Гэта такая работа!

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Першае, з чым абавязкова сутыкаецца чалавек, на якую б працу ён ні ўладкаваўся, — гэта інструктаж, у тым ліку, па пажарнай бяспецы. Як пазбегнуць пажару і як паводзіць сябе на пажары, вучаць дзяцей у школе. У кожнай установе і на кожным прадпрыемстве на бачным месцы знаходзяцца згаданыя вышэй правілы, інструкцыі ды схемы эвакуацыі на выпадак вогненнай бяды. Здавалася б, пры такім шырокім распаўсюджванні сярод насельніцтва карысных ведаў пажары як з’явы павінны адысці ў нябыт і пажарныя каманды за непатрэбнасцю можна было б расфарміраваць. Але ж не… Кожны дзень здараюцца беды, для пераадолення якіх патрэбны спецыяльна абучаныя людзі: прафесійныя ратавальнікі, пажарныя, агняборцы. Нездарма ўсе тэлефонныя даведнікі пачынаюцца з нумара службы выратавання.

/i/content/pi/cult/496/10611/10-10.jpg

Так што і свята агняборцаў выходзіць за межы карпаратыву і нейкім чынам датычыцца нас усіх. 15 верасня карэспандэнт “К” прысутнічаў на святкаванні 75-х угодкаў стварэння аддзела па надзвычайных сітуацыях Савецкага раёна сталіцы. Імпрэза праходзіла ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пажарных, што сабраліся ў зале, віталі першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях, генерал-маёр унутранай службы Васіль Сцепаненка і начальнік сталічнага ўпраўлення, палкоўнік унутранай службы Дзмітрый Бягун. Таксама выступілі прадстаўнікі іншых структур, з якімі ратавальнікі звыкла працуюць у цесным кантакце. Лепшыя супрацоўнікі аддзела атрымалі ўзнагароды. Афіцыйныя прамовы перамяжоўваліся з выступленнямі артыстаў Тэатра песні Ірыны Дарафеевай і ансамбля “Свята”, а таксама кароткімі аповедамі з гісторыі аддзела.

Цікава, што гэты аддзел даў беларускай службе па надзвычайных сітуацыях трох генералаў. А сама ягоная гісторыя — частка гісторыі краіны, бо пажарныя адсюль і на франтах Вялікай Айчыннай ваявалі, і з наступствамі чарнобыльскай катастрофы змагаліся…

Вітаў ратавальнікаў і гаспадар залы — дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар. Справа ў тым, што ў філармоніі знаходзіцца пажарна-прафілактычны пост. Такім чынам, пажарныя ўносяць сваю лепту ў арганізацыю і правядзенне культурных мерапрыемстваў.

Са сцэны згадвалі тое, што Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Савецкі раённы аддзел як падпарадкаваная яму структура дбаюць таксама і пра тое, каб мастацкімі сродкамі прапагандаваць бяспеку жыццядзейнасці і культуру бяспекі. У прыватнасці — сярод школьнікаў і моладзі. З гэтай мэтай праводзяцца семінары юных ратавальнікаў, на якіх, сярод іншага, выяўляюцца і здольнасці маладых людзей да гэтай прафесіі.

Музычным сімвалам свята на сцэне сталічнай Філармоніі, мабыць, можна лічыць песню “Гэта такая работа”, якую выканала заслужная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Так, ёсць такая работа: людзей ратаваць.

На здымках: пад час урачыстасцей у Белдзяржфілармоніі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"