“Бібліятэка што ровар...”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Праект, які яднае чытачоў і не толькі
"Бібліятэка што ровар: калі спыніцца — паваліцца". Гэтыя словы аднаго з арганізатараў праекта “Cycling for Libraries” (“Веласпорт для бібліятэк”) — Каці Шкляр з Фінляндыі з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам бібліятэчных велапрабегаў, адзін з якіх у рамках дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі прайшоў на Барысаўшчыне.

/i/content/pi/cult/496/10624/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/496/10624/12-4.jpg

/i/content/pi/cult/496/10624/12-5.jpg

Старт

13 — 14 верасня, напярэдадні Дня бібліятэк, група бібліятэкараў ды чытачоў Мінска і Барысава выправілася ў велавандроўку “На ровары па бібліятэках”. Пятнаццаць чалавек за два дні акцыі праехалі больш за сотню кіламетраў. Узрост вандроўнікаў: ад 11 месяцаў (Янік — сын ідэйнай натхняльніцы акцыі, галоўнага бібліёграфа Нацыянальнай бібліятэкі Настассі Жарскай) да 59 гадоў (Джон Росман — дырэктар фонду “Экалагічны транспарт”).

Асветніцтва

Першымі нас сустрэлі супрацоўнікі сельскай бібліятэкі вёскі Вялікая Ухалода. Супрацоўнікі ўстановы Надзея Мацюшонак і Алена Бабіцкая распавялі пра сваю асветніцкую дзейнасць — акцыі праграм і праекты, што прысвечаны духоўнаму адраджэнню, патрыятычнаму выхаванню, дэмаграфічнай бяспецы. Прыемным сюрпрызам для ўсіх сталася газета “Культура”, свежы нумар якой з анонсам велапрабегу заняў месца на кніжнай выстаўцы “Захавальніца мудрасці — бібліятэка”.

Літаратура

Другі пункт — інтэграваная бібліятэка вёскі Мётча. Хлебам-соллю віталі калег і чытачоў бібліятэкары Валянціна Безручонак і Любоў Лайкова. Мы агледзелі ўстанову і ўнікальны музей “Літаратурны космас Мётчы”. Паэтычную экскурсію правёў педагог Уладзімір Лайкоў.

Традыцыя

Першы дзень ваяжу завяршыўся ў Бібліятэцы-музеі народнай творчасці і побыту вёскі Лявонава. Традыцыйны каравай паднесла гасцям гаспадыня ўстановы Марыя Несцяровіч. А ўдзельніцы клуба чалавека сталага веку “Субацея” запрасілі нас наведаць незвычайныя майстар-класы. Гараджане ў выніку змаглі азнаёміцца з традыцыйнымі мясцовымі рамёствамі: ткацтвам, прадзеннем, вышыўкай, вязаннем. Велавандроўнікі з задавальненнем паспрабавалі асвоіць ігру на гармоніку і паўдзельнічалі ў выкананні танца падэспань.

Вера

Пачатак другога дня прайшоў пад уражаннем ад знаёмства не толькі з бібліятэкарамі, але і са святарамі. Мы вярталіся ў Барысаў і сустрэлі настаяцеля храма Святога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Вялікая Ухалода, протаіерэя Аляксандра. Мікалай Цудатворац аберагае ў дарозе, таму айцец Аляксандр саслужыў для вандроўнікаў малебен, асвяціўшы іх ровары.

Пераемнасць

Далей па карце маршруту мы трапілі ў Барысаўскую цэнтральную раённую бібліятэку імя І.Х. Каладзеева. Яна гасцей уразіла. У Краязнаўчым цэнтры ўдзельнікі велапрабегу азнаёміліся з гісторыяй жыцця Івана Хрысанфавіча Каладзеева, чыё імя ўстанова носіць з 2008 года. У Духоўна-асветніцкім цэнтры ўсе звярнулі ўвагу на інтэрактыўную экспазіцыю “Асветнікі зямлі беларускай”, даведаліся пра работу з рознымі групамі чытачоў.

Яркае ўражанне пакінула зала літаратуры на замежных мовах. Кнігі ў 3D-фармаце, яркія ілюстрацыі, незвычайныя формы выданняў падабаюцца як дзецям, так і дарослым.

Фініш

Потым нас чакала экскурсія па Доме-сядзібе І.Х. Каладзеева… Час падвесці вынікі. Так, цягам двух дзён атмасфера велапрабегу была нефармальнай. Але гэта не замінала нам абмяркоўваць самыя надзённыя клопаты сучаснай бібліятэчнай справы. Да прыкладу, гаворка ішла пра павышэнне прэстыжу прафесіі, пра неабходнасць актыўнай праектнай дзейнасці і вучобу кадраў…. Мэта вандроўкі-экскурсіі — падтрымка адзінства бібліятэкараў і чытачоў рэспублікі, напамін пра надзвычай важную ролю, што адыгрываюць нашы ўстановы ў жыцці грамадства, у навуцы ды адукацыі. А выкарыстанне ровара ў якасці сродку перамяшчэння падтрымлівае экалогію, прапагандуе здаровы лад жыцця. Усе гэтыя пытанні ўваходзяць у кола абавязкаў бібліятэкара.

Велапрабег завяршыўся. Але фініш пэўнай часткі доўгатэрміновага праекта заўжды папярэднічае чарговаму старту…

Алена КАПЫТОК, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева