За пяць хвілін — пра "Пять минут"

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Аршанскае маленства кінасцэнарыста
Сёлета Барысу Ласкіну — савецкаму кінасцэнарысту, паэту, празаіку, аўтару сцэнарыя стужкі “Карнавальная ноч” — споўнілася б 100 гадоў. Нарадзіўся ж ён у Оршы — у 1914-м. Першая сусветная свінцовым дажджом прайшла над ягоным дзяцінствам… Нібыта было патрэбна, каб у гэты складаны час на свет з’явіўся вясёлы чалавек, са здаровым пачуццём гумару, які “арганізоўваў” бы вольны час усёй вялікай дзяржавы…

/i/content/pi/cult/496/10621/14-1.jpg

Па краіне разляцелася вясёлая песня пра “пять минут”, якую спяваюць да нашага часу. А далей быў фільм “Дзяўчына з гітарай” з дэбютнай роляй Юрыя Нікуліна, “Не май сто рублёў”, “Дайце кнігу скаргаў” — усяго каля дваццаці кінасцэнарыяў. Самымі вядомымі песнямі сталі “Спяць курганы цёмныя”, “Тры танкісты”, песня ваеннага шафёра “Эх, путь-дорожка фронтовая…”. Сярод выканаўцаў твораў Ласкіна гучаць імёны Алісы Фрэйндліх, Леаніда Уцёсава, Людмілы Гурчанка, Іосіфа Кабзона, Льва Лешчанкі. Першы зборнік “Песні” выйшаў у 1943 годзе ў Ташкенце, далей свет пабачылі кнігі гумарыстычных апавяданняў. Яго творы друкаваліся ў часопісах “Смена”, “Крокодил”, “Огонёк”.

З успамінаў старэйшага брата: “…Ласкіны жылі ў Оршы, як кажуць, спаконвеку. Вядома, што прадзед Барыса ў пачатку ХІХ стагоддзя быў аканомам у маёнтку Сіпайлы і лічыўся заўзятым шахматыстам…” Бацька — Савелій Майсеевіч Ласкін, — па спецыяльнасці дантыст, памёр у 1919-м вельмі маладым: яму было ўсяго 37 гадоў. Маці — Роза Саламонаўна Ласкіна, — народжаная Бяссмертная, скончыла гімназію з залатым медалём. Засталася ўдавой у 32 гады. Працавала ў рэдакцыі газеты “Набат”, пасля — у друкарні газеты “Правда”.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у доме, які сям’я здымала на былой Зялёнай вуліцы (будынак гэты не захаваўся). Дзяцей у сям'і было двое. З дзяцінства Барыс вылучаўся творчымі здольнасцямі. У шэсць-сем гадоў пачаў хутка рыфмаваць словы і складаць двухрадкоўі, нават прыпеўкі. У 1919 годзе яны пераехалі ў невялікі дом № 7 па Мінскай вуліцы. Бацькоўская хата ацалела пад час вайны, хоць навокал усё было спалена. Толькі ў 2008-м дом Ласкіных у Оршы разабралі…

У 1922 годзе маці з сынамі перабралася ў Маскву і пасялілася ў доме на Таганцы каля Чырвонахолмскага маста (Народная вуліца, 22; цяпер дом разбураны). Атрымаўшы адукацыю бібліятэкара, у першыя гады пасля навучання Ласкін быў накіраваны разам з іншымі студэнтамі ў вёскі Тульскай губерні — для дапамогі ў адкрыцці бібліятэк ды стварэнні гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці. З 1932-га пачаў працаваць у кіно, што стала справай яго жыцця. Пад час вайны працаваў ваенным карэспандэнтам, пісаў для франтавых газет і тэатраў. Па ўспамінах самога Барыса, ён любіў людзей з пачуццём гумару, вучыўся ў іх уменню пераадольваць цяжкасці ды захоўваць добры настрой… Стаўшы філосафам чалавечай душы, ён часта прамаўляў: “Юпітар, ты злуешся — значыць, ты не маеш рацыю! Ніколі не смяецца той, хто абражаны…”

Фонды Абласнога краязнаўчага музея захавалі нам добрую памяць пра пісьменніка-земляка. Сярод кніг, фотаздымкаў, успамінаў, рукапісаў вылучаюцца яго асабістыя рэчы: акуляры, партсігар, запальнічка ў выглядзе аўтамабіля, ручка. Яны яшчэ так шмат могуць паведаміць пра свайго гаспадара…

Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея