Мажарэткі таварыша Дыніна

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Ёсць такі выраз: “Хвароба росту”. З ім у адносінах да культуры ўсё больш-менш зразумела ды чакана: працэс змен не абыходзіцца без унутранага супраціўлення з боку часткі работнікаў (мо з прычыны паважнага ўзросту, мо праз што іншае) тым пературбацыям, а то і каранёваму перагляду стратэгіі, што маюць прывесці да якасна іншага выніку. Але ж гэтая хвароба лечыцца акурат тым самым вынікам — дасягнутым і перспектыўным адначасова. Апошнім жа часам больш задумваюся пра, скажам так, хваробу боязі росту. Ці — скажам шчыра — абыякавага стаўлення да хоць якіх змен.

/i/content/pi/cult/495/10598/2-1.jpgЯ — пра фестывальны рух. Магу з налёту назваць больш як пяць фестываляў і святаў, дзе ў адкрыцці ўдзельнічаюць мажарэткі ў чырвоных кіцелях, прычым з упэўненай заявай арганізатараў табе “на вушка”: “Толькі ў нас!”. А жадаеце — назаву адразу ж з дзясятак фэстаў, якія ў сваёй праграме маюць урачыстае шэсце ўдзельнікаў праз цэнтральную вуліцу ды плошчу раённага цэнтра (ну, інакш жа гасцей форуму мясцовым жыхарам і не прадставіш…). І вось уявіце, штовыхадныя журналіст сузірае гэткі “дзень сурка”: амаль паўсюль — свая спецыфіка, дзеля якой і створаны ды існуе форум, але — як дзве кроплі падобныя дадатковыя праграмы, пабудова цырымоній адкрыцця ды закрыцця, рэжысура дзей на фестывальных пляцоўках, нават рэпертуар у аматарскіх калектываў ды салістаў — на адзін капыл (пра запрошаных на адзін вечар сталічных “зорак” і не кажу: як правіла, іх абкатаная праграма нярэдка змяшчаецца ў прывезеным з сабой ноўтбуку, ці не так?). Найбольш жа хвалюе тое, што ўсё гэта “акаляючае”-аднастайнае паступова выцясняе сутнаснае, ператвараючы фестываль як падзею культурна-выбітную ў дзею масава-забаўляльную, кшталту свята горада, урэшце, проста ў нагоду правесці час не дома, а каму — і для сумеснага ўжывання “напитков покрепче”. А культура дзе?

Маё першае дэжавю фестывальнага кшталту здарылася тады, калі я тры гады запар наведваў адзін з нашых райцэнтраў пад час фестывалю, канцэпцыя якога (нешта пра народную творчасць; а ў каго, па сутнасці, інакш?) была надзейна страчана, відаць, яшчэ за некалькі гадоў да майго наведання. Цікавасць у публікі выклікалі канцэрты, хоць, прызнацца, толькі выхад “зорак” ды некаторых аматараў, што і сапраўды па-майстэрску заводзілі публіку, абуджалі актыўнасць залы. А шэсце прайшло як шэсце (за -наццаць гадоў яго не пабачылі ў тым гарадку хіба немаўляты!), канцэртныя пляцоўкі працавалі самі па сабе, прыцягнуўшы пэўнага — і далёка не шырокага — гледача, выязны гандаль не здзіўляў адмысловымі рэгіянальнымі стравамі, але шашлыку, сасісак у цесце ды падсохлых пясочных пірожных хапала, а месца продажу вырабаў рамеснікаў называлася… так, “Горад майстроў”. Нечакана, праўда?

На наступны год сцэнарый не змяніўся, а яшчэ праз год я заўважыў, што адну з краін-удзельніц, якая ўжо бывала тут пазалетась, са сцэны аб’явілі: “Упершыню прыбылі прадстаўнікі…”. Больш на той фестываль я не стаў ездзіць.

Двух-, трох-, чатырохдзённыя імпрэзы ва ўмоўным горадзе, што так папулярныя ў нас, нагадваюць мне дзіцячую размалёўку: дэталі малюнка можна зрабіць каляровымі па сваім гусце, а можна пакінуць чорна-белыя аркушы з контурамі. Таму тэрмін “свята”, які цяпер ужываецца да большасці колішніх фестываляў, мне даспадобы ўсё больш: ён неяк акрэслівае тую стабільную праграму, на якую — ні больш, ні менш — варта спадзявацца. А фестываль жа павінен штораз здзіўляць, быць новым, такім, каб пра яго даведаліся, каб загучаў ягоны брэнд, каб захацелі прыехаць на імпрэзу турысты!.. І гэта пры ўсёй яго — разам з тым! — стабільнасці ды грунтоўнасці, традыцыях.

Дык вось, турысты — не прыедуць. Бо фестывалі не растуць унутры сябе (вось яна, згаданая напачатку хвароба боязі росту!). Калі транспарт ходзіць да месца прызначэння толькі раз на дзень, дык дамовіцца пра дадатковыя рэйсы на час форуму ніхто не парупіцца: “А да нас ніхто не ездзіць”… Калі інфармацыя пра падзею з’яўляецца ў чацвер перад пачаткам фэсту ў цэнтральных СМІ ды ў Сеціве (даруйце, прапусціў сайт райвыканкама, куды, відаць, найперш і кіруюць свае пошукавікі патэнцыйныя госці з усяго свету), дык турысты, атрымліваецца, і не патрэбны. Калі ў рамках форуму клапоцяцца толькі пра камфорт “ганаровых гасцей”, дык ці трэба яму расці? “Птушачка” сваё месца ў справаздачы зойме. І пасля — канстатацыя “для прэсы”: сёлета было лепш, чым летась. А розніца ў чым? А змены? А пошук? А стратэгія змянілася ці хаця б удасканалілася? Адказаў няма. Затое ўпэўнена і ўпарта чуем з месцаў, што крытыкаваць фестывалі нельга, дый аналізаваць не варта.

Дык хвароба боязі росту — абыякавасць? Зрабіць “каб было” і "як было" з боку тых, хто займаецца напаўненнем фестывальна-святочных дзён (прыгадваецца замусолены сцэнарый бацькоўскага дня, які “ніхто не адмяняў”, у руках таварыша Дыніна з фільма “Добро пожаловать!, или Посторонним вход воспрещен!”), і з боку тых, хто зацвярджае пад гэты крэатыў бюджэтныя грошы ды просіць спонсарскія.

Больш за ўсё шкада тыя выпадкі, калі для фестывалю зроблена ўсё, каб ён займеў узровень, “разыначку”, канцэпцыю, але даведваецца шырокая грамадскасць пра яго толькі потым. “А мы думалі, вы не зацікавіцеся ды не паедзеце да нас, вось і не запрашалі”, — такі адказ.

Урэшце, я напісаў пра тэндэнцыі. А іх разгляд, на вялікі жаль, не падшываюць у папку з апісаннем які раз дасягнутых дасягненняў і "плюсавой" справаздачнасці...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах