“Я і сам “атруціўся” Інтэрнэтам...”

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Юозас БУДРАЙЦІС, народны артыст Літвы, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва
У часы маёй маладосці газеты, тэлебачанне задаваліся пытаннем: “Што значыць быць культурным чалавекам?”. Існаваў нейкі “джэнтльменскі набор”, згодна з якім савецкі чалавек 1960-х павінен быў чытаць пэўных празаікаў, ведаць вершы канкрэтных паэтаў, хадзіць на тыя або іншыя фільмы, наведваць вызначаныя тэатры, больш-менш разбірацца ў імпрэсіянізме, і г.д.

/i/content/pi/cult/496/10628/4-1.jpgУсё гэта правільна, калі чалавек лічыў сябе сучаснікам эпохі. (Як кажуць сёння, “трэба быць у трэндзе”.) І не абавязкова, каб пры гэтым чалавек меў вышэйшую адукацыю, адпаведныя карані, спецыфічнае выхаванне. Галоўнае — наколькі ён хацеў самаразвівацца. Ягоная цяга да спазнання свету, да самаўдасканалення — вось што павінна заўсёды рухаць чалавекам.

Зараз да таго набору — кнігі, кіно, творы жывапісу — многія дадаюць і ўменне карыстацца Інтэрнэтам. Я сам ужо “атруціўся” сацыяльнымі сеткамі, не ўяўляю сабе жыцця без іх. Атрымліваю такім чынам інфармацыю, маю зносіны. Віртуальна я збліжаюся з рознымі людзьмі. З іншага боку, гэта аддзяляе нас адно ад аднаго ў рэальным жыцці. Сустрэчы наяве часам праходзяць нават неяк дзіўна, нібыта ўжо ў Сеціве усё перагаварылі… Вядома, без сацсетак цяпер нікуды, але лепшыя “сацыяльныя сеткі” былі... тады, яшчэ ў Савецкім Саюзе, калі можна было паціснуць руку жывому чалавеку, спытаць у яго, як справы, пасядзець за кубачкам кавы, а пасля шматмесячных здымак — развітацца: “Ну, да наступнага фільма!..”

Але было б вялікім перабольшаннем лічыць, што той, хто да Інтэрнэту ставіцца спакойна, а то і зусім імкнецца ігнараваць яго, неяк адстае ў сваім культурным развіцці. Так, дзякуючы Інтэрнэту ты можаш, не выходзячы з дому, наведаць выбітныя музеі свету, пабываць на выстаўках, папрысутнічаць на прэм’еры кінастужкі, а значыць — папоўніць уласны інтэлектуальны багаж. Але “абмен поглядамі” з Джакондай непасрэдна ў Луўры прынясе больш эмоцый і задавальнення, чым узаемапранікненне ў сетцы…

Наогул, культура постсавецкіх краін сёння, на мой погляд, пачынае адыходзіць ад шоку 1990-х. У тыя гады чалавеку было не да культуры, і культуры — не да чалавека: яна таксама выжывала. Час быў у нечым страшны, але, на мой погляд, калі ўжо так здарылася, то змены і мусілі стаць рэзкімі ды кардынальнымі, а не расцягвацца на гады.

Сёння я бачу на прыкладзе Літвы, што змены ў лепшы бок адбыліся са звычайнымі людзьмі і ў іншых сферах. Культура — гэта ж не толькі здабыткi краіны, чалавецтва ў цэлым, гэта і асоба. Мне здаецца, павысілася свядомасць людзей на побытавым узроўні. Вось я іду па парку і бачу, што ліхтары — цэлыя, ніхто іх не б’е. І дзяржава ў галіне культуры думае пра чалавека. У нас будуюцца бібліятэкі, нават у невялікіх гарадках адкрываюцца культурныя цэнтры, укараняюцца адукацыйныя праграмы… Яшчэ пяць-шэсць гадоў таму цяжка было сабе ўявіць, што Літва зробіць вялізны крок у гэтым кірунку. Тагачаснае грамадства і сённяшняе адрозніваюцца абсалютна! Я памятаю лядашчыя дамы культуры, старыя кінатэатры, якія проста нельга было аднаўляць, бо ў XXI стагоддзе не ўвойдзеш са старымі тэхналогіямі...

Я гляджу на нашу моладзь, і душа радуецца, якая яна адукаваная, прыгожая. Засмучае толькі тое, што з краіны ў пошуках заробкаў, лепшай долі з’язджае шмат людзей, якія “ўбудоўваюцца” і ў замежную культуру. Ёсць надзея, што частка з іх вернецца — з новымі ведамі, з новым досведам, і скарыстае гэта ўсё на карысць Радзімы. Інакш мы можам застацца глухой правінцыяй, дзе наканавана дажываць свой тэрмін нам — старым, якім і пенсію ніхто не зможа забяспечыць. Спадзяюся, што да гэтага ўсё ж не дойдзе...

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"