Не дробязі “...Марата”

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Развадныя масты з папяровым караблікам
Учора ў Брэсце завяршыўся ХІХ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Гаспадар форуму — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы — паказаў спектакль “Мой бедны Марат” у пастаноўцы Цімафея Ільеўскага.

/i/content/pi/cult/496/10607/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Мой бедны Марат". / Фота з архіва тэатра

П’еса Аляксея Арбузава, напісаная ў 1964-м і адрэдагаваная аўтарам у 1980-м, атрымала безліч увасабленняў. І перажывае апошнім часам другое нараджэнне, бо тэатры пачалі звяртацца да яе часта. Брэсцкая версія, як паведаміў у час фестывальнага абмеркавання рэжысёр, была спачатку дыпломнай пастаноўкай, замацаваўшыся пазней на Малой сцэне тэатра. Але такая камернасць, прадыктаваная складам дзеючых асоб, тут узрастае да гістарычных маштабаў, малюючы партрэт трох маладых людзей у дынаміцы — у розныя перыяды станаўлення іх асоб на фоне жыцця краіны: блакады Ленінграда (1942), пасляваеннага (1946) і паслясталінскага (1959) часоў.

Спектакль прыцягвае нязвыклай сцэнаграфіяй. Партрэт трох эпох увасоблены не толькі ў рэаліях хатняга інтэр’ера аднаго і таго ж пакоя, але і ў дакументальных кадрах, што праецыруюцца на падабенства заслоны — гэткай вялізнай фіранкі з вяровачак, якія струменяцца долу. З-за гэтай хісткасці, няроўнасці “экрана” выявы становяцца такімі ж прывіднымі, быццам узнікаюць не ў рэчаіснасці, а дзесьці ва ўспамінах, у падсвядомасці. Потым заслона з аднаго боку “ад’едзе” назад, падзяліўшы сцэну на дзве часткі. І ўласна тэатральная дзея будзе адбывацца не толькі перад заслонай, але і за ёй — не проста ў пярэднім пакоі, а, зноў-такі, быццам у няўлоўных уяўленнях-фантазіях.

Добра разумеючы асаблівасці камернай сцэны, дзе некаторым гледачам дастаткова працягнуць руку, каб дакрануцца да артыстаў, рэжысёр, здавалася б, дамагаецца поўнай рэалістычнасці, натуральнасці “карцінкі” — нават да ўключэння ў дзею пахаў-водараў, што ў тым жа кіно лічыцца за эфект 4D. Калі героі кідаюць на патэльню тушонку, дык па ўсёй невялічкай зале (вядома, без кандыцыянераў, і гэта стварае дадатковыя выпрабаванні для артыстаў, асабліва ў зімовых сцэнах) ідуць такія пахі, што гледачы, якія добра не павячэралі, могуць расхвалявацца. Але з гэткай абсалютнай праўдзівасцю рэзка кантрастуе мноства неахайных дэталей, заўважыўшы якія, публіка пачувае сябе крыху падманутай, бо страчвае сістэму каардынат. Яшчэ горш, калі больш спрактыкаваныя гледачы, прывучаныя да чэхаўскай стрэльбы, што абавязкова павінна дзейнічаць, пачынаюць шукаць у гэтых дробязях нейкі патаемны сэнс ці сімволіку. Іх жа папросту няма!

На жаль, у чымсьці недапрацоўваюць і самі артысты. П’еса складаная тым, што патрабуе ад іх неверагоднай псіхалагічнай дакладнасці ва ўвасабленні герояў адначасова трох узростаў. Здараецца, яе ставяць нават на некалькіх акцёраў розных пакаленняў. У брэсцкай версіі перад намі — тэатральная моладзь, якая ўжо добра заявіла пра сябе ў іншых пастаноўках, прычым таго ж самага рэжысёра, што сведчыць пра яго ўменне працаваць над неабходным вынікам. Але “Мой бедны Марат” гэтым крыху абдзелены. Можа, проста той фестывальны вечар стаўся для артыстаў “не іхнім” днём? Бо ні ў паводзінах, ні ў прамовах, пры ўсім імкненні знайсці нейкія гаворачыя дэталі (да прыкладу, схільнасць гугнявіць ці вымаўляць словы праз зубы, не размыкаючы сківіц), не адчувалася напружанага ўнутранага жыцця, той энергетыкі, якая павінна даваць на залу тысячу вольт замест атрыманых намі дванаццаці. Не, я ні ў якім разе не аспрэчваю абраную сцэнічную манеру, блізкую кіно з яго натуральнасцю рухаў і маўлення! Наадварот, можна толькі парадавацца, што артысты абыходзяцца без праславутай тэатральнай “вампукі” з яе штучнасцю, асаблівай спеўнасцю, акцэнтаванасцю фразіроўкі, што замест адкрытых зваротаў у залу яны шчыра кантактуюць паміж сабой. Але таго нерва-тока, які павінен прабягаць паміж імі, не адчуваецца. Таму і не бачна такой неабходнай у гэтым спектаклі розніцы паміж падлеткавай “востравугольнасцю” ў 16 гадоў, адкрытай запальнасцю надзеямі ды іх здзяйсненнем у 20 і “патухлым вулканам” у 35.

А між тым, рэжысёрам праведзена скрупулёзная праца з матэрыялам, з якога ў выніку зніклі дзе сказ, дзе фраза, дзе асобная рэпліка ці нават слова. Гэта не магло прывесці да прынцыповай змены ў хронаметражы, але тэкст стаў больш канцэнтраваным, пакінуўшы артыстам час на яго ўнутранае пражыванне, а гледачам — на большае асэнсаванне, увагу да кожнага слова ды інтанацыі. Калі не было б такога філіграннага рэдагавання, імкнення не толькі захаваць, але і падкрэсліць важныя моманты (пра тую ж Сінюю птушку як сімвал шчасця), дык і не стала б такой заўважнай адна, на мой погляд, залішняя купюра. З апошняй сцэны знік невялічкі маналог Марата пра масты, якія ён будаваў, і пра тую яго нявольную здраду сябру, што ён востра перажывае. Без гэтага моманту страчваюць частку глыбокай семантыкі і развадныя масты з папяровым караблікам на праграмцы, якія ствараюць тонкі вобразны строй спектакля, і сам характар Марата (Анатоль Бараннік). Бо парушаецца акрэслены масток паміж працоўнымі здзяйсненнямі героя і яго жыццём: гэтак жа, як юначая няўпэўненасць прывяла калісьці да здрады каханню, адмовы ад Лікі (Ірына Пашэчка), так і творчая “закамплексаванасць” — да немагчымасці рэалізаваць мару пра інжынерныя збудаванні.

Пэўна, я надта прыдзіраюся. Бо тыя ж запрошаныя на фестываль расійскія крытыкі на правах добразычлівых гасцей не стамляліся нахвальваць спектакль гаспадароў. У расстаноўцы герояў убачылі і наноў прачытаны класічны расклад камедыі дэль артэ (Арлекіна, П’еро, Каламбіна), і, амаль паводле Зігмунда Фрэйда, сямейныя ўзаемаадносіны паміж “бацькамі” ды “сынам”, у ролі якога выступае Леанідзік (Сяргей Кандрацюк). Можа, гэта, хутчэй, падказкі да далейшых увасабленняў п’есы? Ці да ўдасканалення яе пастаноўкі? Але і ў цяперашнім выглядзе спектакль звернуты не толькі да старэйшага пакалення ды разлічаны на настальжы. Ён скіраваны на моладзь і вучыць быць шчаслівым — “ісці за Сіняй птушкай”...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"