Інтрыга пленэру

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Каго пазналі гараднянцы праз 79 гадоў?
“Разыначкай” IV Міжнароднага ганчарнага пленэру і нядзельнага кірмашу ў славутай вёсцы Гарадная Столінскага раёна стала прэзентацыя дакументальнай карціны “Гарадная — мястэчка гліняных гаршчкоў” 1935 года. Архіўную стужку для паказу ў вёсцы прадаставіла Нацыянальная фільматэка Польшчы дзякуючы настойлівасці галоўнай арганізатаркі ганчарнага пленэру Ларысы Быцко з Брэста і садзейнічанню Дома беларускай культуры ў Варшаве. Фінансавую падтрымку аказаў Столінскі райвыканкам.

/i/content/pi/cult/495/10602/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/495/10602/12-3.jpg

Кадр з фільма: стары Міхалёк — на фоне горна для абпалу глінянага посуду і калодзежа.

Пасля нядзельнага набажэнства ў Свята-Мікольскай царкве і суседскіх гутарак на рыначнай плошчы, якая ў гэты дзень віравала , як і ў даўнія гады, вяскоўцы сабраліся ў Цэнтры ганчарства на прагляд стужкі. Старэйшыя гараднянцы яшчэ памятаюць даваеннае паселішча. З непадробнай цікавасцю яны ўглядаліся ў чорна-белыя кадры. У 8 хвілін і 30 секунд (столькі доўжылася карціна) змясцілася тое, чым традыцыйна жыла Гарадная.

У свой час, ведаючы з архіваў пра існаванне гэтага дакумента, я шукала яго ў Варшаве. Тады мне пашчасціла знайсці толькі адзін з чатырох фільмаў цыкла “Палессе”, які ў 1935 годзе знялі на Заходнім Палессі польскія дакументалісты — рэжысёр Максімілян Эмер і аператар Ежы Маліняк. Пра “Рэпартаж з краіны сумных песень” надрукавала мой артыкул і "К" у № 23 за 2008 г. Пра тое ж, што фільм пра Гарадную ацалеў, стала вядома два гады таму, калі польскі знаўца Томаш Казлоўскі паказаў яго на адной з сустрэч у варшаўскім Доме спатканняў з гісторыяй.

І вось нарэшце я з цікавасцю і хваляваннем, якое ўзнікае пры сустрэчы з ажыўленай даўніной, разам з гараднянцамі глядзела старое кіно. Максімілян Эмер у сваіх успамінах “Як мы здымалі фільмы на Палессі”, надрукаваных у 1937 годзе, пісаў, што ў Гарадной здымачная група прабыла тры дні. У кароткую стужку здолелі ўмясціць усе асноўныя моманты традыцыйнай ганчарнай вытворчасці ў вёсцы.

Пачынаецца фільм з панарамы мястэчка з яго двума вертыкалямі — старой драўлянай Траецкай царквы і мураванай Мікалаеўскай, якая была пабудавана з мясцовай цэглы гараднянцамі за ўласныя грошы ў 1914 годзе. Бачым, як капалі гліну — сапраўднае багацце беднай на ўрадлівую глебу Гарадной, — як вязуць яе на вазах, запрэжаных валамі. Потым гліну збіваюць драўляным кійком у камякі — “бабкі”, стругаюць на стружку, каб выдаліць непатрэбныя дамешкі. Барадаты ганчар у кепцы ля сцяны хаты на нажным ганчарным крузе выцягвае з камяка гліны пасудзіны рознай формы, размалёўвае збанок ангобам. Тая ж самая тэхніка фармавання адлюстравана на славутых гараднянскіх фотаздымках Ісака Сербава 1912 года. Не змянілася яна да нашага часу і захоўваецца апошнімі з тамтэйшых ганчароў Макарам Шэлестам, Аўрамам Басаўцом і Рыгорам Кавалькам. Далей у кадры з’яўляюцца гліняныя цацкі: вершнікі на конях, ганчар за кругам, гарманіст, валы, ільвы-попельнічкі, нават дакладная мадэль аўтамабіля.

Прыгадваю, што скульптурную пластыку з Гарадной бачыла ў фондах Музея Беларускага Палесся ў Пінску. У 1935 годзе на ўрачыстым адкрыцці яго экспазіцыі ў асобным будынку ў цэнтры горада прысутнічалі двое гараднянскіх ганчароў. У музеі захоўваюцца чатыры гліняныя скульптуркі Нікіфара Шчукі з Гарадной, які маюць выразную індывідуальную пластыку. Яны вельмі падобныя на тыя, што бачым у фільме. Напэўна, сам Шчука трапіў у кадр, а побач з ім — падлетак, які лепіць попельнічку з выявай ільва…

Надыходзіць момант абпалу вырабаў. Кадры стужкі засведчылі працэс загрузкі горна гліняным посудам і яго разгрузкі. У гэтай справе прымае ўдзел уся сям’я ганчара: сівы дзядок і старая ў намітцы, жанчына ў вышыванцы, падлеткі і малыя дзеці ў доўгіх сарочках. Паказана канструкцыя гараднянскага горна і спосаб яго абпалу дровамі (дарэчы, тое мала змянілася і ў наш час).

А вось жывы кірмаш у Пінску пад мурамі былога езуіцкага калегіума застаўся, бадай, толькі на гэтых кадрах. Бачыш тлум палешукоў і раптам чуеш кірамашовы гул. Камера аператара выхоплівае твар сялянкі ў хустцы, якая правярае якасць гаршчка пастукваннем па яго акруглых баках. Паляшук у кепцы выбірае добрую міску. Барадаты стары ў сярмязе прыглядаецца да падсвечніка з выявай ільва — дзіўнай для селяніна рэчы. Ізноў згадваюцца ўспаміны польскіх кінематаграфістаў. На кірмашы ў Пінску яны, жадаючы зняць вір сапраўднага гандлю і людзей з іх жывымі абліччамі ды рухамі, ужылі для здымкі малы зручны апарат, які загарнулі ў газету. Незаўважаны такім чынам аператар выхапіў твары буйным планам, перадаў атмасферу кірмашу.

Завяршаюць стужку дыктарскія каментарыі ды кадры, на якіх адлюстраваны ладаванне вазоў гліняным посудам і выправа гараднянцаў у шлях: абшар іх гандлю складаў 300 кіламетраў — усё Палессе, даязджалі яны і да Вільні ды Варшавы.

Інтрыгай паказу ў Гарадной было спадзяванне, што хто-небудзь з гледачоў старэйшага ўзросту пазнае сваіх аднасяльчан. Яно спраўдзілася. Ніна Мірановіч — амаль равесніца фільма — пазнала ў барадатым ганчары за кругам Ярмолу Гмыра: ён пасля вайны змяніў прозвішча і стаў звацца Мірановічам. А жанчына ў вышыванай сарочцы, якая завіхаецца ля горна, — жонка ганчара. Калі Ніна Антонаўна выйшла замуж, то жыла побач з гэтай сям’ёй на адной вуліцы, што названа цяпер у гонар Кісялёва...

З радасцю ўбачыла яна на старых кадрах калодзеж-журавель, з якога калісьці брала ваду, — цяпер такіх у Гарадной няма. А хударлявага старога ў доўгай сарочцы звалі па-вясковаму Міхалёк. Цікава было б даведацца таксама імя жанчыны ў намітцы, падлетка, занятага вырабам цацак. Мяркую, гэта цалкам магчыма. Каб усе са старэйшых змаглі прысутнічаць на праглядзе, абавязкова пазналі б аднасяльчан.

Гарадная не была пазбаўлена ўвагі звонку. Ісак Сербаў, Ксаверый Прушынскі, Яніна Арынжына, Уладзімір Караткевіч, беларускіях навукоўцы і журналісты пісалі пра вёску. Апошнім часам дзякуючы існаванню Цэнтра ганчарства, правядзенню міжнародных пленэраў ды кірмашоў, што ладзяцца з 2008 года, акрэслілася грамадская цікавасць да гісторыі палескага “мястэчка гліняных гаршчкоў”. У 2012-м убачылі свет успаміны яго жыхара, былога настаўніка, Фамы Вячоркі “Запіскі заходнебеларускага палешука”, падрыхтаваныя да друку яго сынам Георгіем і ўнукам Яўгенам. Узнаўляе свой радавод нашчадак ганчароў Валерый Кісель. Ён разам з Алесем Вячоркам заснаваў інтэрнэт-рэсурс “Городно — палеське местэчко” і апублікаваў артыкул паводле архіўных даных.

Разам з тым, лёс промыслу ў Гарадной знаходзіцца сёння пад відавочнай пагрозай знікнення. Ці захавае ўнікальнае палескае мястэчка  — адзіны ў сучаснай Еўропе аўтэнтычны цэнтр ганчарства — сапраўдную тэхналогію, па-мастацку бездакорнае адчуванне глінянай формы, унікальны лексікон мясцовых назваў посуду? Адказаць на гэтыя пытанні могуць толькі самі гараднянцы рэальнай справай, падставай для якой павінна стаць усведамленне непаўторнай каштоўнасці ўласных традыцый. І, канешне, варта набыць у Польшчы для Гарадной копію архіўнага фільма ў якасці візуальнага эталона вымярэння ўласнай унікальнасці.

Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ

 

Пра ганчарны пленэр у Гарадной мы пісалі ў мінулым нумары.