуская аперэта набыла славу аднаго з вядучых тэатраў музычнай камедыі былога Саюза. Пра тэатр сур’ёзна загаварылі крытыкі, яго спектаклі нязменна збіралі поўныя залы…

Творчая кар’ера актрыс склалася па-рознаму. Вікторыя Мазур, на жаль, даўно пакінула сцэну, а вось Наталля Гайда па-ранейшаму іграе ў родным тэатры. 4 мая вялікім гала-канцэртам было ўрачыста адзначана ейнае 75-годдзе: вялікая Гайда знаходзіцца ў бліскучай вакальнай форме, што і прадэманстравала пад час юбілейнага вечара.

За ўсю гісторыю нашага Тэатра музкамедыі, бадай, ніхто з актрыс першага плана так і не здолеў наблізіцца да маштабу таленту Вікторыі Мазур і Наталлі Гайда. І вельмі шкада, што беззваротна сышла ў мінулае “залатая” эпоха, якая звязана з найярчэйшым росквітам творчасці гэтых зорак беларускай аперэты. Дый увогуле, за тыя няпоўныя 45 гадоў, што існуе Беларускі музычны тэатр, яго трупа поўнасцю абнавілася. Сёння ў тэатры “дзейнічаюць” толькі два акцёры, якім давялося быць у складзе самай першай трупы — той, якая 17 студзеня 1971 года адкрывала Беларускі тэатр музычнай камедыі спектаклем Юрыя Семянякі “Спявае “Жаўранак”. Гэта народная артыстка Беларусі Наталля Гайда (яна выконвала галоўную ролю — рускай разведчыцы Ірыны) ды заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Сердзюкоў (ён іграў эпізадычную ролю — юнака-партызана)…