Майстэрня ператвараецца...

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Прасякнуўшыся атмасферай, якая панавала на Міжнародным мастацкім пленэры “Любоў і паразуменне” ў чарнагорскім мястэчку Каменары, хачу распавесці пра яго арганізатарку, бо аб ініцыятарах такіх мастацкіх сустрэч пішуць рэдка. Яе імя — Сняжана Мілошавіч.

/i/content/pi/cult/495/10640/14-3.jpg

 

Беларускія мастакі наведалі этнавёску Эміра Кустурыцы.

У васямнаццаць гадоў яна стала першай віцэ-міс на конкурсе “Міс Югаславія”, стаўшы запатрабаванай у моднай індустрыі і два гады працуючы фотамадэллю. Але выкарыстоўваць прыгажосць, каб зарабляць грошы, ёй не падабалася. І калі будучы муж Сняжаны зрабіў ёй прапанову, яна, не раздумваючы, разарвала кантракт з агенцтвам, выплаціўшы няўстойку, бо тэрмін дамовы вымяраўся пяццю гадамі.

Выйшаўшы замуж, яна адкрыла мадэльнае агенцтва і знялася ў кіно. Калі нарадзіліся дзеці, то Сняжана прысвяціла сябе іх выхаванню, бо пераканана: жанчына павінна займацца дзецьмі, пакуль ім не споўніцца дзесяць гадоў. Але пасля нараджэння сваіх двайнят, Сняжана захварэла, перажыла некалькі клінічных смерцяў. Ад глыбокай дэпрэс іі яе выратавала мастацтва.

Эканаміст па адукацыі, Сняжана ні разу не брала ў рукі пэндзаль, а ў 25 гадоў намалявала першую карціну. Пісала работы і дарыла іх тым, каму яны падабаліся. Сняжана кажа: “Так я лячыла душу”. А потым пачала пісаць вершы. Мастакі парэкамендавалі ёй зладзіць пленэр. Нягледзячы на тое, што першы блін атрымаўся камяком, для яе стала відавочна: мастак — гэта нешта асаблівае, і тады, па яе словах, яна палюбіла ўсіх мастакоў свету.

Да арганізацыі наступнага пленэру Мілошавіч падышла інакш, і ў ім ужо ўдзельнічалі 80 мастакоў з Германіі, Францыі, Мексікі, Індыі ды іншых краін. Цяпер Сняжана праводзіць пленэры — ад двух-трох дзён да двух тыдняў. Дапамагае муж. Спрыяе ў арганізацыйных пытаннях і Вера Джукіч — мастачка, жонка Пасла Сербіі ў Беларусі.

Дарэчы, Сняжана, якая шмат падарожнічае, трапіўшы ў Беларусь, зведала культурны шок: уразілі, сярод іншага, Нацыянальны мастацкі музей і прафесіяналізм мастакоў. Са свайго боку, хачу адзначыць, што мне ў Сербіі і Чарнагорыі запомнілася прыхільнасць мясцовага насельніцтва да жывапісу. У цэнтры сербскага горада Нові Сад на беразе ракі ў гістарычных будынках размясціліся майстэрні мастакоў. Калі карціна ці скульптура гатовы, майстар адкрывае дзверы — і майстэрня ператвараецца ў галерэю, куды можа зайсці любы ахвотны. У шматлікіх кавярнях сцены ўпрыгожваюць карціны, і гэта — арыгіналы. Сняжана кажа: “Калі бамбілі Бялград, калі здарылася паводка ў Сербіі, першымі, хто адгукнуўся, былі мастакі. Яны аддалі свае карціны на аўкцыён, і атрыманыя грошы пайшлі на гуманітарную дапамогу”. Дый запрошаныя на сёлетні пленэр мастакі за пару гадзін стварылі па рабоце, якія перадалі ў дар для аўкцыёну, сродкі ад якога таксама пойдуць пацярпелым ад паводкі.

Пленэр “Любоў і паразуменне” аб’яднаў мастакоў розных нацыянальнасцей, ўзростаў, непадобных стыляў ды пераваг у мастацтве. Нават імёны творцаў, што прыехалі ад Беларусі, пра гэта сведчаць: Уладзімір Напрэенка, Мікалай Мішчанка, Ілона Касабука, Марына Несцярук, Леанід Гоманаў, Анатоль Бяляўскі. А былі ж і мастакі з Расіі, Літвы, Ізраіля, Сербіі, Малдовы, Чарнагорыі…

Паводле ўмоў пленэру, кожны мастак пакінуў дзве свае работы, і ў ліпені Галерэя сучаснага мастацтва сербскага горада Пажаравац прыняла выніковую выстаўку. А на кастрычнік запланаваны паказ у Парыжы. Але галоўны вынік “Любові і паразумення”, які ўжо дасягнуты, — трывалыя сувязі паміж краінамі і сяброўства ўдзельнікаў.

Вольга ГОМАНАВА, мастацтвазнаўца