Школьная навука

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Фёдар КЛІМЧУК, кандыдат філалагічных навук, дыялектолаг:
— Школьную навуку я спасцігаў спачатку ў родных Сіманавічах, пасля — у Вульцы Сіманавіцкай, а потым ужо і ў Драгічыне. Вясковая дзятва тады размаўляла толькі на той гаворцы, якую чула ў хаце. І мяне ўжо тады, у школьныя гады, зацікавіла тое, што ў розных паселішчах Драгічыншчыны размаўляюць па-рознаму. З таго часу я і пачаў цікавіцца народнай культурай, гаворкамі, фальклорам… Запісваў песні ад сваёй матулі, ад вяскоўцаў…

І ў той жа школе, у дзявятым класе, здарыўся адзін выпадак, які помніцца мне дасюль: настаўніца распавядала нам пра прыгажосць рускіх былін, пра іх вобразнасць ды сімвалічнасць… І ў той жа час не надта паважліва ставілася да нашай дыялектнай гаворкі, кажучы, што ўсе гэтыя “простамоўі” — нешта нізкага гатунку, тое, што хутка адыдзе назаўжды… Хаця нашы палескія, беларускія песні на дыялектнай мове — напрыклад, вясельныя ці звязаныя з каляндарнай абраднасцю, — не менш вобразныя і паэтычныя… Той выпадак прымусіў мяне яшчэ больш увагі звярнуць на народную культуру і мову. Я пачаў ездзіць у навакольныя вёскі ды запісваць там песні, занатоўваць адметныя словы, распытваць пра мінулае ў старых бабуль і дзядуль… Бо не хацеў, каб усё гэта незваротна знікла…

Працягваліся гэтыя паездкі і тады, калі я вучыўся на гістарычным аддзяленні ў Пінскім настаўніцкім інстытуце, і пасля, калі выкладаў у адной са школ Столінскага раёна... А пасля я напісаў ліст у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук, пытаючыся, што гэта за такія палескія гаворкі і ці суадносяцца яны з нейкімі гістарычнымі плямёнамі, якія даўней насялялі гэтыя землі. На той ліст мне адказала тагачасны загадчык сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства, знакаміты вучоны Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч. Яна вельмі мной зацікавілася і прапанавала паспрабаваць свае сілы на дыялектнай ніве… Даслала мне некалькі праграм ды інструкцый для збору лексікі народных гаворак — і так я пачаў свой шлях у навуку…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"