Стаўка большая за жыццё?

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Раз, два, тры, чатыры, пяць — пачынаю скарачаць…
Працягваем гаворку пра сённяшні стан клубаў, бібліятэк, музеяў ды гісторыка-архітэктурных каштоўнасцей. Без перабольшання скажам: пабачылі іх нямала. Прынамсі, ёсць з чым параўноўваць. Радуе і тое, што сустракаліся на Міншчыне (ледзь не праз аднаго) з прафесіяналамі ад культуры, якія не толькі здзяйсняюць, але і вучаць — нас, журналістаў, ды маладую змену яшчэ неспрактыкаваных спецыялістаў. Тое ж самае, дарэчы, датычыцца і тых сівых руін, якія нам давялося пабачыць на Уздзеншчыне. Яны — таксама выхоўваюць, бо нават у выглядзе рэшткаў здатныя пераканаць, якімі велічнымі ды непахіснымі былі нашы продкі… А наўкол панавала спёка. Падрасло новае пакаленне буслоў, у пошуках ежы для якіх іхнія бацькі нястомна цікавалі за трактарамі, што выкошвалі атаву над балацянкамі, багатымі на жабак. Распачыналася жніво… Але хопіць прыродаапісання. Наперадзе — расповед і аналіз таго, дзеля чаго мы раз-пораз і кідаем родную рэдакцыю…

/i/content/pi/cult/495/10589/10-1.jpg

У Гразаўку.
/i/content/pi/cult/495/10589/10-2.jpg

У вёсцы Наднёман.

/i/content/pi/cult/495/10589/10-3.jpg

Таццяна Кухаронак пад час лельчыцкай экспедыцыі.

/i/content/pi/cult/495/10589/10-4.jpg

Загадчык Саковіцкага СК Галіна Ласевіч і мясцовы бібліятэкар Ала Шульга.

/i/content/pi/cult/495/10589/10-5.jpg

Маёнтак Завішаў.

Будны і Завішы

Дык вось, на Уздзеншчыне скіраваліся ў Кухцічы. Як аказалася — не зусім ў тыя. Блытаніна ўзнікла пасля перайменнавання з паўстагоддзя таму гістарычнай часткі Кухціч у Першамайск. Дзякуючы падказкам дырэктара мясцовага СДК Ірыны Ярмак знайшлі правільны кірунак. Праўда, разагнацца ў нашай “хонды” не атрымалася: толькі перасеклі шашу, як вымушаны былі спыніцца: выпадкова ўбачылі памятную шыльду на валуне, тэкст якой змяшчаў інфармацыю пра дзейнасць на гэтых землях славутага Сымона Буднага. Што і казаць, дадатны ўнёсак мясцовых улад ва ўшанаванне памяці славутых землякоў! Вось каб яшчэ і ўказальнікі з’явіліся да бліжэйшых гісторыка-культурных аб’ектаў…

А яны сапраўды ўражваюць! Чаго толькі варты колішні Кальвінскі збор сярэдзіны XVI стагоддзя — унікальны ўзор храма абарончага тыпу, які, поруч з праваслаўнымі цэрквамі ў Мураванцы і Сынкавічах, касцёлам у Камаях, мог бы стаць візітоўкай нашай краіны для замежных турыстаў. Сёння святыня, узведзеная па фундацыі колішняга ўладальніка маёнтка Мацея Кавячынскага, якая памятае Сымона Буднага, перажывае не лепшыя свае часы… Як і сядзіба прадстаўнікоў яшчэ аднаго славутага роду — Завішаў, апошняй уладальніцай якой была Магдалена Радзівіл, тая самая мецэнатка, якая ахвяравала свае сродкі на падтрымку беларускага адраджэнскага руху пачатку ХХ стагоддзя. Сядзіба, узрост якой не такі пашанотны, у параўнанні з будынкам колішняга Кальвінскага збору, захавалася куды лепш, але без інвестыцый і яна неўзабаве можа ператварыцца ў “маляўнічыя руіны”, падобна да рэшткаў палаца Якуба Наркевіча-Ёдкі, што мусяць прывабліваць турыстаў у вёсцы Наднёман, куды ад Кухцічаў рукой падаць. Скіраваліся туды і мы.

Ужо ля самай брамы зразумелі: рэстаўрацыя аб’екта паціху ідзе. Пра гэта сведчаць рыштаванні, горы акуратна складзенай цэглы, часткова атынкаваная правая частка брамы. Злева ад брамы намаганнямі Дабрачыннага фонду імя Наркевіча-Ёдкі расчышчана сутарэнне глыбінёй больш чым на метр, устаноўлены перакрыцці. А вось сам палац, у свой час перабудаваны па ўнікальным праекце з бровара, пакуль імкліва руйнуецца пад уздзеяннем прыроднага і чалавечага фактараў.

Усю дарогу нас мучыла думка: якая будучыня чакае гэтыя аб’екты? Па прыездзе ў Мінск звярнуліся да дырэктара Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамары Лухверчык. Па яе словах, раён зацікаўлены ў рэстаўрацыі і выкарыстанні архітэктурных перлін. У прыватнасці, разглядаецца пытанне музеефікацыі сядзібы Завішаў і будынка колішняга Кальвінскага збору. Уся загвоздка, вядома, у фінансаванні. У вырашэнні праблемы Тамара Пятроўна спадзяецца на падтрымку з боку Дабрачыннага фонду імя Якуба Наркевіча-Ёдкі, а таксама нашчадкаў славутага навукоўцы, якія таксама зацікаўлены ў адраджэнні не толькі родавога гнязда, але і гістарычнай спадчыны раёна…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я — пра рэкламныя ўказальнікі. Дзевяць гадоў таму шукаў у Капылі дом, у якім нарадзіўся Зміцер Жылуновіч, старшыня Часовага ўрада Беларусі ў 1919 годзе і знаны пісьменнік, вядомы пад псеўданімам Цішка Гартны. Дык вось, у доме жыла па тым часе звычайная сям’я, што не мела ніякага дачынення да Жылуновічаў. Але не гэта падалося асноўнай праблемай: ніхто з жыхароў не ведаў, дзе знаходзіцца тая хата. Лішне казаць, што і адпаведных указальнікаў я ў горадзе не сустрэў. Знайшоў жа (пасля доўгіх пошукаў) па мемарыяльнай шыльдзе, якая паведамляла пра гады нараджэння ды смерці палітыка і пісьменніка. Больш — ніякай інфармацыі. Пашанцавала: з дома насупраць выйшла былая выкладчыца роднай літаратуры і ўсё патлумачыла. З тых часін захаваўся толькі падмурак. Вось на ім і стаіць “навадзел”. Потым гасцінная пенсіянерка распавяла пра лёс Жылуновіча, пра ягоныя творы… Прыблізна такі ж лёс — у рагачоўскага дома, дзе пэўны час працаваў Уладзімір Караткевіч. Памятная дошка на валуне ля дома ёсць. Указальнікаў па горадзе — аніякіх. Дык мо на сёння што змянілася? Вельмі хацелася б. Дзеля павагі да гісторыі Беларусі…

Крыж у Грозаве

Нёман ізноў павітаўся з намі ў Капыльскім раёне. А за рэчкай Выня на дарогу выбегла вёска Грозава. Ну як не завітаць? Тутэйшая плошча, мяркуючы па грунтоўнай, але старадаўняй забудове, захавала статус гістарычнага цэнтра. Тут месцяцца кантора КСУП і СДК з бібліятэкай. А паміж імі, нечакана, — высокі крыж. Надпіс на шыльдзе паведамляе: “У Грозаве ў лістападзе 1920 года пад час Слуцкага збройнага чыну быў утвораны другі Грозаўскі плок абаронцаў Беларускай народнай рэспублікі”. Нашы дзяды не мелі дачынення да збройнага чыну, але памкненні іншых дзядоў нам зразумелыя. Яны хацелі для нас людскага жыцця. Схіляем галовы. Ля крыжа — свежыя кветкі. У Грозаве жыве Памяць. А з яе вырастае ўсё: і культура, і самапавага. На гэта, праўда, патрэбнен немалы час…

Клуб зачынены на законны перапынак. Пытаемся ў дзевяцікласнікаў, якія хаваліся ад спёкі пад старасвецкімі дрэвамі ля клубнага ўвахода, што цікавага прапаноўвае ўстанова пад час вакацый. “Дыскатэкі”, — радасна адказваюць загарэлыя абарыгены. А ці ёсць сярод іх пенныя ці джынсавыя? Хлопцы не надта разумеюць, пра што мы гаворым…

Крыху патлумачыў сітуацыю вясковец сярэдняга веку, што праязджаў на веласіпедзе з мотакасой у руцэ. Прэтэнзій да клубнікаў у яго няшмат. І тым не менш. Кінаўстаноўка — ёсць, а кіно не дэманструецца — гэта раз. Буйныя канцэрты — цікавыя, але вельмі рэдка ладзяцца — гэта два. Шкада, але мы так і не высветлілі, наколькі сур’ёзнымі былі тыя заўвагі. Абяцаем высветліць сітуацыю ў самы бліжэйшы час. (Мяркуем выслаць матэрыялы нашых аўтавандровак на рэагаванне ў адпаведныя інстанцыі ды структуры.) На развітанне вясковец параіў нам наведаць мясцовыя архітэктурныя цікавосткі, што захаваліся не толькі ў Грозаве, але і ў суседнім Гразаўку.

Чым адметны Гразавок?

Па дарозе да старадаўняга палаца пераконваемся: на гістарычныя славутасці мястэчка багатае! Тут табе і помнік выдатным землякам-яўрэям, і адметная скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Героям Вялікай Айчыннай, і, вядома ж, палац прадстаўнікоў роду Мержаеўскіх, пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму.

З 1970-х і да пачатку 1990-х у колішнім палацы размяшчалася школа. Пасля распаду СССР будынак пуставаў ды імкліва прыходзіў у занядбанне. Як атрымалася высветліць, тры гады таму яго выкупіла за адну базавую велічыню адно салігорскае прадпрыемства. Зараз у Грозаве ідуць актыўныя рэстаўрацыйныя работы. Ужо ўмацаваны падмурак, цокаль, перакрыцці паміж паверхамі, адноўлены сцены, дах... Неўзабаве ў гэтым гістарычным месцы мусяць з’явіцца трохзоркавы гатэль і рэстаран. А ў сутарэннях новыя ўладальнікі плануюць зрабіць вінны склеп.

Прызнаемся, некаторых мясцовых жыхароў такія перспектывы трохі бянтэжаць: людзі апасаюцца, што разам з пераўтвораным у гатэль палацам у аграгарадку зменіцца звыклы для іх лад жыцця. Магчыма, і так. Але, калі не займацца аднаўленнем спадчыны, яе можна страціць назаўсёды, у чым мы і пераканаліся ў суседняй вёсцы Гразавок. Палац (ці то тых жа Мержаеўскіх, ці то Мурашкаў) мы так і не знайшлі. Убачылі толькі рэшткі мураваных гаспадарчых пабудоў, зарослыя пустазеллем ды заваленыя смеццем. Словам, перад намі паўсталі зусім не маляўнічыя краявіды…

У госці да Раманоўскага

Даўно хацелі наведаць Цімкавічы і пабываць у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага. Замінала тое, што ўстанова доўга рамантавалася, а апошнім часам — імкнецца якасна змяніць экспазіцыйнае аблічча. Праблема, якую намагаецца сёння вырашыць ці не кожны музей. Усё зразумела: наведвальнік прагне эксклюзіву.

Гэтым разам падстрахаваліся: загадзя стэлефанаваліся з загадчыкам цімкавіцкага філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Людмілай Ніжэвіч. Але Цімкавічы шукалі доўга: яшчэ адна праблема, звязаная з адсутнасцю рэкламных указальнікаў па дарозе да знакавых культурна-гістарычных аб’ектаў. Словам, пабадзяліся па стэпава-лясных трактах — і вось, нарэшце, Цімкавічы.

Музей знаходзіцца ў вёсцы, дзе прайшло маленства славутага пісьменніка, адкуль паходзяць героі ягоных твораў. Але музей — не копія хаты, дзе вырас літаратурны геній. Установа месціцца ў спецыяльна ўзведзеным на пачатку 1990-х будынку, зусім не падобным да сялянскай хаты. І тым не менш, у новай экспазіцыі, працу над якой завяршае мастак Генадзь Чыстых, будзе адлюстравана месца, дзе жыў маленькі Мікалай Раманоўскі (сапраўднае імя Кузьмы Чорнага). Як мы даведаліся ад Людмілы Ніжэвіч, дзяды пісьменніка былі ткачамі. А таму ці не галоўныя атрыбуты адной з экспазіцыйных залаў — кросны і ткацкі станок. Здавалася б, такая аўтэнтыка ёсць, бадай, у кожным этнаграфічным музеі. Дзе тут эксклюзіў? Ды хаця б у тым, што кожны госць музея можа саткаць адзін радок ды захаваць тым самым свой візіт у музейнай памяці!..

Да слова, інтэрактыўнасці ў музеі багата, у чым самі пераканаліся, намаляўшы на марскім пяску прыдуманыя на хаду вобразы. Гэткую ж магчымасць маюць і ўдзельнікі музейных заняткаў “Мора шуміць”. Такое адхіленне ад літаратурнай тэмы Людміла Ніжэвіч тлумачыць проста: экспазіцыя ў музеі — пастаянная, і калі нічога не прапаноўваць наведвальніку, ён прыйдзе раз-другі — і ўсё. А таму акрамя музейных заняткаў цімкаўцы завітваюць ва ўстанову на тэатральныя пастаноўкі. Балазе выбар ёсць — пры музеі дзейнічаюць два тэатры: Тэатральная студыя “Іскрынка”, усе пастаноўкі якой адбываюцца выключна па творах Чорнага, і дзіцячы Тэатр фланеляграфіі. За інсцэніроўкі адказвае сама Людміла Ніжэвіч, яна ж і рэжысёр. У будучым плануецца прапанаваць гасцям музея прагляд запісаных на відэа тэатральных пастановак, а магчыма, і купіць DVD. Думаецца, школьныя настаўнікі набылі б іх з задавальненнем. Акрамя таго, у планах — дэманстрацыя мастацкіх стужак, знятых па творах Кузьмы Чорнага. Зараз прапрацоўваецца пытанне іх алічбоўкі на “Беларусьфільме”.

Якія яшчэ цікавосткі будуць прывабліваць гасцей? Хаця б тыя ж пешыя і веласіпедныя падарожжы па мясцінах, звязаных з дзяцінствам пісьменніка. У цэнтры ўвагі акажацца калодзеж, з якога піў ваду Міколка Раманоўскі, рачулка, дзе хлопчык лавіў рыбу, радзівілаўскі парк…

Так што Цімкавічам пашанцавала. Музеем тут кіруе прафесіянал, дзякуючы якому экспазіцыя не абмяжуецца толькі музейнымі сценамі, а ўпэўнена знойдзе лагічны працяг на вясковых вуліцах ды завулках, дзе рос будучы пісьменнік сусветнага ўзроўню Мікалай Раманоўскі…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Прыемна бываць у музеях, арыентаваных не толькі на калектыўнага, групавога турыста, але і на індывідуальнага. Чаму б з добрым гідам не паблукаць па мясцінах, звязаных з класікам, перакананы, сусветнай літаратуры; не ў шумным натоўпе, а ў адзіноце пачуць голас Кузьмы Чорнага, паслухаць той жа радыёспектакль “Млечны шлях”, які нядаўна быў створаны на Беларускім радыё?.. І вельмі радуе, што ўсё гэта ў Цімкавічах будзе. Адчуваецца тут еўрапейскі падыход, арыентаваны на наведвальніка з самымі рознымі патрэбамі….

З кім з’есці пуд солі?

Начавалі мы ў Салігорску. Літаральна некалькі ўражанняў ад гэтага буйнога прамысловага горада. Вельмі многія бакавыя фасады шматпавярховікаў аздоблены роспісамі: вялізнымі выцінанкамі ці вельмі някепскімі перайманнямі Сікейраса. У кавярні побач з гасцініцай “Алеся” нават на пачку цукру для кавы прысутнічае брэнд “Беларускалій”. Мясцовыя шахцёры працуюць, відаць, пазменна, бо культурнае жыццё Салігорска віруе і днём, і ноччу. Шмат арыгінальных фантанаў. Ці не кожны сустрэты намі мужчына — шахцёр. Прафесія — не толькі прэстыжная, але і грашовая. Калі і з’есці пуд солі — дык толькі ў Салігорску...

На наступны дзень без прамаруджванняў выехалі на раён. Вельмі карцела пабачыць, як ідзе аптымізацыя ўстаноў культуры. Шчыра кажучы, ад добрых знаёмых, якія жывуць на Салігоршчыне, даведаліся, што ў вёсцы Паварчыцы (побач са Старобінам) пэўны час таму закрылі бібліятэку, а нядаўна — сельскі клуб. Работнікі цяпер — на пенсіі. А ўстановы — на замку. Між тым, насельніцтва ў Паварчыцах — больш за 400 чалавек. Але едзем у Саковічы. А раптам там — усё нармальна і нікога пенсіяй не “пакаралі”?

Саковічы знакамітыя вялізным возерам пасярод вёскі. Найцудоўнейшая зона для паўнацэннага адпачынку! Здавалася б, клуб і бібліятэка тут павінны карыстацца павышаным попытам, бо на маляўнічай прыродзе пяецца ды чытаецца з павышаным натхненнем. Тым больш, што ўстанова культуры — вось яна, праз дарогу ад воднай прахалоды.

Знаёмімся з загадчыкам СК Галінай Ласевіч і бібліятэкаркай Алай Шульга. Дарэчы, Ала Уладзіміраўна адзначыла 30-годдзе творчай дзейнасці. Віншуем!.. Цікавімся перспектывамі ўстановы. А яны павінны быць па вызначэнні, бо ў вёсцы — больш за 330 насельнікаў, 40 — узростам да 30 гадоў. Праўда, школу закрылі: у яе будынку, кажуць, размесціцца неўзабаве сацыяльны прытулак. Уся “цывілізацыя” — у аграгарадку “Зажэвічы”. Але ж гэта за дзесяць кіламетраў ад Саковічаў…

Дык вось, у сельскага клуба і, найперш, бібліятэкі — ніякіх перспектыў. “Да новага года наўрад ці дажывём”, — у роспачы шукаюць у нас паразумення саковіцкія работнікі культуры. Шукаюць — і знаходзяць. І не толькі з той прычыны, што ўстанова ў пачатковай стадыі аптымізацыі пераўтвараецца ў клуб-бібліятэку (папаўненне кніжных фондаў і падпіска на перыёдыку, у тым ліку — на “К”, па словах Алы Шульга, ужо спынены). Непакоіць правераная практыкай заканамернасць: скасоўваюць бібліятэку з клубам — знікае і вёска…

Клубніца з бібліятэкаркай працягваюць: у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі яны самі прапанавалі пакінуць ім па палове стаўкі і захаваць ранейшы працоўны расклад. Не пагадзіліся. Маўляў, дзве паўстаўкі, гэта — не стаўка, маўляў, аптымізацыя патрабуе скарачэння. Занадта ўжо крыважэрная гэтая аптымізацыя атрымліваецца! У выніку бібліятэкарка з 30-гадовым стажам ідзе на пенсію. А Саковіцкі клуб-бібліятэка праіснуе толькі да канца года, да той часіны, калі аптымізацыя зноў “агаладае”.

Жанчыны не прыхоўваюць, што наведвальнасць і клуба, і бібліятэкі магла б быць і большай. Цудоўна разумеюць, што занадта позна схамянуліся. Стаім учатырох на азёрным беразе ды разважаем, як актывізаваць культурную дзейнасць у Саковічах. Па-першае, можна ўладкаваць на возеры сцэну-прыстань. Канцэрты на свежым паветры — гэта ж зусім іншая справа! Забягаючы наперад, зазначым, што менавіта такую “азёрную” і рэдка пустуючую сцэну мы бачылі ў вёсцы Агарэвічы, што на Ганцавіччыне… А яшчэ можна арганізаваць пункт пракату рыбалоўнага рыштунку для такіх бадзяг-вандроўнікаў, як мы. А яшчэ… Ды ці мала яшчэ можна прыдумаць, каб захаваць культурны складнік Саковічаў?! У адваротным выпадку, атрымаем сітуацыю “культурнага вакууму”, як, да прыкладу, у вёсцы Крушнікі, дзе заблукалі ў пошуках выезду да наступнага нашага аб’екта. Не старая яшчэ жыхарка паселішча на наша пытанне, ці ўзнімаюць настрой прыезджыя работнікі культуры, адказала з непрыхаваным жалем: “Не бываюць у нас ні аўтаклуб, ні бібліобус — адзін толькі сум застаўся!”

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Няўжо для таго, каб атрымліваць прыстойны заробак, трэба вырабляць (здабываць) канкрэтны прадукт, які ўспрымаецца дотыкам, да прыкладу — соль? Культуру, на жаль, рукамі не памацаеш. Рэч — абстрактная, словам. Адпаведны і заробак. Глядзіце: самыя нізкія заработныя платы — у настаўніка і работніка культуры. Карацей, у тых, ад каго залежыць духоўнасць нацыі. Адсюль — кадравы дэфіцыт у абедзвюх сферах. Хоць душа не адчуваецца на дотык, але выдаткі працэсу сталі добра заўважныя: няма ўжо асаблівай розніцы паміж стаўкай і чалавечым лёсам…

Фота аўтараў

Першы артыкул цыкла тут.

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына;
Міншчына, Гродзеншчына, Брэстчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"