Пластыка агнём

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Рэпартаж з “Арт- Жыжаля”, дзе тэмпература — 1000 градусаў!
Прыезд на базу адпачынку “Вербкі” на Бабруйшчыне, дзе на тры тыдні разгарнулася сапраўдная вытворчасць мастацкай керамікі ў рамках Міжнароднага пленэру “Арт-Жыжаль”, быў жаданым і доўгачаканым. На першае запрашэнне — абпал вогненнай скульптуры “Бобр, які спявае” 24 ліпеня — не атрымалася адгукнуцца. Урэшце, і гэтым разам паездка магла апынуцца пад пагрозай, ды, на шчасце, абставіны склаліся найлепшым чынам.

/i/content/pi/cult/495/10637/8-3.jpg

Дык вось, Вербкі — сапраўды райскі куток! Маляўнічае месца на стромкім беразе Бярэзіны... Пчолы, камары, матылькі — цэлы свет вакол вёў сваё жыццё... А арганізатар “Арт-Жыжаля” Валерый Калтыгін, ледзь улоўна ўсміхаючыся, крыху прымружыўшыся пазірае. Хацеў быў нешта сказаць, ды прамаўчаў, адкусіў яшчэ кавалачак сушкі і задумаўся... Але, выпраўляючыся да сваіх печаў, прамовіў: “Добра ўсё ж такі, што прыехалі”.

Вечар

…У паветры — агульнае прадчуванне вогненнага цуду. Антон Ціханавец, адказны за абпал, не пакідае свой пост. Печ паступова набірае высокую тэмпературу, таму нельга прыпыніцца ні на хвіліну: дровы дробна насечаны, усе — адной даўжыні, што важна для пастаяннай падтрымкі агню. І вось — доўгачаканыя 1000 градусаў! Агонь набірае моц і феерычна выходзіць праз верхнюю частку печы. Для нас гэта загадка, таямніца, бо мы не бачылі скульптуру да абпалу. Паступова, паласу за паласой, пачынаюць здымаць з яе металічны і ватны “панцыры”. Першая, верхняя частка, — вогненная карона. Цудоўнай прыгажосці! Рух агню, праходзячы праз ўнутраную прастору скульптурнай кампазіцыі, выконвае падвойную працу: замацоўвае шамотную масу і праяўляе колеравыя характарыстыкі. Усё гэта стварае складаны вобраз колерамузычнай пластыкі, дзе прасторавы рух звонку і ўнутры скульптуры гучыць асаблівай, ні на што не падобнай касмічнай музыкай.

Калі былі раскрыты ўсе пласты, погляду адкрыўся вобраз “Кветкі, што палае”. Высокая вертыкаль і невялікая гарызанталь, якая таксама імкне ўгару. Уся гісторыя агульнасусветнай культуры пацвярджае, што ў магічным скрыжаванні вертыкалі і гарызанталі ёсць таямніца, звязаная з адчуваннем чалавекам прыналежнасці да Космасу. Вертыкаль — сувязь з космасам; гарызанталь — “зазямленне”. Адзінства іх — крыж — абазначэнне прыхільнасці нашага цела да зямлі і памкненне духу да вышыні.

Тая вогненная скульптура, вышынёй больш за два метры, паўстала цудоўнай кветкай, таямнічай Папараццю. Дэкаратыўныя элементы — прарэзы ў выглядзе пялёсткаў, якія нагадваюць выцінанку.

У такт касмічнай музыкі гучалі апладысменты аўтару скульптуры, кіраўніку пленэру Валерыю Калтыгіну. Ён стаяў сціпла, ціха, але на твары была радасць, гонар за нараджэнне новага “дзецішча”... Ну а побач, пад навесам, працавалі іншыя ўдзельнікі свята. Яны праводзілі апошнія абпалы. І як цікава назіраць за працай кожнага! Кожны дакладна ведаў свае абавязкі на тым або іншым участку: так, беларусы Анатоль Концуб і Максім Калтыгін, украінец Ігар Бяроза абцугамі для керамікі, па чарзе, даставалі з печы вогненна-чырвоныя, распаленыя вырабы. Калі гэты прадмет павінен прайсці спосаб абвару, то акуналі іх у чаны з расолам; калі — спосаб дымлення, то ў ямы з пілавіннем, якія шчыльна зачынялі вечкамі і засыпалі зямлёй.

