Прастора і для шэдэўраў беларускай графікі

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці:
— З даўніх часоў мастацтва гравюры самым цесным чынам звязана з кніжнай культурай. Найлепшыя графікі былі, звычайна, таленавітымі мастакамі-ілюстратарамі кніг. Таму гонарам для многіх бібліятэк свету з’яўляюцца зборы мастацкіх графічных твораў — ці то ў выглядзе тыражных выданняў — гравюр, ці то ў якасці арыгінальных графічных работ.

/i/content/pi/cult/496/10613/2-2.jpg

Ёсць чым пахваліцца і Нацыянальнай бібліятэцы. Таму не дзіва, што ў яе чытачоў, а таксама прафесіяналаў-графікаў ды іх вучняў існуе сталая цікавасць да калекцый графікі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы.

У сувязі з гэтым для мяне не стала нечаканасцю адпаведнае зацікаўленне з боку знакамітай мастакоўскай дынастыі Паплаўскіх. Напрыканцы мінулага года ў адной з мінскіх галерэй мы разгаварыліся з Георгіем Георгіевічам, Наталляй Мікалаеўнай і Кацярынай Георгіеўнай Паплаўскімі пра зборы графічных работ у фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Размова перайшла ў абяцанне прадэманстраваць знакамітым беларускім творцам нашы зборы графікі, а таксама асаблівасці іх захоўвання ды бібліяграфічнага апісання, абслугоўвання імі чытачоў і выкарыстання іх пад час мастацкіх ды кніжных выставак.

Такая сустрэча адбылася на пачатку бягучага года. Яна мела прынцыповае значэнне для далейшага супрацоўніцтва з шаноўнымі беларускімі творцамі. У мяне склалася ўражанне, што калекцыі беларускіх старадрукаў, упрыгожаных шматлікімі гравюрамі, зборы дрэварытаў, літаграфій, афортаў ды іншых гравюр беларускіх мастакоў (напрыклад, Напалеона Орды), а таксама шматлікіх твораў заходнееўрапейскіх графікаў зрабілі вельмі станоўчае ўздзеянне на нашых гасцей. Доказам таму — перадача ў зборы НББ некалькіх серый выдатных графічных работ. Гэта ілюстрацыі Георгія Георгіевіча Паплаўскага да твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, выкананыя ў тэхніцы афорта, аўталітаграфіі да аповесцяў Васіля Быкава, а таксама ілюстрацыі Наталлі Мікалаеўны Паплаўскай да першага ілюстраванага выдання рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, па-майстэрску выкананыя ў тэхніцы лінагравюры (гэта была яе дыпломная работа 1964 года). Пра мастацкую значнасць дадзеных твораў казаць можна вельмі доўга, але мне як бібліятэкару важнай падалася яшчэ і іх сувязь з шэдэўрамі беларускай літаратуры.

Па словах Паплаўскіх, прычынай такога шыкоўнага падарунка стала не толькі багацце збораў НББ ды цудоўныя ўмовы захоўвання і экспанавання графікі, але і шэраг пераваг, якія дае менавіта бібліятэка. Па-першае, кожная графічная работа ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць індывідуальную бібліяграфічную апрацоўку і становіцца даступнай для шматаспектнага (у тым ліку тэматычнага) пошуку. Па-другое, пазнаёміцца з пералікам гэтых твораў могуць не толькі супрацоўнікі бібліятэкі, але і чытачы, паколькі пошукавыя сістэмы даступныя кожнаму. Па-трэцяе, графічныя работы не будуць залежвацца ў запасніках, зрэдчас выходзячы на мастацкія выстаўкі, але будуць заўжды адкрытымі для заказу любым чытачом бібліятэкі пры пільным стаўленні супрацоўнікаў да стану іх захоўвання. Такім чынам, творы пасля перадачы становяцца ўсенароднай і шырокадаступнай спадчынай, а не набыткам асобнай установы.

І вось зусім нядаўна гэтая гісторыя атрымала працяг. Пасля шматлікіх сустрэч ды абмеркавання сумесных планаў Наталля Мікалаеўна Паплаўская ініцыявала чарговую перадачу графічных работ у фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэтым разам іх папоўнілі больш як 60 цудоўных твораў, выкананых самой Наталляй Мікалаеўнай, а таксама Георгіем Георгіевічам і Кацярынай Георгіеўнай на працягу апошняга паўстагоддзя, — цэлая эпоха ў гісторыі айчыннага графічнага мастацтва.

Цяпер справай гонару для нас будзе захаваць гэтую спадчыну для наступных пакаленняў, а таксама зрабіць яе яшчэ больш вядомай ды даступнай для нашых сучаснікаў. І такія планы ўжо пачынаюць здзяйсняцца. А пакуль усіх шчыра запрашаю азнаёміцца з сапраўднымі шэдэўрамі беларускай графікі — у бібліятэцы.