“Гарадок” для Гарадка

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Наталля ГАМЗЮК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама
Сёлета ў Гарадку пройдуць абласныя дажынкі. Менавіта галоўнае хлебаробскае свята і вызначае цяпер стратэгію дзейнасці мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. І стратэгія гэтая звязана не столькі з рамонтнымі работамі (аблічча змяняюць ці не ўсе гарадскія аб’екты культуры), колькі з пашыранымі магчымасцямі культурнага абслугоўвання насельніцтва раёна.

/i/content/pi/cult/495/10601/12-1.jpg— Да ладу цяпер даводзяцца Гарадскі дом культуры (капітальны рамонт), Дзіцячая школа мастацтваў і краязнаўчы музей (капітальны рамонт з мадэрнізацыяй), Дом рамёстваў і фальклору ды кінатэатр “Радзіма” (рэканструкцыя). Выстаўкі і экспазіцыі музея мы пакуль не абнаўляем: справа гэтая — важная, але дарагая. Зоймемся яе рэалізацыяй крыху пазней.

Што да кінатэатра “Радзіма”, то ён пераўтвараецца ў Культурна-дасугавы цэнтр “Гарадок”. Справа ў тым, што будынак быў пэўны час закансерваваны і функцый сваіх не выконваў. А ў новага аб’екта — вельмі вялікія перспектывы. Мяркуйце самі: на другі паверх пераязджаюць дзіцячая і “дарослая” бібліятэкі, іх аб’яднае адзіная чытальная зала. На першым паверсе пачне дзейнічаць выставачная зала Дома рамёстваў і фальклору. Тут жа размяшчаецца глядзельная зала на 110 месцаў для дэманстрацыі фільмаў у фармаце 3D. Дарэчы, гэтая ўтульная зала можа — і будзе — выкарыстоўвацца як Музычная гасцёўня. Праектам прадугледжана кавярня. Нагадаю, што аб’ект цалкам прыстасаваны для абслугоўвання насельніцтва з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Думаю, што Культурна-дасугавы цэнтр стане своеасаблівай творчай лабараторыяй па апрабацыі новых форм работы з рознаўзроставымі групамі спажыўцоў культуры. І гэтая лабараторыя стане працаваць не толькі на раённы цэнтр, але і на патрэбу клубных устаноў на сяле…

Гарадскі дом культуры застанецца галоўнай клубнай установай горада і раёна. І глядзельная зала тут большая, і сцэна. Аб’ект цалкам прыстасаваны для маштабных культурна-масавых мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Калі адсюль перабяруцца бібліятэкі, стане больш памяшканняў для работы клубных аматарскіх фарміраванняў.

Школа мастацтваў пасля капітальнага рамонту свае навучальныя плошчы не пашырыць. Але абноўлены будынак стане больш камфортным для дзяцей і педагогаў.

Наш знакаміты Дом рамёстваў, што стаў візітоўкай раёна на Віцебшчыне, займее больш магчымасцей для пашырэння рамесніцкіх майстэрняў па самых розных жанрах традыцыйнага мастацтва. Пераканана, майстар-класы для дзяцей і дарослых стануць нормай. І ўвогуле, лічу, што захаванне і развіццё старадаўніх рамёстваў, мясцовых народных традыцый Гарадоччыны — адзін з прыярытэтаў нашай перспектыўнай дзейнасці.

Але і на сучаснасць не варта забывацца. Час — імклівы, і за ім неабходна паспяваць. Таму пастаянна шукаем крэатыўныя формы працы…

Праблемы, натуральна, у нас ёсць. У каго іх, цікава, няма? Але ўсе яны — вырашальныя па той простай прычыне, што ў нашага аддзела — цесныя і ўзаемакарысныя стасункі з абласным упраўленнем і раённым кіраўніцтвам. Доказам таму — сённяшнія якасныя пераўтварэнні напярэдадні абласных дажынак.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"