Сакрэты “Чытай-Горада”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Шэсць гадзін запар — па кніжніцах
У той самы момант, калі чытач “К” гартае свежы суботні нумар газеты, у Мінску праходзіць гульня “Чытай-Горад”. А напярэдадні мерапрыемства мы паспрабавалі раскрыць некаторыя яго сакрэты ў ягоных арганізатараў — маладых і крэатыўных галоўнага бібліёграфа Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгі ВОЎК (В.В.) і яе калегі — вядучага бібліятэкара той жа ўстановы Вікторыі ХОМІЧ (В.Х.), а таксама іх сябра — заснавальніка праекта “Отрыв.by” Аляксея ПАРАСЯЦЬЕВА (А.П.).

/i/content/pi/cult/496/10626/13-1.jpg

Вольга ВОЎК, галоўны бібліёграф Навуковай бібліятэкі БНТУ

/i/content/pi/cult/496/10626/13-2.jpg /i/content/pi/cult/496/10626/13-3.jpg

Аляксей ПАРАСЯЦЬЕЎ, арганізатар праекта; Вікторыя ХОМІЧ, вядучы бібліятэкар Навуковай бібліятэкі БНТУ

А.П.: — Сёння мы ладзім гарадскую гульню. Для таго, каб стаць яе ўдзельнікам, трэба прыйсці на першую кропку ля Нацыянальнай бібліятэкі, зарэгістравацца і разбіцца на маленькія каманды. Можна гуляць пешшу, можна — на веласіпедзе. Кожная група атрымлівае спіс заданняў і месцаў, дзе іх трэба выканаць. Вынікі неабходна фіксаваць у спецыяльных картках. Сутнасць падзеі ў тым, што яна наўпрост звязана з бібліятэкамі горада Мінска. Тэматычнымі стануць і кропкі-станцыі “Чытай-Горада”. Пераможцам акажацца той, хто выканае больш заданняў за шэсць гадзін.

— Удзельнікі маюць права выкарыстоўваць іншы транспарт, акрамя веласіпеда?

А.П.: — Так, яны могуць перамяшчацца на метро, таму што нашы аб’екты знаходзяцца на прыстойнай адлегласці адно ад аднаго.

— Ваша гульня прысвечана Дню бібліятэк нашай краіны (15 верасня) і агульнаеўрапейскаму Тыдню мабільнасці. Калі першая дата лагічна звязана з гульнёй, то накшталт другой “спасылкі”, відаць, трэба ўнесці ўдакладненні…

А.П.: — Гэта так званае зялёнае свята. Свядомыя гараджане разумеюць, што іхняе месца жыхарства застаўлена аўтамабілямі. Гэтыя людзі прапаноўваюць усім перасесці на веласіпед ці грамадскі транспарт, бо адзін аўтобус можа адначасова падвезці каля пяцідзесяці чалавек. А ўявіце сабе ў адным месцы пяцьдзясят аўтамабіляў? У многіх гарадах свету так разважаюць.

— А як лічыце, наш горад здольны прыняць столькі веласіпедыстаў-энтузіястаў адначасова?

А.П.: — Пакуль што не, але можна зрабіць комплексныя крокі, каб гэта атрымалася. Я кажу пра сетку захоўвання для веласіпедаў (як дома, так і ў дварах), веладарожкі, ну і, канешне ж, пра душы ў офісах, каб можна было хутка прывесці сябе ў парадак. Такімі здабыткамі можа пахваліцца Капенгаген, напрыклад.

— Але вернемся да гульні “Чытай-Горад”. Хто з’яўляецца арганізатарам і натхняльнікам мерапрыемства?

В.Х.: — Самі спаборніцтвы ладзяцца ўжо шмат гадоў і не па адным разе цягам сезона, але яшчэ ніколі яны не былі звязаны непасрэдна з бібліятэкамі. Адна наша знаёмая, супрацоўнік бібліятэкі, аднойчы трапіла на гульню падобнага кшталту. Ёй так спадабалася, што мы вырашылі прысвяціць падобныя спаборніцтвы і справе нашага жыцця. Нам вельмі хочацца давесці мінчанам, што бібліятэка — гэта цікавае месца, прычым кожная з іх — унікальная, разнастайная, карысная. Так мы “выйшлі” на Аляксея, а ён з радасцю падхапіў ідэю.

— Калі не сакрэт, хто вашы спонсары?

