Re: на "Re: "Песняры"

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Што сказалі журналісты "К" аб новым трыб'юце легендзе беларускай музыкі?

/i/content/pi/cult/496/10606/8-5.jpg

Добрага патроху

/i/content/pi/cult/496/10606/8-9.jpgПры праслухоўванні асобных трэкаў гэтага праекта паўусмешка неразумення “ўпрыгожвала” мой твар. Пасля з’явілася ўстойлівае адчуванне, што мяне падманулі: паабяцалі нешта грандыёзнае, а ўсё аказалася… мыльнай бурбалкай. Хоць і не абяцалі, і не “бурбалка”, калі ў трыб’юце ёсць выдатныя версіі на тэму спадчыны “Песняроў” ад Зміцера Вайцюшкевіча ды гурта “Pomidor/Off”. Не правальным мне падаўся і варыянт “Палаца”: такая сабе гатычная навела, якая фрагментарна “абвальвае” на слухача шырачэзны фірмовы вакал Алега Хаменкі. “А в остальном, прекрасная маркиза” ўсё не так добра, на мой густ...

Не трэба верыць словам крэатараў праекта, што разам з мэтрамі айчыннага року на дыску прадстаўлены яго сучасныя вяршкі. Толькі пры бязмежнай любові да беларускай мовы да іх можна прыплесцi каманды “TonqiXod”, “Detroit”, “Dzieciuki” і дуэт “SP Kava & Angst”. Першыя старанна пераспявалі і перайгралі арыгінал, другія далі просценькага джаза (я разумею адноснае “захапленне”, выказанае пад час рэдакцыйнага праслухоўвання з колішнімі ўдзельнікамі мулявінскага ансамбля Валерыем Дайнэкам, фанатам гэтага жанру, у якога, прабачце за перабольшанне, сэрца пачынае паскорана біцца, як толькі ён пачуе любімыя гармоніі, і ён даруе, даруе, і хваліць, хваліць, бо чуе тое, чаго не чуюць прыхільнікі, да прыкладу, хэві-металу).

Сапраўдныя ж лідары сённяшняй некамерцыйнай музыкі паўсталі насамрэч у той абгортцы, у якой іх і чуе публіка. “Re1ikt” — не маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз; “Akute” — соннае хiпстарскае царства; “Akana”, што зайграліся ў мікст электронікі з этна (менавіта ў такім парадку: спачатку “нежывое” — без усялякіх фантазій, фонавае, затым — фольк, якім у чыстым выглядзе, смачна “прыстасаваным” да стагоддзя цяперашняга, праект некалі проста “забіў” слухача). І “BosaeSonca” — мілы, сімпатычны, мяккі ансамбль, які выдае чароўныя неагрэсіўныя кампазіцыі, а “здзівіў” у дадзеным выпадку нечым абсалютна шэранькім. І “злавілі” мы вось гэты блок з канкрэтна замагільнай музыкай. Пагаджуся з гуру нашага песеннага мастацтва: калі рабіць выснову пра сучасны дзень роднай андэграўнднай культуры, зыходзячы з пачутых варыяцый, то карціна гэтая пісана зусім не алеем. Разумею тых жа крэатараў, якія вырашылі не ўмешвацца ў працэс самаідэнтыфікацыі ўдзельнікаў зборкі паводле творчасці “Песняроў”, але, як аказалася, лепш бы прадзюсар запісу быў...

Пра Пукста. Сяргей, пры ўсім яго музычным экстрэмізме — пастэльным і цвёрдым, — эпатажнасці і заплывах супраць плыні, нібы задаўся мэтай пасля “афіцыйнага” прызнання яго летась лепшым рокерам “отчебучить” штосьці гэткае. І “отчебучил”. У сваім стылі — музычным і жыццёвым. Упэўнены, у будучых энцыклапедыях артыста назавуць геніем, а я ў дачыненні да некаторых рэчаў абмяжуюся фразай “добра прадуманае вар’яцтва”.

Прыгадваючы першы трыб’ют “Песнярам”, сёння расстаўляеш усё на свае месцы. І тады ў ім былі сабраны лепшыя на той момант, на думку “бацькоў-заснавальнікаў” таго праекта, “незалежныя” выканаўцы краіны. І кавераў, якія засталіся ў памяці, на той кампіляцыі тры: хуліганская і бруднаватая “Волагда” ад “Нейра дзюбеля”, паднябесная “Рэчанька” ад “Троіцы” і беражлівая “Александрына” ад Аляксея Шадзько. Падзеяй тое “прысвячэнне” па большай частцы стала праз сам факт ажыццяўлення праекта. Такая ж доля чакае і “працяг”. А рэальныя “Песняры” будуць жыць гадамі, дзясяткамі гадоў, хто б і як іх ні пераспяваў. Можа, на другім трыб’юце і спыніцца, хопіць?

Алег КЛІМАЎ

 

На жаль. Па шэрагу прычын…

/i/content/pi/cult/496/10606/8-8.jpgА я чакаў трыб’юта. І не толькі таму, што мы ў “К” выказалі ініцыятыву з’яўлення чарговага (другога па ліку) альбома-прысвячэння легендзе беларускай музыцы — ансамблю “Песняры”. Было цікава, хто ж стане ўдзельнікам праекта “Re: “Песняры” (а гэта пэўны зрэз сучаснай айчыннай музыкі), якія творы выберуць артысты, ці далёка адыдуць ад арыгінала і наколькі новыя версіі будуць адрознівацца ад варыянтаў праграмы “ПесняРок”. Вынік атрымаўся спрэчным. Перш за ўсё — праз сваю мастацкую невыразнасць. Аж да блякласці.

Я пераслухаў “ПесняРок” адмыслова, каб нагадаць сабе характар тых трыб’ют-версій з 1990-х. І агульнае рэчышча мыслення ды “рэцэпт” стварэння зразумеў так: выбіраем песню, перакладаем яе на “мову” свайго стылю, захоўваем мелодыку, выконваем “левай нагой” з мноствам непатрэбных “наваротаў”. З гэтага пераліку застаўся ў “Re: “Песняры” хіба апошні пункт, праўда, узведзены ці не ў абсалют. А яшчэ ў “ПесняРоку” дакладна браў удзел “першы эшалон” альтэрнатыўнай сцэны свайго часу: “N.R.M.”, “Крама”, “Нейра дзюбель”, “Ляпіс Трубяцкі”, Аляксей Шадзько, маладая, але ўжо зразумела, што ого-го якая “Троіца”. І ведаеце, калі вам было ў 1997-м гадоў ад дванаццаці да, скажам, “пад сорак”, то хоць хтосьці з названых быў вядомы. Карацей, лепшыя спявалі лепшых. Дый зараз гэтыя імёны і назвы — на слыху. Іншая справа, што па шэрагу прычын выконвалі практычна ніяк і нават абы-як. Але вяха “ПесняРокам” пастаўлена.

“Re: “Песняры” здзівілі падборкай удзельнікаў. Імёны і назвы практычна ўсіх іх, за выключэннем, па вялікім рахунку, “Палаца” і Зміцера Вайцюшкевіча, вам бадай нічога і не скажуць (поўны пералік у “К” № 34: можаце пераканацца), калі музычны кругагляд не ахоплівае раптам альтэрнатыўныя кірункі. Большасць мелодый (апроч таго ж Вайцюшкевіча з “Палацам”, “Pomidor/Оff”, “Detroit” ды наўмысна скапіраванага “Гусляра” ад “TonqiXod”) не пазнаеце з першага і нават з дваццаць першага акорда. Дый стылем выканаўцаў — удзельнікаў трыб’юта наўрад ці ўдасца прасякнуцца: не праяўляецца неяк ён, не запэўнівае. Палова матэрыялу гучыць, скажам так, ненапружліва, палова — наадварот, у тым ліку праз непраходны “дэпрэсняк”. Ну а выконваюць… традыцыйна ніяк.

Ужо даводзілася пісаць і выказвацца, што я — за трыб’юты як сродак падсілкавання энергіяй знакамітых артыстаў ды калектываў больш маладымі іх калегамі. Тут працэс гэтага абмену, як мне бачыцца, наткнуўся на сцяну непаразумення шэрагам удзельнікаў праекта мастацкай, творчай задачы. Зрабіць сваю версію твора “Песняроў”? Так. А зрабіць яе на ўзроўні, вартым легендарнага ансамбля? Вось узімку зацята крытыкавалася выкананне нашымі поп-артыстамі на навагодніх тэлешоў спадчыны калектыву Мулявіна. Маўляў, безгустоўна, бяздумна, бяздушна, “пластмасава”, халтурна, абыякава, непрафесійна, безгалоса… Абсалютна пагаджуся. Але некаторыя з гэтых ды шэрагу іншых вызначэнняў цалкам падыходзяць і да некаторых удзельнікаў “Re: “Песняры”. На жаль. І калі б удзельнікі “Re: “Песняры” кінулі выклік поп-артыстам, каб паспаборнічаць у асваенні спадчыны нашага вядомага ансамбля, то зусім не факт, што першынство засталося б за рок-брыгадамі...

Дадатна ацэньваючы прадзюсарскую працу Сяргея Будкіна ў плане арганізацыі працэсу, нельга не заўважыць адсутнасць рукі прадзюсара-рэжысёра ў агульнай карціне. Наўмысны падыход, бо бюджэтна рабілі. Згаджуся. Але пазіцыя “як набяжыць — так і прагучыць” не магла не даць недасканалы вынік. І нават нумары, што так і не былі выкладзены ў Сеціва праз праблемы з праваўладальнікамі, але агучаны пад час рэдакцыйнага праслухоўвання, не ратуюць агульную карціну. Так, шкада работ хору “Унія” і Сяргея Пукста. Ды не больш за тое.

А вось тое, што нашы музыканты альтэрнатыўнай сцэны дэпрэсуюць, — зусім не радуе. Як і тое, што мастацкіх вынікаў мы так і не пачулі. Нават спроб падступіцца да іх. Прычыны? Як заўжды, апошніх — “шэраг”...

Сяргей ТРАФІЛАЎ

 

Ідэя — цуд. А як з рэалізацыяй?

/i/content/pi/cult/496/10606/8-7.jpgПрызнацца шчыра, пры ўсёй значнасці самой падзеі і словах удзячнасці на адрас інтэрнет-партала “Tuzin.fm”, супрацоўнікі якога займаліся ажыццяўленнем гэтага няпростага праекта, вынік аказаўся далёка не бясспрэчным. З аднаго боку — расчараваў. З іншага — узрадаваў. Як гэта сумяшчаецца? Зараз патлумачу.

Ведаючы агульны стан нашай эстрады, лагічна было б адразу настройвацца на штосьці “не лепшае” — хаця б у параўнанні з самімі “Песнярамі” эпохі росквіту. Але ж... так хацелася падмануцца! Да апошняга захоўвалася надзея, што тагачасны "песняроўскі" рэпертуар неяк узрушыць нашу багну альтэрнатыўнай плыні, натоліць яе крынічнай свежасцю, ператворыць хаця б у азярцо. Не атрымалася. Замест азярца ўзніклі хіба асобныя пырскі. Затое якія! Хай агульны ўзровень кампазіцый аказаўся не вельмі (гэта як сярэдняя тэмпература па шпіталі), асобныя нумары былі на добрым узроўні. А галоўнае — сярод звыклай музычнай штодзённасці з’явіўся сапраўдны творчы эксперымент. І адно гэта заслугоўвае пільнай увагі. Бо, з пункта гледжання рэальнага гістарычнага працэсу, менавіта ў гістарычным маштабе, вынік — цудоўны!

Гаворка датычыцца “Александрыны”, апрацаванай Сяргеем Пукстам. Гэты музыкант даўно ўжо здабыў славу “нефарматнага” творцы, чые кампазіцыі здаюцца складанымі для ўспрымання. Насамрэч, ён проста парушае складзеныя ў эстрадзе заканамернасці, узбагачае іх “прарывамі” ў здабыткі авангарднай акадэмічнай музыкі розных гадоў. Іншымі словамі, робіць менавіта тое, што рабілі і “Песняры”, толькі на іншым узроўні, з прыцягненнем іншых музычна-выразных сродкаў. Але ў “Александрыне” Сяргей пераўзышоў сам сябе. З дапамогай політанальных, полігарманічных эфектаў, “пазычаных” з сучаснай акадэмічнай музыкі, ён стварыў імпрэсіянісцкую, касмічна-прывідную атмасферу іррэальнасці на мяжы ўспамінаў і мрояў. Гэта найлепшым чынам адпавядае сэнсу песеннага тэксту, які раней, хацелі мы таго ці не, успрымаўся ўсяго толькі як “дадатак” да чароўнай мелодыі. У новай “Александрыне”, якая разлічана на веданне "песняроўскага" арыгінала, слухач апынаецца ў нейкай заснежана-туманнай заслоне (“Цяпер прыйшла зіма...”), што калышацца-плыве ў бяздонным марыве адчуванняў “навобмацак”. Толькі не трэба жартаваць пра “абкуранага” хлопца: такі стан уласцівы любому чалавеку, калі ён павольна гойсае, а то і “завісае” паміж явай ды сном. Мабыць, пазіцыя Пукста выяўлена празмерна канцэнтравана, з-за чаго драматургія набывае абрысы замкнёнага кола. Так і хочацца, каб дзесьці “праслізнуў” чысты, незамутнены аўтарскімі напластаваннямі фрагмент песняроўскага запісу, але... “шукаю я — няма!”.

Такая постмадэрнісцкая “Александрына” не будзе сучасным хітом — і не трэба! Яна адкрывае новыя гарызонты — і ў гэтым яе, калі хочаце, місія. Як і місія самога Пукста: пракласці шлях. А ўпрыгожваць новую сцяжынку будуць іншыя, узяўшы хіба некаторыя элементы новай выразнасці для ўзбагачэння адценняў.

Сярод прафесійна зробленых “новых прачытанняў” (дарэчы, часам у старых традыцыях) адзначу Аляксандра Памідорава (“Скрыпяць мае лапці”), Зміцера Вайцюшкевіча (“Вераніка”), хор “Унія” пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева (“Пагоня”), гурты “Detroit” (“Чырвоная ружа”), “Палац” (“Завушніцы”). Апошні, праўда, мог бы больш яскрава развіць ідэю чараўніцтва, ярка выказаную ва ўступе.

Атрымліваецца — прыблізна палова ад агульнай колькасці. А што ж астатнія? На жаль, бракуе прафесіяналізму. Абсалютна ў кожнай кампазіцыі можна знайсці цікавую ідэю, прытым што самі аўтары, падобна на тое, яе ці то не здолелі годна развіць, ці то ўвогуле “не заўважылі”. У “Калядзе” (“Akana”) гэта таямнічая дзявочая варажба. У “Алесі” (“Akute”) — наўмысна “дваровыя” спевы-курлыканні пад мерны, павольны капеж адзінокага гуку гітары, што асацыюецца з міжвольнымі слязьмі. У песні “Ты мне вясною прыснілася” (“BosaeSonca”) — баян, які ў дадзеным выпадку мог бы прывесці да каларытнага “сялянскага рэтра”. Але прафесіяналізм заключаецца менавіта ў тым, каб давесці ўсё да ладу. Не кінуць ідэю ў беспаветраную прастору, а развіць яе, знайсці адэкватную рэалізацыю. Акурат гэтага і не хапае!..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах