Аўдыя & Відэа-5

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Ліпеньскія аўдыя- і відэарэлізы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта "Atlantica" Алекс ДЭВІД (A) і спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура" Алег КЛІМАЎ (B).

/i/content/pi/cult/495/10639/8-9-1.jpg

Аўдыя

Гурт “Remissia”, сінгл “Кожны вечар”

A.: Сумленна праслухаўшы матэрыял тройчы, я так і не зразумеў, што ж музыканты “Remissia” хацелі данесці “маладым людзям, якія жывуць у рэгіёне постсавецкай прасторы са сваімі марамі, надзеямі і ўнутранымі супярэчнасцямі, каму хочацца пачуць музыку на зразумелай ім мове”. Ды і чаму постсавецкая прастора? Напэўна, таму, што ў нас кожны пачатковец разлічвае адразу на індульгенцыю ад тых, каго раздзiраюць надзеі і супярэчнасці. У нечым слушна. Але ж многія слухаюць музыку перш за ўсё “насуперак”, без усялякіх “таму, што”.

Не хачу бурчаць і наязджаць, але добры студыйны гук яшчэ ніхто не адмяняў. Не кажучы ўжо пра вакал. Так, “манчэстэрская хваля”, пра якую гурт заяўляе, выйшла, як і ўсё іншае, з андэграўнда. Ды, трапіўшы на вялікую публіку, ніводны з музыкантаў, няхай гэта будзе “The Smiths”, “Oasis” або “Blur”, не пазбегнуў студыйнай прадзюсарскай рэтушы, якая і зрабіла іх творчасць прыдатнай для вушэй мільёнаў. Я люблю “Suede” якраз такі за лёгкі флёр 1980-х — часу, калі мой тынэйджарскi кругагляд рос у геаметрычнай прагрэсіі. На жаль, заяўленай алюзіі на васьмідзясятыя ў сінгле я не пачуў. Калектыву ёсць яшчэ што шукаць, і, магчыма, доўга…

B.: Як запэўнівае лідар мінскага гурта Максім Калачоў, будучы альбом каманды, у які ўвойдуць і тры песні сінгла, стылістычна мае ўяўляць з сябе эклектычную работу — як мяркуе фронтмен, у добрым значэнні гэтага слова. Прыхільнікаў калектыву чакаюць кампазіцыі розных жанраў ды адгалінаванняў: року як такога, “манчэстэрскай хвалі”, алюзій на музычныя 1980-я… Магчыма, цэласны прадукт атрымаецца цікавым, у чымсьці свежым, і нават уразіць уяўленне. Пакуль жа вартасць прапанаванага міні-рэлізу заключаецца ў працягласці гукавых дарожак: да трох і крыху больш за тры хвіліны. На жаль, не вельмі добра запісана, не надта выдатна сыграна, драйву — каля нуля, тэксты цытаваць і выпісваць на платах дакладна не стануць. Ці ж чакаць ад “Remissia” метамарфоз у будучыні?..

Гурт “M.G.”, альбом “Да чорта гарэлку!”

A.: Рыхтуючыся да рэцэнзіі альбома абсалютна невядомага мне, мэйнстрымеру, гурта з Навагрудка, я знаходзіўся ў стане лёгкага шоку. Таму, што “метал”, таму, што нічога пра іх не ведаю, таму, што гэта іх першы альбом... Але, да майго здзіўлення, усё стала проста і зразумела пасля, мабыць, другога трэка “Nail King”. Штосьці дыхтоўнае, у меру шчырае, прабівалася насустрач майму ўспрыманню… Не, яны, магчыма, яшчэ занадта юныя, занадта любяць пэўную шаблоннасць жанру, занадта наіўныя ў сваёй смеласці паквапіцца на класікаў. Але!.. Шчырасць і ёсць святая праўда, здольная пазбавіць асабіста мяне ад скепсісу. Згадалася юнацтва, “Metallica” з яе опусамі аднайменнага альбома. Або нават прыгадалася тая цікавасць, з якой я, папсавік па сутнасці, адкрываў для сябе “Master of Puppets”. Не буду крычаць “Брава!”, хоць нумар “Дзецюкi” вельмі зачапіў лёгкім ф’южнам. Глабальна наконт розніцы паміж металкорам і трэшкорам — гэта зусім не да мяне, ды я і не збіраюся разважаць пра падобнае, каб не выклікаць хвалю справядлівага гневу знаўцаў ды адэптаў. Важна, што шокавы стан прайшоў, і за гэта дзякуй музыцы — хай і не маёй, з пункта гледжання асабістага густу…

B.: Навагрудскі метал-бэнд спявае песні на беларускай і англійскай мовах. У трэк-ліст альбома трапілі кампазіцыі на вершы Ларысы Геніюш і Максіма Багдановіча. На гэтым “рэцэнзію” можна было б і скончыць, бо выпушчаны рэліз ёсць мільёны разоў перайграная “цяжкая” музыка (у нашым выпадку — не з вышэйшай лігі хард-н-хэві, і нават не з другой). Ну, так, упрыгожылі “страву” галінкамі зеляніны ад беларускай кухні ў выглядзе фрагментаў аўтэнтычнай мелодыкі. Але ў аснове — знаёмае да болю “рубілава”, часам фарсіраваныя вакалы, штамп на штампе. І яшчэ — прыплялі сюды беларускіх класікаў: маўляў, хай цяпер у кагосьці павернецца язык крытыкаваць творчасць калектыву — ход вядомы, неаднаразова апрабаваны многімі нашымі “як бы выканаўцамі”. Аднак калі няма “разыначак”, ніякія хітрыкі не дапамогуць. У тым ліку і “M.G.”, прынамсі, у тым стане, у якім гурт зараз знаходзіцца. (А потым дзівімся, чаму прадстаўнікі роднай моладзі Багдановіча не ведаюць і ведаць не хочуць...)

Відэа

Гурт “Крама”, кліп на песню “Дзяўчынка са шклянымi вачыма”

А.: У мяне склалася вельмі дваістае адчуванне пасля прагляду клiпа: усё, што датычыцца сінхронаў, я б пакінуў, а вось сюжэтную лінію выкінуў бы! Ну, неяк сумна з ёй усё! І справа не ў працы рэжысёра, аператара, мантажора... Не! Проста, я бачу дзве палярна розныя па якасці карцінкі, адна з якіх мяне раздражняе неміласэрна. Так, тая самая, з дзяўчынай, якая потым бярэ пісталет. Адзінае, што прыходзіць у галаву на гэты конт, дык задаць пытанне: “Навошта?” Або, хутчэй: “Чаму?” Чаму той, хто бярэцца рабіць кліп знакамітаму калектыву, не баіцца нешта не дарабiць? Не хапіла бюджэту? Тады навошта ўвогуле брацца? Чаму музыканты, здымаючы, паводле заявы іх прэс-агента, “першы прафесійны кліп” (!), не баяцца выглядаць бадай па-дылетанцку праз недаробкі. Ну, ды добра: на смак і колер... Кажучы пра легенды ў наш час, на мой погляд, трэба адзначыць, што шматлікім з іх не хапае дзёрзкасці выйсці за рамкі штодзённага і звыклага. Асабліва міфалогіі вакол іх. Час стаў надта імклівым і бязлітасным. Тут і юныя ледзь паспяваюць за страбаскопам змены стыляў і саўнду. А што казаць пра тых, хто ўжо доўга на сцэне… Але ж ёсць маса прыкладаў, калі ўжо даўно знаёмыя музыканты здзяйсняюць нешта гэткае, што радуе вуха і вока. Дастаткова паглядзець на тых жа “Linkin Park”, чый тандэм са Steve Aoki прыцягнуў абсалютна нечакана новую аўдыторыю. Не ведаю, мне асабіста вельмі хочацца ўбачыць гэтае “нешта”, па-маладому зухаватае, нават у “Крамы”, з усёй яе легендарнасцю.

В.: Як тое ні парадаксальна, але, аказваецца, гэта першы прафесійны кліп у гісторыі легендарнага гурта! Песня, якая зазнала візуалізацыю, увойдзе ў новы альбом “Крамы” пад назвай “Белая вада”. Знята якасна, усё строга, стыльна, стрымана. Вось монстры беларускага року спяваюць пра дзяўчынку, у якой ці то ёсць праблемы з самым выдатным чалавечым пачуццём, ці то не. Хутчэй, першае, паколькі павольны працяг падзей (у прынцыпе, іх і няма) у роліку нечакана заканчваецца тым, што на выхадзе з падземнага пераходу паненка ўздымае пісталет і цэліцца ў спіну хлопца, які падымаецца ўверх па прыступках. “Такія справы, брат: каханне”, — як спявае “Чuж & Co. “Проста такое моцнае каханне”, — паўтарае калектыў “Звери”.

Сама кампазіцыя — фірмова прыблюзаваная, як і многія трэкі нашай вялікай каманды. (Зрэшты, лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч неаднаразова заяўляў, што аднесці яго ансамбль, напрыклад, да рытм-энд-блюза будзе не слушна: “Мы граем рок, класічны рок”.) Суперхітом нумар не стане, і хітом, бадай, таксама. Але і прахадным трэк я не назваў бы: прыгожа, падкрэсліваючы майстэрства інструменталістаў, з такім вядомым голасам Ігара — скупым на эмоцыі, але вельмі цёплым і прыемным…

Саша Захарык, кліп на песню “Добрай раніцы!”

А.: Эх, добра! Голас, пачуўшы які, я забыўся на тое, які кліп, дэкарацыі, постпродакшн... Майму вуху, даволі-такі стомленаму ад перманентных субтонаў і паўшэптаў разнамасных радыйных дзіваў, стала лёгка і камфортна з першых жа слоў песні, што я раней не чуў. Я адкрыў для сябе новае імя, за творчай будучыняй якога мне ўжо цікава сачыць. У наш час занадта шмат прадзюсарскага, вылегчанага, чаго, на шчасце, зусім не выявілася ў Захарык. Ура! У нас ёсць свая, не пабаюся параўнання, Zaz! Ці нават жаночы варыянт Jason Mraz, чый альбом “We Sing. We Dance. We Steal Things” я ў машыне “заслухаў да дзірак”. Дый параўнанне тое ці важнае? Саша спявае пра любімы горад, і я ёй веру. Яна ўсміхаецца, і ты верыш у ейны “бенефіс цяпла”. Прыгожа, летуценна і, галоўнае, — прафесійна. Спадзяюся, музычныя рэдактары нашых радыёстанцый не адфутболяць юную спявачку, сказаўшы, што трэба нешта там дапрацаваць, дапісаць-перапісаць. А што сам кліп? Ды ён тут асабліва і не важны, на мой погляд. Я ўпэўнены, каб у Беларусі былі прадстаўлены лэйблы-гіганты, Саша не засталася б без іх увагі, і яны дапамаглі б ёй зрабіць кліп гэтак жа выдатна, як і песню.

В.: А гэта проста дэбютнае відэа маладой спявачкi, якая ўсё падае і падае надзеі. Тыповы бюджэтны кліп тыповага айчыннага выканаўцы, якi не прэтэндуе на лаўры Ірыны Дарафеевай ці Аляксандра Саладухі. Дзяўчына гуляе па ранішніх мiнскіх вуліцах і дварах, сустракаецца з рознымі людзьмі, настрой ужо амаль выдатны, жыццё добрае, жыць добра! Заспакойвае гэты добры ролік. На пазітыве, як кажуць. Звычайная мілая песенька — ніякая, бязлітасны беларускі R’n’B, які на пэўны час застанецца ў памяці ў работнікаў сталічнага Дома друку — ён згадваецца ў тэксце (вядома, калі супрацоўнікі яго раптам пачуюць гэтую кампазіцыю). Але для чаго пішуцца такія песні, але чаму здымаюцца такія кліпы? Асабіста для мяне адказы на жорстка пастаўленыя пытанні — таямніца за сямюдзесяццю сямю пячаткамі…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"