І пасля таго абварвання работы набывалі незвычайна прыгожыя адценні, малюнак атрымліваўся непрадказальны, заўсёды новы і нечакана цікавы. На вачах у карункі ператвараліся дэкаратыўныя абстрактныя формы, талеркі, кубкі, вазы. Кампазіцыя “Конікі” Ігара Бярозы — тэракотавыя коні — у імгненне сталі коньмі ў яблыках. А вынікі дымлення назіралі наступнай раніцай, калі пілавінне згарэла, і пад уздзеяннем вуглякіслага газу прадметы набылі чорны колер. Ён часам быў матавы, часам — глянцавы, з украпваннем каляровай глазуры (усё залежыць ад задумы).

Раніца

Раніца 30 ліпеня ўнесла новыя фарбы і адчуванні. З’явілася цудоўная магчымасць убачыць работы кожнага ўдзельніка пленэру. Вось Анатоль Концуб, адзін з патрыярхаў пленэрнага руху, прафесіянал з выпрацаваным почыркам. Ягоная кампазіцыя “Вечар у вёсцы” з трох прадметаў — дэкаратыўныя формы, якія нагадваюць чайнікі, збаны, што стаяць адно на адным. Верх кожнага прадмета ўвянчаны пляцоўкай, дзе пасялілася па пары рагуль (прычым адна выканана ў тэхніцы абварвання, а другая — задымлення). Але больш за ўсё ўразіла кампазіцыя Концуба “Грыбны дождж” — гэта зафіксаваныя думкі, якія патэнцыйна змяшчаюць у сабе семантычныя знакі ад нашых прашчураў. А як адметна яны ўспрымаліся пасярод ляснога масіву, арганічна ўплятаючыся ў асяроддзе!..

Беларуска Вольга Сямашка вызнае чысціню выяўленчых сродкаў: кампазіцыя (канструкцыя), прапорцыі, колер, тон, рытм, прастора. Мінімум суб’ектыўнасці ў форме, нейтральнасць паверхні, абмежаванне, паўторы, эканомія колеру, пошукі складанага ў простым. Гэта тое, да чаго імкнуцца многія, але не ва ўсіх той пошук плённы.

Камуран Азлем Сарнік з Турцыі прадэманстравала глыбокія веды і ўменні ў галіне тэхналогіі вырабу керамікі. Любое пластычнае мастацтва першапачаткова ўспрымаецца намі эмацыйна, але пачуцці нашы павінны быць падрыхтаваны для гэтага ўспрымання. Ёсць відавочныя рэчы, якія мы прымаем адразу, не падвяргаючы сумневу. Пра гэта — і трохпрадметная кампазіцыя “Геаметрыя”. А Дзіяна Вернера з Латвіі ў сваіх работах выкарыстоўвае трансфармацыю прыродных форм: кара дрэва, камень, марскія і зааморфныя формы. Тактоўна і граматна выкарыстоўвае яна ўсе магчымыя ў пленэрных умовах тэхналагічныя прыёмы.

І зноў мой погляд спыняецца на работах Валерыя Калтыгіна. Звяртаючы ўвагу на форму, ён абыходзіць тэму “Змест”. Увесь сэнс творчасці бачыцца яму ў “як”. Што б мастак ні рабіў, глыбіня ды змястоўнасць твораў могуць развівацца для яго пры дасканалай форме. І чым менш суб’ектыўнага ў гэтай форме, тым больш значны сам змест.

Архітэктоніка работ Максіма Калтыгіна здабыла новую структуру. Канструкцыя бясконца вар’іруецца ў формаўтваральным і колеравым ладах: свяцільні “Павук”, “Павук-крыжавік”. Мастак атрымлівае асалоду ад магчымасці ствараць прастору, кожны раз здабываючы з адной і той жа канструкцыі новую музыку. Максім глыбока і тонка адчувае сувязь з прыродай, прыкмячаючы формы кожнага лісточка, травінкі (“Гарошыны”, “Дэфрагментацыя”)…

Сучасная падача інфармацыі дэфармавала псіхіку чалавека, агрубіла яго і пазбавіла сузіральнага ўспрыняцця музыкі, пластыкі, прыроды. Думаецца, што задача мастацтва — вярнуць асобу ў гэты цудоўны свет. Спадзяюся, праз выстаўку па выніках XII Міжнароднага пленэру “Арт-Жыжаль” (а гэта — 21 удзельнік з 7 краін) у залах Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, што мае працаваць цягам верасня, наша жыццёвая прастора напоўніцца прыгажосцю і прафесіяналізмам, філасофскімі развагамі.

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава