“Хто ўмее таржыць…”

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

У Дрыбіне прайшоў IV Рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”.

/i/content/pi/cult/495/10591/11-3.jpg

 

"Фішка" ад "Дрыбінскіх таржкоў" — мясцовыя валёнкі.

З даўніх часоў на Дрыбінскай зямлі на дзень святога прарока Ільі, у першыя дні жніўня, традыцыйна праводзіліся знакамітыя “таржкі” — вялікі кірмаш. “Таржыць” па-мясцоваму азначае “гандляваць”. Тут гандлявалі ўсім, што магло спатрэбіцца ў гаспадарцы, ды і моладзь выбірала сабе пару.

Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя таржкі карысталіся папулярнасцю не толькі сярод беларусаў, але і ў купцоў са Смаленшчыны ды Браншчыны. Ды сталася так, што даўняя традыцыя забылася амаль на стагоддзе. Ідэя яе аднавіць узнікла тры гады таму, калі рашэннем райвыканкама быў праведзены Першы Раённы фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”. Удалы старт налета прынёс яму статус рэгіянальнага.

Адраджаць, захоўваць і папулярызаваць спадчыну ў дрыбінскіх спецыялістаў атрымліваецца вельмі добра. Так, напрыклад, адным са штуршкоў да заснавання фестывалю з’явілася наданне статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці мясцовай традыцыйнай тэхналогіі шапавальства рэгіёна. Валёнкі, вырабленыя ўручную, як і стагоддзі таму, зараз з’яўляюцца сімвалам свята ды займаюць пачэснае месца на яго эмблеме. Дарэчы, Дрыбіншчына можа пахваліцца яшчэ адной гісторыка-культурнай каштоўнасцю: гэта тэхналогія пляцення лапцей з вёскі Кароўчына.

Аднак у Дрыбін варта ехаць не толькі “па валёнкі ды лапці”. На свяце прадстаўлены вышыўка, ткацтва, саломка- і лозапляценне, кераміка, кавальства, вырабы з бяросты ды бісеру, разьба па дрэве. Такога фестывалю, “спецыялізацыяй” якога былі б народныя рамёствы, на Магілёўшчыне вельмі не хапала: на сёння ў вобласці актыўна дзейнічаюць адразу 16 дамоў рамёстваў, і іхняя сустрэча на адной пляцоўцы спрыяе вызначэнню агульнага стану развіцця народных рамёстваў краю ды іх падтрымцы, а таксама абмену досведам. Сёлета “...Таржкі” сабралі багата ўдзельнікаў не толькі з раёнаў Магілёўшчыны, а таксама і з Віцебскай і Мінскай абласцей, гасцей з гарадоў Пачынок і Белы (Расія).

Уздоўж цэнтральнай вуліцы горада цягнуліся “падворкі-крамніцы” сельгаспадарак раёна і арганізацый горада. Тут можна было палавіць рыбу і пакаштаваць юшкі ў “Крамніцы селядцоў”, прадэманстраваць сваё ўменне пілаваць дрэвы ды калоць дровы і трапна “пастраляць”, у чым папрактыкаваліся і жанчыны. У “Крамніцы траўніка” — выпіць духмянай гарбаты з зёлак і набыць гаючы “венік” з бярозы, ля крамы пчаляра “Шалёная бджылка” — пажывіцца мёдам, у крамніцы “Добра скеніць” — пачаставацца хатнімі стравамі, свежым хлебам, згатаваным па старадаўніх рэцэптах, а ўратавацца ад спёкі дапамагалі крынічная вадзіца і бярозавік…

Ля крамніцы “Дрыбінскія бусавы” якраз і можна было падабраць або замовіць знакамітыя валёнкі, сувеніры з воўны, набыць шапку-магерку для бані. Дарэчы, “бусавы” — гэта назва валёнкаў на арго дрыбінскіх шапавалаў, “катрушніцкім лемезні”.

На другім а паверсе РЦК працавала літаратурная гасцёўня, падводзіліся вынікі штогадовага конкурсу “Славім Дрыбінскі наш край!” сярод вучняў мясцовых школ.

На галоўнай пляцоўцы гаспадары свята Сымоніха і Дрыбша гасцінна запрашалі на канцэртную праграму, у якой прымалі ўдзел лепшыя фальклорныя калектывы і ансамблі народнай песні. Дрыбша — старадаўні талісман мясцовай зямлі, як кажуць тутэйшыя, “чалавек, які ўвесь год працаваў да сёмага поту, а прыехаў на таржкі, прадаў свой тавар — стаў заможным ды вясёлым”. Па павер’і, ад слова “дрыбша” і пайшла назва Дрыбін.

Чацвёрты Рэгіянальны фестываль “Дрыбінскія таржкі” засведчыў: цікавасць да традыцыйных рамёстваў, якія спалучаюць экалагічнасць працэсу вытворчасці, практычнасць ды прыгажосць вырабаў, з кожным годам расце. А гэта азначае, што ў фэсту ёсць будучыня!..

Алена ЦІШКЕВІЧ, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

Фота аўтара