Чапскі, які абышоў Дарагастайскага

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Святлана ІШЧАНКА, журналіст, перакладчык кнігі “Гіпіка”
Некалькі гадоў таму я знайшла ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы рэдкую кнігу на польскай мове, выдадзеную ў 1874-м у Познані, — “Усеагульная гісторыя каня” Мар’яна Чапскага — і зрабіла яе копію. Другі том выдання амаль цалкам прысвечаны конегадоўлі ў Рэчы Паспалітай.

/i/content/pi/cult/495/10630/4-2.jpgПры ўсёй маёй пашане да Дарагастайскага, мушу прызнаць, што гэтая кніга значна цікавейшая за вядомую “Гіпіку”! У сваёй грандыёзнай (больш за 500 старонак) працы Чапскі ахапіў усе аспекты коннай справы. Назвы і змест параграфаў кажуць самі за сябе: конь легендарны, конь у народных звычаях, разнастайнасць назваў каня ў залежнасці ад яго радзімы, выпрабаванні трываласці каня, двары і стайні, некаторыя ўяўленні пра гігіену і ветэрынарыю, абарона правоў уласнасці, канакрадства… Аўтар апісаў коней у пасольствах, на рыцарскіх турнірах, паляванні і вайне, на ўрачыстых выездах, каранацыях ды пахаваннях і нават… у ролі вяршыцеляў правасуддзя.

Мова гэтай працы лёгкая для ўспрыняцця, амаль сучасная. Амаль — бо яна зачароўвае і радуе непаўторным старасвецкім стылем: няспешным, разважлівым, далікатным, узнёслым. У ХІХ стагоддзі да напісання кніг яшчэ ставіліся як да свяшчэннадзейства. Чапскі вядзе — ці, можа, абачліва вязе ў сядле? — свайго зацікаўленага чытача па эпохах, пачынаючы з часоў язычніцтва, знаёміць са славутымі персанажамі мінуўшчыны. І дае зразумець, што гістарычныя падзеі, вялікія перамогі здзяйсняліся сілай ды мужнасцю не толькі людзей, але і іх верных спадарожнікаў — коней.

Старонкі “Усеагульнай гісторыі каня” багата перасыпаны вершамі, прыказкамі, прымаўкамі, прыкметамі, перламі народнага гумару. Напрыклад: “Лепей, калі дзеўка на кані гарцуе, / Чым калі “Лявоніху” з жабраком танцуе. / Лепей, калі дзеўка на кані з сайдакам, / Чым калі абцягнута цесным андаракам”. Або: “Каня танна не ацэньвай, / Караля аб малым не прасі”.

Мар’ян Чапскі нарадзіўся ў вёсцы Лахва (цяпер — Лунінецкі раён), што дае падставу лічыць яго нашым земляком. Але ён у сваім даследаванні рабіў акцэнты перш за ўсё на польскіях рэаліях, аддаючы належнае і героям Вялікага Княства Літоўскага. Зрэшты, апісаныя ім традыцыі ды звычаі былі агульнымі для ўсіх земляў Рэчы Паспалітай. Як польская, так і вялікалітоўская шляхта была прасякнута эпічным рыцарскім духам і літаральна гадавалася ў сядле. Вершнікі аб’яднанай дзяржавы ўражвалі іншаземцаў бязмежнай адвагай, зухаватасцю ды спрытам.

Для сучасных даследчыкаў гісторыі конегадоўлі ў Польшчы праца Чапскага застаецца фундаментальнай, асноўнай крыніцай, да якой і дадаць амаль няма чаго. Паўсюль гэтае выданне з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Тамтэйшыя коннікі пытаюцца адно ў аднаго на інтэрнэт-форумах, дзе б знайсці пачытаць кнігу Чапскага. У нас жа пра яе фактычна ніхто не ведае, а конная тэма ў айчыннай гісторыі толькі пачынае распрацоўвацца. Таму мяне апанавала смелая думка: маючы паспяховы досвед перакладу “Гіпікі”, перакласці і выдаць “Усеагульную гісторыю каня” — менавіта другі том, найбольш для нас цікавы. (Усяго пад гэтай назвай у Чапскага выйшлі тры тамы, а таксама Атлас да іх з малюнкамі коней розных парод паводле гравюр самога аўтара.)

Перш чым распачаць вялізную літаратурную працу, захапляльную, як гістарычная прыгода, хацелася б ведаць: ці знойдзе ў нас гэтая кніга сваіх чытачоў? Ці будзе мець попыт? Мяркую, што на яе старонках тоіцца нямала сюрпрызаў для беларускіх гісторыкаў. Матэрыялы кнігі маглі б дадаць жывінкі выступленням рэканструктарскіх конных клубаў. І, канешне ж, гэта займальнае чытанне для ўсіх, хто любіць коней і хоча як мага больш ведаць пра іх. Чакаю водгукаў ды прапаноў ад зацікаўленых на адрас рэдакцыі “К”!