Тайна трох пакояў і рэцэпты “галерэйнасці”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Таццяна БЕМБЕЛЬ, мастацтвазнаўца, сябра беларускага выканкама ІКОМ
У рэгіёнах Беларусі назіраю вельмі станоўчую тэндэнцыю — з’яўленне лакальных галерэйных прастор і выставачных залаў. І не толькі дзяржаўнага падпарадкавання, што радуе. Але ж, незалежна ад юрыдычнага статуса і формы ўласнасці, часцяком яны пакідаюць уражанне проста двух-трох пакояў, дзе развешаны карціны. А ці ёсць рэцэпты ператварэння такіх пакояў у галерэю?

/i/content/pi/cult/496/10618/5-1.jpgАдным з галоўных пунктаў у працэсе нараджэння новых галерэй для мяне становіцца вось якое пытанне: а хто вырашае, што патрэбна будучай галерэі ў плане матэрыяльна-тэхнічным і ўласна экспазіцыйным? Дырэктар? А калі ён не мае адпаведнай практыкі? Калі ён, па сутнасці, — проста загадчык гаспадаркі? А ці ёсць кваліфікаваны нават не тое, што галерыст, хаця б музейшчык у штаце? Калі няма, дык выкананне пастаўленай задачы ідзе, аднак — без разумення таго, як зрабіць вынік на выхадзе грунтоўным. Такі падыход насцярожвае праз сваю пашыранасць, стварае кепскі стандарт.

Выйсце для тых, хто разумее сваю недакампетэнтнасць, — працаваць з самага пачатку з прафесійным дызайнерам-экспазіцыянерам, які мае досвед пабудовы музейнай прасторы. Адна мая знаёмая дызайнерка з падобным профілем спецыялізацыі прыводзіла прыклад, што на выстаўцы, “адбудаванай” спецыялістам, наведвальнасць расце ў разы, а людзі не жадаюць сыходзіць з залаў. Сакрэт — у візуальных, псіхалагічных, колеравых акцэнтах, што ўлічваюць асаблівасці ўспрымання розных катэгорый публікі. Музейшчыкі ж пры пабудове экспазіцый ды выставак часцей за ўсё бяруць за аснову інфармацыйную плынь, таму нярэдка, далёка не напрыканцы прагляду, узнікае “перагрузка” інфармацыяй: стэнды, дробны шрыфт, а ў паўсядзённай візуальнай інфармацыі нашу ўвагу канцэнтруюць і без нашага ўдзелу на тое, што важна, скажам, тыя ж рэкламадаўцы. Таму ў музеях-галерэях мы так хутка стамляемся, спажываючы канцэнтраваныя культурныя ці гістарычныя звесткі.

Варыянт супрацы з дызайнерам запатрабуе пэўных укладанняў, бо і прафесіяналы — адзінкавыя. Тым, хто не гатовы яшчэ “ўкласці, каб атрымаць”, варта скарыстаць хаця б стандарты галерэйна-музейнай прасторы, адным з пастулатаў якіх з’яўляецца незаўважнасць элементаў інтэр’ера — усяго, што будзе адцягваць увагу. Прасцей кажучы, белых сцен ды падлогі з некалькімі свяцільнямі дастаткова для дасягнення пажаданага эфекту ад твораў мастацтва. Мінімізуйце дэталі, пастарайцеся пазбавіцца радыятараў, “прыгожага” дэдэрону, вазонаў, дываноў, не рабіце дэкор столі! Урэшце, вы ствараеце галерэю, а не ўпрыгожваеце залу для масавых мерапрыемстваў культурнага характару. У апошнім выпадку асвойванне грошай на пералічаныя прадметы больш зразумелае, а прэзентацыя мастацтва і сапраўды не стане асновай. А як, з іншага боку, палепшыць сваю матбазу ці атрымаць неабходныя для працы прадметы? Для музеяў, галерэй будзе праблемай нават перададзеныя ў дар рэчы паставіць на баланс, з чым я сутыкалася неаднойчы пад час працы дырэктарам галерэі…

Але вернемся да адчування “галерэйнасці” ва ўстанове з шыльдай “Галерэя”. Яшчэ варыянты працы над прасторай? Сусветная практыка сведчыць, скажам, пра тэндэнцыю працы са святлом. Апошняе ж зможа “прыкрыць” шэраг недахопаў прасторы ці, наадварот, высветліць неабходнае. Урэшце, той жа Брэйгель або так званыя малыя галандцы прачытваліся наадварот ледзь не ў прыцемках — пры мінімуме не толькі натуральнага, але і любога асвятлення. Чаму б не скарыстацца досведам, не вярнуцца на пару-тройку соцень гадоў у мінулае? Рэжысура скіраванага святла можа зрабіць цуд з прасторай! Але, зноў жа, патрэбен спецыяліст-мастак, спецыяліст-сцэнограф па сваёй сутнасці. А дзе яго ўзяць?

Зараз шырока выкарыстоўваюцца іншыя PR-хады: пашырыць сферу свайго ўплыву на патэнцыйную публіку праз прыгалерэйныя структуры — кавярні, бары, нават проста столікі ля кавамашыны — атрымаецца, відаць, куды прасцей. Справа толькі ў тым, ці зробіцца гэтая інфраструктура часткай актыўнай прасторы ўстановы, альбо дастаткова статуса “пад адным дахам”, але ў розных пакоях. У галерэйна-музейнай кавярні можна ладзіць шмат актыўнасцяў (прагляды кіно, пасяджэнні дыскусійных клубаў, танга-вечарыны і г.д.). Галоўнае тут тое, што глядач не проста затрымаецца ў вас, але і вернецца зноў. А дзеля чаго чалавек здольны вярнуцца, калі размова ідзе пра нематэрыяльныя каштоўнасці? Што з’яўляецца абсалютным дэфіцытам для яго ў час татальнай глабалізацыі? Тое ж, што дзве тысячы гадоў таму: кропля любові. Астатняе — справа таленту і тэхнікі. Да ўсяго, далучыце і свой канкрэтны рэцэпт да вырашэння глабальнай праблемы таго, як затрымаць публіку ў сваіх сценах.