А.П.: — Наш праект самафінансуецца. Удзел у ім каштуе грошай, але гэта — зусім даступна. Мы арыентуемся на кошт білета ў кінатэатр.

— Чаму менавіта такая формула: кніга і веласіпед?

В.Х. (усміхаецца): — Разумны той, хто чытае і падтрымлівае здаровы лад жыцця!

А.П.: — Мы супрацоўнічаем менавіта з бібліятэкамі, а не з кніжнымі крамамі, таму што гэта цудоўна спалучаецца з экалагічнай тэмай. Чытаць кнігі ў бібліятэках — экалагічна свядома. Ты бярэш кнігу і не збіраеш у сваім доме макулатуру, тым самым ратуючы дрэвы. Буккросінг на гэтай філасофіі і базуецца. Яго мы таксама закранём у нашай гульні: абмен кнігамі, пусканне іх у “вольнае плаванне”… Таму для многіх людзей чытанне электронных ці бібліятэчных кніг ды катанне на веласіпедзе выдатна спалучаюцца.

— Колькі чакаеце каманд у суботу? Хто можа стаць удзельнікам гульні “Чытай-Горад”? І якія патрабаванні прад’яўляеце да апошніх?

А.П.: — Мы прымаем заяўкі на сайце, каб быць падрыхтаванымі. На дадзены момант арыентуемся на 400 чалавек. А гэта азначае, што гульня атрымаецца, бо гэта больш за 150 каманд. Адзіная ўмова: непаўналетнія (да 16 гадоў) павінны ўдзельнічаць разам з бацькамі і не на веласіпедзе, з меркаванняў бяспекі. У нас ужо ёсць сямейныя каманды, маюцца і “ўзроставыя”. Прыедуць таксама і знаёмыя з іншых гарадоў, скажам, з Масквы, Санкт-Пецярбурга.

— Якія месцы будуць чакаць удзельнікаў, калі не сакрэт?

В.Х.: — Мы стараліся выбраць незвычайныя бібліятэкі: бібліятэка для сляпых, Нотна-музычная бібліятэка, а ў Медыцынскай маецца цудоўны, але малавядомы музей. Дзіцячая бібліятэка з Карлсанам на даху, Нацыянальная, бібліятэкі БНТУ і БДУ... Карацей, розныя ўстановы: універсальныя, публічныя, навуковыя... Мы стараліся прадэманстраваць людзям: бібліятэчны свет — шырокі…

 — Прызнайцеся, падхапілі ідэю ў замежжы?

В.Х.: — Сведчанняў аб правядзенні актыўных гульняў па бібліятэчнай тэматыцы мы ў Інтэрнэце не знайшлі.

В.В.: — Нешта падобнае зараз плануе правесці Масква...

— Адна з задач мерапрыемства “Чытай-Горад” — прадэманстраваць, што сучасны беларускі бібліятэкар з’яўляецца актыўным і прагрэсіўным?

В.Х.: — Так! Маладым, свядомым! Самае галоўнае — даказаць, што бібліятэкі — адкрытая прастора, што гэта не старая і зжытая з’ява. Мы імкнёмся, каб яны атрымалі другое дыханне.

— Але “Чытай-Горад” — не адзінае мерапрыемства на 20 верасня?

В.В.: — Так. Мы плануем адкрыццё першай у краіне міні-бібліятэкі пад адкрытым небам. Гэта вынік сусветнага руху “Little free library” — дзясяткі тысяч такіх маленькіх “скрынак” па ўсёй планеце. Кожны з іх мае свой нумар і зарэгістраваны ў сусветнай базе. Па сутнасці, перад намі — буккросінг: узяў любую кнігу, прачытаў, вярнуў на месца ці перадаў іншаму. Пажадана папаўняць калекцыю і сваімі кнігамі.

Яна зойме месца на тэрыторыі БНТУ, спадзяюся, студэнты будуць яе даглядаць. Але карыстацца “скрынкай” можа кожны, як і любой іншай кропкай буккросінгу, якіх, дарэчы, у Мінску хапае.

— Чула, што ў вас грандыёзныя планы на адкрыццё бібліятэкі?

В.В.: — Так, да нас а 14-й гадзіне прыйдуць пісьменнікі Міхаіл Валодзін, Людміла Рублеўская, Андрэй Жвалеўскі, Яўген Пастэрнак, Тамара Лісіцкая ды Ігар Палякоў. Мы хацелі б, каб яны і запусцілі марафон кнігаабмену, пакінуўшы аўтографы на ўласных кнігах, якія яны падораць міні-бібліятэцы.

— Як вы лічыце, праект не “перагарыць” надта хутка?

А.П.: — Вядома, яго неабходна падтрымліваць: запрашаць медыя-персон, мець зносіны з людзьмі, каб ідэя міні-бібліятэк была на слыху.

— Ці збіраецеся адкрываць падобныя бібліятэкі і надалей?

В.В.: — Хацелі б на тэрыторыі БНТУ, а менавіта — ва ўніверсітэцкай бібліятэцы, стварыць “гучную залу”, дзе можна будзе размаўляць па тэлефоне, піць каву, весці дэбаты, рыхтаваць сумесныя праекты, звязаныя з навучаннем. Там будзе і дастаткова месца, і Wi-Fi, і дазвол размаўляць на поўны голас, спрачацца, нешта абмяркоўваць. У гэтай зале мы і плануем “пабудаваць” другую хатку міні-бібліятэкі.

— Адкажыце мне як людзі, непасрэдна звязаныя з кнігай: нашу нацыю ўвогуле можна лічыць нацыяй кнігі?

В.В.: — Беларусь і Расія — адны з найбольш чытаючых краін. Увогуле, няпраўда, калі кажуць, што дзеці і дарослыя цяпер не чытаюць. Так, змяняецца фармат чытання, структура, сама літаратура. І, як вынік, мусіць змяняцца і сістэма прыцягнення да чытання. Такія мерапрыемствы, якія пройдуць 20 верасня ў Мінску, даюць правільную рэкламу кнізе.

Аліна САЎЧАНКА

Фота аўтара

 

Кажа эксперт

Тамара ДАНІЛЮК, дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага:

— Вельмі станоўча стаўлюся да ўсіх акцый, што лабіруюць інтарэсы нашых бібліятэк, прапагандуюць іх шырокія магчымасці, пацвярджаюць эрудзіраванасць бібліятэкараў. Галоўнае, каб на такія мерапрыемствы людзей не заганялі пад прымусам. Каб не нашкодзіць справе, неабходна патэнцыйнага чытача зацікавіць — кідка і нестандартна.

Брэсцкая гарадская бібліятэчная сістэма імя А.С. Пушкіна ладзіць праект “Бульвар, які чытае”. Пад адкрытым небам можна і з новай кніжкай пазнаёміцца, і з бібліятэкарам параіцца, і пачытаць свае вершы ў атачэнні пісьменнікаў. Усё праходзіць нязмушана, весела, нефармальна!..

 

Хэдлайн рэгіёна

Пайсці ў народ…

Днямі гарадская бібліятэкарка прызналася, што страшна было пры рэалізацыі ўласнага праекта ўзняцца на сцэну вялікай кінаканцэртнай залы… Першы крок рабіць заўжды складана. Але вы адчуваеце па публікацыях “К”, што ў гарадах і райцэнтрах нашы бібліятэкары ўслед за першым крокам зрабілі ўжо другі, трэці, чацвёрты…

На старонках нашай газеты з’явілася надзвычай шмат смелых, яркіх, нестандартных і карысных артыкулаў, аўтарства пазаштатнікаў — бібліятэкараў са сталіцы, абласных і раённых цэнтраў. Чытачы не маглі гэтага не заўважыць. А раней было незразумелае маўчанне… Значыць, нешта зрушылася, змянілася. Прафесіяналы згадалі, што яны прафесіяналы. І вось гэты “бібліятэчны” разварот “К” — таксама не выпадковасць. Гэта вынік, так бы мовіць, актыўнай неабыякавасці.

За гарады ды райцэнтры не хвалююся. Трывогу выклікае вёска. Сельскім цяпер не да велапрабегаў і бібліяарыентавання. Чаму? Хто не разумее, пачытайце на 12-й старонцы маналог начальніка аддзела з Валожына.

Як падтрымаць сельскіх калег? Спадзеў толькі на вас, бібліятэкары гарадоў і райцэнтраў. Скіруйце свае праекты на кансалідацыю з сялом, падтрымайце сваіх таварышаў цікавай захапляльнай акцыяй ды добрым словам. Калі сталічны бібліятэкар са сталічным чытачом і сталічным пісьменнікам завітае ў вёску, яна адчуе, што камусьці яшчэ патрэбная…

Словам, час пайсці ў народ. У вясковы.

Яўген РАГІН

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"