Трыб’ют: дзе пяюць, там і…

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

— Цягам апошніх тыдняў даводзілася колькі разоў тлумачыць розным зацікаўленым і не вельмі асобам адносіны рэдакцыі “К” і стваральнікаў трыб’юту “Песнярам” пад назвай “Re: “Песняры”. Паколькі працэс гэты вымагае шмат часу, прапаную тлумачэнне на старонках газеты.

/i/content/pi/cult/495/10597/2-1.jpgІдэя новага трыб’юта “Песнярам” (папярэдні — ён жа першы — пад назвай “Песнярок” выйшаў яшчэ ў 1997 годзе) была апублікавана на старонках “К” № 8 у лютым гэтага года. У працэсе падрыхтоўкі матэрыялу (яго аўтар — вядомы музычны крытык, наш спецыяльны карэспандэнт Алег Клімаў) думка была агучана прадзюсару Сяргею Будкіну, які, сярод іншага, за апошні час адзначыўся працай з нямым кінематографам у праекце “Тузін. Немаўля”, а яшчэ раней рэалізоўваў доўгатэрміновыя акцыі “Тузін. Перазагрузка” і “Зала славы”. Ідэя Сяргея зачапіла. Была падтрымана яна і Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры”. Адпаведна, газета сваю справу зрабіла, актывізаваўшы грамадскасць, а названыя захады адлюстраваны ў тым самым артыкуле. Далей за працэсам мы толькі сачылі праз паведамленні аб рабоце ад ініцыятыўнай групы.

Паколькі ідэя матэрыялу ў “К” зыходзіла ад мяне, то скажу адразу: не магу назваць сябе вялікім шанавальнікам трыб’ютаў як з’явы ў музычным свеце. Нярэдка, на жаль, да трох чвэрцяў у іх — матэрыял, які з’яўляецца прахадным, а то і, па шчырасці, “сырым”. Урэшце, якасць шмат у чым залежыць ад падбору выканаўцаў з боку арганізатараў-прадзюсараў, ступені падрыхтаванасці артыстаў і паглыбленасці іх у матэрыял. Калі першы пункт пераліку робіць трыб’юту імя, дык апошні стварае (ці не стварае) яму рэнамэ ў гісторыі музыкі пэўнай краіны. Урэшце, пры такіх шматлікіх умоўнасцях натуральна ўзнікае пытанне: а навошта было праз газету прапаноўваць стварыць новы трыб’ют легендарнаму ансамблю? Адкажу падзагалоўкам таго ж артыкула: “Замест бясконцай мітрэнгі клонаў — годны трыб’ют “Песнярам”. Прадзюсары праекта бачаць яго як адказ сучасных альтэрнатыўных музыкантаў “Песнярам”. Мне ж бачыцца, у дадатак, і спроба праз трыб’ют “Re: “Песняры” выйсці на пашырэнне дыяпазону інтарэсаў айчынных выканаўцаў ды цікавасці слухачоў да іх. Магчыма, праз выкананне класічных твораў з рэпертуару “Песняроў” і арыгінальныя работы нашых сучаснікаў займеюць дадатковых (упэўнены, патрэбных ім) слухачоў. Карацей, “Re: “Песняры” — магчымасць і лішні раз паззяць у публічнай прасторы, і падсілкавацца ад спадчыны легенды. А наяўнасць у трэк-лісце работ шэрагу персаналій ды калектываў дае падставы меркаваць пра пэўны ўзровень “на выхадзе”, што яны сваімі работамі, спадзяюся, забяспечаць трыб’юту. Таму ў дадзеным выпадку я — за трыб’ют абедзвюма рукамі.

Цяпер пра канфлікт з песняй “Малітва”. Адзначу найперш вось што: асабіста я выступаю за свабоду ў інтэрпрэтацыях нават класічных твораў (а “Малітва” такой у новай гісторыі айчыннай музыкі, несумненна, стала за два дзясяткі гадоў: парадокс, але ў адным-адзіным выкананні аднаго саліста, прычым катэгарычна не пагаджуся з Сяргеем Будкіным, які ў адным з інтэрв’ю назваў песню “одервеневшей” у версіі 1993 года), тым больш у трыб’ютным фармаце. Іншая справа — згодзен нехта з пэўнай інтэрпрэтацыяй ці не.

Паколькі Алег Молчан, прымаючы рашэнне адносна дазволу на выкананне сваёй песні “Малітва” ў “Re: “Песняры”, звярнуўся па погляд з боку, у прыватнасці, да мяне, то была магчымасць паслухаць варыянт гурта “Naka”. Як слухач, даследчык творчасці “Песняроў” тое, што прыўнёс калектыў у “Малітву” і аб чым казала прэсе Настасся Шпакоўская, не прымаю. Бо не лічу гэта паглыбленнем ці, прынамсі, якасна новым бачаннем твора з такой канцэнтраванай энергіяй слоў Купалы і вакалу Мулявіна ў зыходнай рэдакцыі. Але тое — мая думка. Не больш. (Прызнацца, пакуль не пераканаў мяне ніводзін з іншых спевакоў ды калектываў, што браўся за “Малітву” пасля Мулявіна.) Але зыходны мой тэзіс, нагадаю, — за свабоду ў інтэрпрэтацыі твораў у трыб’ютах. Вось таму Молчану сказаў пасля праслухоўвання варыянта ад “Naka”: “Нават калі ў трыб’ютах “Песнярок” і “Personal Depeche” артысты рабілі процілеглае арыгіналу, ніхто іх за руку не хапаў…”

Але, пагадзіцеся, калі аўтар музыкі стварыў для сваёй песні такі прэцэдэнт, як вызначэнне ім асабіста увасабленняў і выканаўцаў уласнага твора (інфармацыі пра захады Молчана ў сферы аўтарскага права ў адкрытых крыніцах — дастаткова), падобны аспект варта было прадугледзець прадзюсарам будучай работы загадзя і выпрацаваць адпаведны парадак дзеянняў. Вось чаму заложнікам варункаў аказалася “Naka” і ўзнік дадзены канфлікт. А тое, што версія гурта была ўхвалена арганізатарамі праекта, тлумачыцца, верагодна, адпаведнасцю характару ўсяго музычнага матэрыялу ў ім. З улікам апошняга, затрачанай намарна працы сапраўды шкада (хоць нейкі “добры самарыцянін” ужо кінуў версію “Малітвы” ад гурта “Naka” ў Сеціва, таму — усё адносна наконт марнасці: на хвалі інтарэсу праслухоўванні ёй забяспечаны).

Рэдакцыя ж “К” плануе ў найбліжэйшы час пазнаёміць вас з меркаваннямі аб праслуханым яшчэ да рэліза трыб’юце музыкантаў “Песняроў” розных пакаленняў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах