Свята для палешукоў

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Абласное свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”, старт якому быў дадзены ў мінулым годзе, 12 верасня зноў сабрала сяброў. Адметнасць сёлетняга фестывалю ў тым, што ён праходзіць у рамках Года гасціннасці.

/i/content/pi/cult/494/10581/10-4.jpg

Міхаіл Фінберг і яго аркестр на леташняй імпрэзе.

Сёлета наш край адзначае 90-годдзе стварэння Любанскага раёна, 70 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 55 гадоў з часу адкрыцця на Любаншчыне цэнтра музычна-эстэтычнага выхавання — музычнай школы (сёння гэта дзіцячая школа мастацтваў).

Да юбілею раёна хлебаробы Любаншчыны намалацілі 90 тысяч тон збожжа. У рамках свята адбылося ўшанаванне пераможцаў жніва і, вядома, — вялікая канцэртная праграма з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара Міхаіла Фінберга. Праграма прадугледжвала і класіку, і эстраду, і джаз. “Мы аднолькава ставімся да ўсіх кірункаў, галоўнае — каб музыка была напісана і выканана прафесійна, а таксама мела нацыянальную аснову”, — канстатаваў маэстра.

“Палескія сустрэчы” прэзентавалі кнігу доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай “Музычныя промні Любані ў залатым коле Міншчыны”. Як лічыць аўтар, беларуская культура моцная сваімі малымі гарадамі. Так склалася гістарычна, таму лагічна, што менавіта на іх базе развіваецца фестывальны рух. Фестываль носіць асветніцкі характар, імкнецца прыцягнуць моладзь у музыку, у нацыянальнае мастацтва. І менавіта ў Любанскай школе мастацтваў распачнуцца сустрэчы з музыкантамі ансамбля флейтыстаў Нацыянальнага акадэмічнага аркестра.

Адметнасць фэсту — сустрэча з юнымі тэленавітымі мастакамі школ мастацтваў Міншчыны ў рамках абласной "АРТ-сесіі", узнагароджанне і канцэрт лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Свята доўжыцца на трох пляцоўках: у Любанскай дзіцячай школе мастацтваў, Сароцкім сельскім доме культуры і на цэнтральнай плошчы. Цудоўным падарункам для меламанаў стай канцэрт беларускай класічнай музыкі “Любанскія мары Станіслава Манюшкі”, прысвечаныя 195-годдзю з дня нараждэння кампазітара.

Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама