Кадры, якія варта “пралічыць”

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Што актыўна расце, а што — не аказвае ўплыву?
Сутнасць таго, што ўяўляе з сябе “эканоміка культуры”, я паспрабавала сцісла выкласці ў артыкуле “Пачым культурны прадукт?” у “К” № 5 за 2014 год. Тэма даволі складаная для сферы культуры. Мы больш прызвычаіліся абмяркоўваць мастацкія праекты, цікавыя падзеі, творы... Але для творчасці неабходна стварыць умовы, што складаюцца з некалькіх элементаў, і, як правіла, арганізацыйныя ды фінансавыя пытанні апошнім часам і вызначаюць канчатковы вынік.

/i/content/pi/cult/495/10635/5-6.jpgЧаму адукацыя?

Поспехі ў фарміраванні эканомікі інавацыйнага тыпу шмат у чым вызначаюцца наяўнасцю эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў. Сёння апошняя перажывае змены, звязаныя з паглыбленнем інтэграцыйных працэсаў на рынку адукацыйных паслуг, павышэннем патрабаванняў працадаўцаў да зместу кваліфікацыі спецыяліста. Адпаведна, найважнейшай эканамічнай функцыяй прафесійнай адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка работніка з пэўным узроўнем прафесійных ведаў, адпаведнай якасці падрыхтоўкі.

Якія б змены ні перажывала сфера культуры, менавіта кадры вызначаюць, дзе і наколькі магчымая аптымізацыя, якасць творчага прадукту, развіццё культурнага патэнцыялу рэгіёна ды іншае. І калі сёння падрыхтоўка кадраў выходзіць на першы план, то і адукацыя ў сферы з’яўляецца першым ды галоўным пытаннем у эканоміцы культуры.

Рост чалавечага капіталу

На выніковай калегіі Міністэрства культуры за 2013 год міністрам Барысам Святловым было адзначана: “Склалася дваякая сітуацыя, калі пазабюджэтныя даходы ўстаноў адукацыі актыўна растуць за кошт павелічэння колькасці студэнтаў-платнікаў, аднак гэта не аказвае прыкметнага ўплыву на паляпшэнне сітуацыі з кадравым забеспячэннем арганізацый галіны, асабліва ў рэгіёнах”. Міністр таксама прапанаваў звярнуць пільную ўвагу на сістэму дадатковай адукацыі дарослых, “паколькі менавіта тут забяспечваецца рост чалавечага капіталу”.

Што змянілася сёння, калі маладыя спецыялісты атрымалі доўгачаканыя дыпломы, а ўступная кампанія-2014 завяршылася? Вынікі паспяховасці Акадэміі мастацтваў я з задавальненнем прачытала ў “К” № 30 за гэты год, але гэта збольшага эмацыйны аналіз рэктара Міхаіла Баразны, а не эканамічны. Эканоміка любіць лічбы, а не філасофію, хоць і гэта важна. Урэшце, газета досыць часта піша пра нізкі ўзровень падрыхтоўкі маладых спецыялістаў (на думку працадаўцаў), пра нежаданне з боку выпускнікоў ВНУ і ССНУ замацоўвацца на месцах. Магчыма, існуе шэраг творчых і побытавых прычын, але, на наш погляд, дамінуюць эканамічныя пытанні, якія патрабуюць вывучэння.

Сітуацыя — без лічбаў…

На жаль, на сайтах Міністэрства культуры ці Інстытута культуры Беларусі не знаёмяць з ходам уступнай кампаніі і працаўладкавання выпускнікоў, не даецца аналіз у лічбах, як і проста лічбы. Інтэграваны банк даных Мінкультуры — у закрытым доступе, таму рабіць аналіз сферы досыць складана: неабходны шэраг узгадненняў, чаго няма, скажам, у нашых бліжэйшых суседзяў-партнёраў па Мытным саюзе.

…і ў разрэзе спецыяльнасцей

Неаднойчы ад імя сацыяльнага аддзела НДЭІ Мінэканомікі прапаноўвалася звярнуць увагу на тэндэнцыі конкурсных сітуацый у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі, прыняць рашэнні аб скарачэнні набору выпускнікоў школ на завочныя аддзяленні на спецыяльнасці, звязаныя з культуралогіяй, менеджментам, бо яны відавочна патрабуюць узроўню хаця б сярэдняй спецыяльнай адукацыі, калі не вышэйшай. Бо што атрымліваем у выніку? “Стрэл у неба”? Хіба гэта прэстыжныя і высокааплатныя прафесіі ў культуры? Наколькі менавіта выпускнікі гэтых спецыяльнасцей робяць унёсак у развіццё культуры? Гэта пытанні, які варта пралічыць.

Таксама і рэжысёрскія кафедры часцяком набіраюць зусім “зялёных” студэнтаў, якія не разумеюць, куды і навошта яны прыйшлі, бо прафесія рэжысёра хоць і вонкава прыгожая, але патрабуе жыццёвага досведу, вобразнага і аналітычнага мыслення. Многія імкнуцца трапіць на курсы майстроў па рэжысуры ў расійскія ВНУ. Але там гэтую прафесію можна атрымаць толькі маючы вышэйшую адукацыю! Мо і ў гэтым сакрэт іх поспеху ды папулярнасці?

Мяркую, час ужо вызначыць, наколькі апраўдана выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі пры наборы на спецыяльнасці, дзе конкурс складае менш за 1,1 чалавека на месца, а па заканчэнні гэтыя спецыялісты з цяжкасцю знаходзяць сабе працу.

Колькі і каму?

Звярну ўвагу на дублюючыя кафедры ва ВНУ сферы культуры, на колькасць ССНУ галіны. Для чаго раблю акцэнт? Ды хаця б для стварэння конкурснай сітуацыі ў вышэйзгаданых установах, з аднаго боку, а з іншага — для сканцэнтраванасці кваліфікаваных кадраў педагагічнага складу. За кошт такога скарачэння можна распарадзіцца сэканомленымі сродкамі для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, будаўніцтва жылля, павелічэння заробкаў педагогам.

Яшчэ дэталь. Існуе шэраг спецыяльнасцей, якія рыхтуюцца не для галіны, але — выкарыстоўваючы яе рэсурсы. Так, напрыклад, падрыхтоўка спецыялістаў па выкладанні бальнага танца, якую ажыццяўляе Універсітэт культуры і мастацтваў, вядзецца для спартыўнай арганізацыі, бо гэта адзін з відаў спорту, але дамоўленасцей, на якіх умовах рыхтуем, — няма. А падобныя адукацыйныя паслугі можна было б прапанаваць і для іншых відаў спорту, дзе харэаграфія з’яўляецца адным са складнікаў: гімнастыка, акрабатыка, фігурнае катанне, сінхроннае плаванне... Адзначу, у Расіі створаны кафедры харэаграфіі для гэтых відаў спорту менавіта ў навучальных установах культуры. Выгадна — усім. Таму давайце зірнём на крок наперад і пачнём зарабляць, а не раздаваць бюджэт. Ізноў падтрымаю міністра культуры, які ставіць пытанне і хоча атрымаць на яго адказ: “Што культура дае бюджэту?”.

А калі “дарожная карта”?

Для таго, каб дацяміць, куды і па якім шляху рухацца ў адукацыйнай галіне сферы культуры, зразумець яе эканамічны аспект, перш за ўсё варта вызначыць генеральную мэту мастацкай адукацыі ў краіне. Так, патрэбна Нацыянальная канцэпцыя мастацкай адукацыі — рэальная, якая павiнна абмяркоўвацца ўсімі зацікаўленымі, а не толькі ляжаць на паперы ў справаздачах Міністэрства культуры яшчэ з 2012 года. Ёсць і прапанова вярнуць у Закон аб культуры пазіцыю аб праве на мастацкую адукацыю грамадзян і даць дакладнае яе вызначэнне. А ў Кодэксе аб адукацыі ў раздзеле 1, артыкул 11, пункт 5, унесці дадатак “сістэма мастацкай адукацыі”.

Урэшце, у Кодэксе аб культуры, якi пакуль фарміруецца, варта надаць увагу мастацкай адукацыі не толькі ў рэгламенце артыкула, але і вылучыць пад яе цэлы раздзел. Пакуль жа, у адпаведнасці з рэдакцыяй ад 4 мая 2012 года, усё, што датычыцца мастацкай адукацыі, з Закону аб культуры выключана.

А можа, і нам, па прыкладзе Расіі, варта распрацаваць “дарожную карту” адукацыі ў сферы культуры, якая мае ўласную спецыфіку, значна адрозніваючыся тым ад агульнай сістэмы адукацыі?

Як будзем аналізаваць?

Наш інстытут цягам многіх гадоў дае рэкамендацыі па прагназаванні на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы, але яны з вялікай цяжкасцю знаходзяць сваё ўвасабленне, а ў рэгіёнах пра існаванне тых распрацовак наогул не ведаюць. Тое, што многія кіраўнікі раённых і абласных арганізацый сферы культуры робяць свае эканамічныя аналізы развіцця таго або іншага віду дзейнасці, гэта выдатна. Але прааналізаваць тэндэнцыі ў галіне, можна толькі сабраўшы гэтыя звесткі ды лічбы разам. Як я разумею, такой установы ў сферы культуры пакуль няма. Дый эканоміка-прававы аддзел у Інстытуце культуры Беларусі скасаваны. Хаця кіраўнік Міністэрства культуры ставіць шэраг задач эканамічнага плана.

Ды ўсё ж найгалоўнае — тое, што прыйшло разуменне: трэба сур’ёзна працаваць у кірунку эканомікі культуры ад СДК да кінагаліны, уключаючы, вядома, у першую чаргу захаванне высокакваліфікаваных кадраў, падрыхтоўку новых. Рабіць гэта трэба прафесійна, хутка, якасна і з любоўю да справы. А НДЭІ Міністэрства эканомікі краіны адкрыта для супрацоўніцтва і гатова дзяліцца сваімі матэрыяламі. Мы не трымаем іх у закрытым доступе.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: