Беларусы — нацыя кнігі?

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці:
Мы жывём у век сучасных інфармацыйных тэхналогій, далёкіх ад традыцыйнай кніжнай культуры. І, у той жа час, як сведчаць вынікі даследаванняў, кніга застаецца адным з найважнейшых артэфактаў сучаснасці, з’явай адначасова і сімвалічнай, і практычнай. Але чаму?

/i/content/pi/cult/495/10632/5-5.jpgУ адным са сваіх выступленняў я, прызнацца, крыху нечакана, нават для сябе, выказаў меркаванне, што беларусы — нацыя кнігі. Гэтае выказванне, спрэчнае ды неадназначнае, змусіла больш глыбока прааналізаваць ролю кнігі ў жыцці беларуса, у тым ліку і нашага сучасніка.

Зірнуўшы ў мінуўшчыну, пачынаеш разумець, наколькі істотную ролю адыграла кніга ў развіцці айчыннай культуры. Сапраўды, амаль усе больш-менш вядомыя творцы культуры, звязаныя з беларускай зямлёй, былі ў тым ліку творцамі кнігі: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына… Радзівілы, сёння больш вядомыя сваімі палацамі і замкамі, з’яўляліся таксама і заснавальнікамі шматлікіх друкарняў, аўтарамі кніг, мецэнатамі. Прадстаўнікі іншых шляхецкіх родаў лічылі за гонар мець добрую бібліятэку. Таму кнігазборы такіх родаў, як Сапегі і Храптовічы, сёння з’яўляюцца каштоўнасцю нават не нацыянальнага, а міжнароднага ўзроўню. Што ўжо казаць пра шматлікіх творцаў ХІХ стагоддзя — ці не ўсе яны плённа працавалі на ніве кніжнай культуры. І — зрабілі нямала. Нават у першай палове ХХ стагоддзя на самым версе Парнаса айчыннай культуры знаходзіліся імёны людзей кнігі — Коласа, Купалы, Багдановіча.

Цэлыя эпохі, калі айчынная культура знаходзілася на ўздыме, былі цесна звязаны з развіццём кніжнасці. Найважнейшыя дасягненні культуры Х — ХІІІ стагоддзяў звязаны з прыходам на нашы землі хрысціянства. Місіянеры і падзвіжнікі неслі ў Беларусь Слова Божае, зафіксаванае ў кнігах. Эпоха Адраджэння — гэта эпоха кніг Скарыны і Гусоўскага, Буднага і Цяпінскага, Берасцейскай Бібліі і Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. А былі ж барока, рамантызм, перыяд Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, дзейнасць у 1920-я літаратурных аб’яднанняў, а ў пасляваенны час — пісьменнікаў-франтавікоў і “філалагічнага пакалення”.

Аднак час ідзе. Культура заўжды змяняецца хутчэй, чым любая іншая сфера. Сёння наўрад ці хто назаве кнігу найважнейшым сімвалам айчыннай культуры. Існуе шэраг абгрунтаванняў такога стану спраў: ад вельмі песімістычных (накшталт “сучаснікі сталі менш чытаць”; “ідзе дэградацыя моладзі”; “назіраецца заняпад традыцыйных каштоўнасцей”) да самых футурыстычных і прагматычных (“будучыня — не за кнігамі, а за камп’ютарамі / Інтэрнэтам / тэлебачаннем…”; “кніга не адпавядае сучаснаму ладу жыцця”; “няма калі кнігі чытаць — трэба грошы зарабляць”, і г. д.).

На маю думку, фактары, якія вызначаюць сучасны статус кнігі, складаныя, але вытлумачальныя. Так, падаецца, асноўнай прычынай страты кнігай статуса першаснага сімвала і фактара культуры стала імклівая дыферэнцыяцыя культуры і ўсё большае драбненне форм самавыяўлення асобы, пашырэнне метадаў інфармавання ды ўздзеяння на грамадства. У свеце плюралізму і бязмежных магчымасцей амаль немагчыма казаць пра іерархію сімвалаў ды аўтарытэтаў, пра дамінуючыя формы самавыяўлення.

Да мінулага стагоддзя кніга дзякуючы даступнасці і пашыранасці заставалася ці не асноўным сродкам атрымання ды перадачы ведаў, іх захавання, найважнейшым інструментам маральнага выхавання, магутнай зброяй у змаганні за справядлівасць, а таксама спосабам атрымання эстэтычнага задавальнення і нават рэкрэацыі. Сёння гэтыя функцыі выконваюцца і іншымі сацыяльнымі інстытутамі і разнастайнымі сродкамі.

Немагчыма казаць пра дамінаванне тых або іншых форм самавыяўлення ды сродкаў інфармавання (у тым ліку кнігі)? Але таксама бессэнсоўнымі выглядаюць і заявы пра “смерць” ці “састарэласць” нейкіх форм ды сродкаў. Сёння кожны выбірае сваё. Хочаш дазнацца пра афрыканскіх пігмеяў — можаш прачытаць пра іх кнігу, а можаш азнаёміцца са звесткамі аб іх праз Сеціва, падзівіцца на фотаздымкі ў часопісе, паглядзець сюжэт па тэлевізары, паслухаць перадачу па радыё, патэлефанаваць дасведчанаму сябру, ці злётаць у Афрыку на вакацыях, што амаль немагчыма было ўявіць сабе сто гадоў таму… І кожны з гэтых спосабаў не лепшы і не горшы. Проста, не стала нейкага аднаго, ці хаця б асноўнага, спосабу.

У сувязі з гэтым беспадстаўнымі выглядаюць і выказванні пра тое, што сучаснікі, а найперш моладзь, сталі менш чытаць, менш ведаюць, менш цікавяцца... Як сведчаць даследаванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, беларусы менш чытаць не сталі — проста, істотна змяніліся формы атрымання патрэбнай інфармацыі, сталі больш разнастайнымі тэхнічныя сродкі яе пашырэння, захавання і спажывання. Больш за тое: інфармацыі вакол нас з кожным годам становіцца ўсё больш, і менавіта моладзь застаецца здольнай яе спажываць, трансфармаваць ды выкарыстоўваць.

Аднак натуральны працэс драбнення форм культуры пазбаўляе творцаў магчымасці самавыяўлення ў розных сферах. Мо таму і не бачна сёння “ўніверсальных” творцаў. У наш час нельга быць Скарынам: сучасны прафесіянал — спецыяліст вузкай кваліфікацыі.

Таму, мусіць, такіх волатаў культуры, якім быў Скарына, сёння няма і быць не можа. Таму, мусіць, кніга як універсальны феномен культуры сёння таксама не існуе. У той жа час, у значнай ступені менавіта кніга прадвызначыла той характар айчыннай культуры, які апошняя мае сёння. І ўжо хаця б таму кніга застаецца, у пэўнай меры, яе сімвалам, найважнейшым фактарам захавання і перадачы традыцый, а беларусы — усё ж застаюцца нацыяй кнігі!..