Грыневіч Live

№ 38 (1164) 20.09.2014 - 26.09.2014 г

Чаму мастак пачуваўся замежнікам у сваім горадзе?
Гродзенскі мастак Сяргей ГРЫНЕВІЧ, выстаўкі якога праходзяць ва ўсім свеце, правёў у сваёй майстэрні творчую сустрэчу. Мерапрыемства незвычайнага фармату выглядала як расповед пра арт-свет горада знутры — вачыма аднаго са стваральнікаў мастацкай прасторы сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі, а напрыканцы адбылася міні-экскурсія па прыстанку майстра. Сустрэча сабрала некалькі дзясяткаў чалавек — як студэнтаў, так і людзей больш сталага веку. Некалькі вытрымак з маналогаў Сяргея Грыневіча прапануем вашай увазе.

/i/content/pi/cult/496/10605/8-1.jpg

Сяргей Грыневіч у майстэрні.

/i/content/pi/cult/496/10605/8-3.jpg

Творы Грыневіча здзіўляюць не толькі постмадэрнізмам у стылістыцы, але і маштабнасцю.

Не так і даўно…

— На пачатку 1980-х сюды прыехала шмат выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. І, канешне ж, мастацкае жыццё ў Гродне калі не сказаць — завіравала, дык дакладна зрушылася ў іншым кірунку, набыло новыя фарбы. Прыехала шмат манументалістаў — адпаведна, сталі стварацца нехарактэрныя раней для горада падобнага кшталту аб’екты. І сярод іх сапраўды мелася шмат вартых увагі рэчаў! А пад час першых святкаванняў Дня горада ў парку Жылібера мы, маладыя, ладзілі выстаўкі дзіцячага малюнка. Сёння ж большасць маіх сяброў, з якімі я пачынаў працу ў Гродне, ці з’ехалі за мяжу і там зарабляюць грошы, ці пайшлі ў бізнес, а хтосьці стаў выкладчыкам…

Работы — знаходзіліся…

— Мы, мастакі, мелі ў савецкі час вялікую суму дзяржзаказу на месяц: больш як 700 рублёў. На гэтыя грошы павінны былі стварыць адну работу — скажам, партрэты членаў Палітбюро ці нейкі пейзаж. Паколькі “ратацыя” кадраў у 1980-я стала ў савецкіх вярхах досыць хуткай, то даводзілася паспяваць хутка ствараць новыя партрэты. Дарэчы, пасля знаходзіў свае творы ў многіх установах вобласці, нярэдка — далёкіх ад культуры, скажам, у тых, дзе рыхтавалі трактарыстаў… Сёння шмат такіх работ ужо замаляваны альбо сталі ахвярамі пры рамонтах будынкаў…

Пра афармленне гродзенскага шпіталя, што калісьці належыў “Азоту”, а цяпер стаў гарадской уласнасцю, Сяргей кажа:

— Гэта сумесная праца. Згадваю, што калі выконвалі тую замову, дык адразу з’яўлялася шмат саветчыкаў. То адзін падыходзіць, то іншы. Быў хворы ў тым шпіталі, які і наогул казаў: “І я так маляваць магу”. Што ж, далі яму пэндзаль у рукі і прапанавалі: “Намалюй рысачкі, якія мы тут робім”. Намаляваў. Дык вось, з тысячы рысачак, што былі на сцяне, мы адразу ж яму паказалі, дзе ягоная “творчасць”. Дзядзька здзівіўся, як мы “раскусілі” ягоную працу…

Вітражы не замаўляюць

Сяргей дэманструе свае творы ў майстэрні. Шэраг работ — праз праектар. Так, сярод іншых, бачым вітражы, якія замаўлялі на пачатку 1990-х.

— Сёння такія вітражы мала каго цікавяць — кажа мастак. — Неяк пайшоў іх фатаграфаваць, дык у мяне спыталі, ці не замежнік я. Высветлілася, што такога кшталту работамі цікавяцца госці краіны… Цяпер жа вітражы, лічы, амаль ніхто і не замаўляе: змяніліся густы. Дый нятанна стала замаўляць падобныя творы...

Для мастака цікавым стала тое, як моладзь (а яна складала большасць прысутных) успрымае ягонае мастацтва. Наогул жа сустрэча доўжылася амаль тры гадзіны. Падзея адбылася ў рамках серыі сустрэч, прысвечаных культуры Гродна. Арганізатары спадзяюцца, што падобныя сустрэчы будуць працягвацца.

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна

Фота Марка ХАРЛАМАВА