Дык што, культурай — не захапіць?

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

У Іванаве — пра рэдкія кадры, запас на дзесяць гадоў і лёс “Мотальскіх прысмакаў” / Знянацку і без “візы”: журналіст “К” + мясцовы "інсайдар" ва ўстановах культуры
На жаль, другі раз запар не ўсё склалася так, як мы задумвалі, плануючы чарговы неаб’яўлены візіт у адзін з раённых цэнтраў, дзе мелі намер азнаёміцца з працай устаноў культуры. У самы апошні момант, спаслаўшыся на форс-мажорныя абставіны, “інсайдар” газеты адмовіўся суправаджаць яе карэспандэнта па адпаведных установах, а значыць, і даць свой бесстаронні каментарый па іх дзейнасці. І каб не “цяжкая артылерыя”, погляд на канкрэтную культурную прастору знутры быў бы няпоўным. Але пра ўсё — па парадку... Сёння знаёмімся са станам спраў у некаторых установах сферы ў Іванаве.

/i/content/pi/cult/494/10580/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/494/10580/10-2.jpg

Літаратурна-музычная гасцёўня ў ЦКіНТ, у якой, сярод іншага, праводзяцца ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў. А гэта — капейчына ў скарбонку ўстановы.

Канцэрты са слязамі і новае жыццё “…Прысмакаў”

На ганку Раённага цэнтра культуры і народных традыцый нешта разгружалі ды ўносілі ўнутр будынка. У фае панавала мітусня, сноўдалі людзі. “Напэўна, і тут рамонт”, — падумаў я, прыглядаючыся да падлогі ды сцен, шукаючы сколы, свежазатынкаваныя трэшчынкі ды іншыя яго прыкметы. І амаль не памыліўся. Рамонт і мадэрнізацыя РЦКіНТ патрэбны. (А як патрэбны яны дзясяткам дамоў культуры, музеяў, ДШМ, тэатраў… — пра гэта не стамлюся пісаць.) Урэшце, у якім аб’ёме і калі працэс завіруе напоўніцу, вырашыць мясцовая выканаўчая ўлада, адкрыўшы сейф з бюджэтнымі асігнаваннямі. А калі на ўсё адразу грошай не хопіць, дык крэслы ў глядзельнай зале я параіў бы замяніць найперш...

— З’яўляемся цэнтрам культурна-масавай работы ў горадзе і раёне, курыруем дзейнасць сельскіх устаноў культуры, — дала мне ўводныя звесткі дырэктар РЦКіНТ Ніна КУЛІЧ. — Пры Цэнтры працуюць восем калектываў, якія носяць званне “народны” (усяго такіх у раёне амаль утрая больш: дваццаць тры), а таксама адзін са званнем “Заслужаны аматарскі калектыў”. Да гэтага ліку дадайце шматлікія гурткі, тэатр моды. Усяго ж наведвае такія фарміраванні ва ўстанове больш за 500 чалавек…

Ну і ці варта казаць, што Цэнтр культуры праводзіць шмат праграм, разлічаных на публіку самую шырокую. Так, з дзвюхгадзінным канцэртным турам “Калядны калейдаскоп” — своеасаблівай творчай справаздачай за год — артысты Цэнтра і вядучыя калектывы раёна аб’ехалі ўсе аграгарадкі Іванаўшчыны. Праект “Сцежкамі даўніны” ў рамках акцыі “Ноч музеяў” пазнаёміў з артэфактамі са скарбніц раёна і не толькі. “Ноу-хау” ўстаноў культуры раёна сталі Клубы творчай моладзі ў іх (аналагі КВЗ), фінальныя гульні якіх праходзяць у Дзень моладзі. Працягвае сваё шэсце па Іванаўшчыне і праект “Палескi гасцiнец”, які стартаваў на пачатку Года гасціннасці ды знаёміць з рэгіянальнымі асаблівасцямі населеных пунктаў. З гэтай нагоды кожная занальная творчая група (іх створана пяць) прэзентуе сваю праграму, куды ўваходзяць і канцэрт, і паказ рэгіянальнай абраднасці, і выстаўкі майстроў...

— А вось пра што нас шмат пыталіся, дык пра тое, чаму ў 2014-м не было фэсту “Мотальскiя прысмакi”, — кажа мне Ніна Пятроўна. — А справа ў тым, што мы вырашылі прапанаваць новы творчы праект, каб, акрамя дэгустацый, прадэманстраваць і багацце вырабаў народных рамёстваў. Форум атрымаў назву “Летнiк рамёстваў”. У яго рамках ахвотныя маглі наведаць аграсядзібы, дзе знаёміліся з гаспадаркай, назіралі абрады, спрабавалі сябе ў стварэнні вырабаў з гліны, саломкі, дрэва. А “...Прысмакi” цяпер станем праводзіць, хутчэй за ўсё, раз на два гады…

З трапятлівасцю ставяцца ў ЦКіНТ да паездак у аўтаклубе-бібліобусе па маланаселеных вёсках раёна. Асабліва хвалюючыя канцэрты праходзяць непасрэдна ў дамах пажылых людзей, а то і ў бальнічных палатах. Вось ужо сапраўды — радасць са слязамі на вачах. Па абодва бакі імправізаванай сцэны...

Акрамя бюджэтных сродкаў, Цэнтр сёлета мае план платных паслуг у 275 мільёнаў рублёў. Акрамя канцэртнай дзейнасці і шэрагу платных гурткоў, на скарбонку спрацоўвае і прадастаўленне плошчаў пад выстаўкі з кірмашамі. Чакаючы рамонту, яшчэ ў Цэнтры спадзяюцца, што ім выдзеляць фінансы і на набыццё сцэнічных касцюмаў для хору, а пакуль, як водзіцца на культурнай Беларусі, абшываюць сябе і паднаўляюць гардэроб з дапамогай усіх магчымых сродкаў. “З залы глядзіцца, быццам новае...” — ці то замілоўваецца, ці то сумуе Ніна Куліч. Затое радуе той факт, што бліжэйшым часам папоўняць актывы новыя камп’ютары і мікрааўтобус.

Сяброўства сяброўствам...

Дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў размяшчаецца ў тым жа будынку, што і ЦКіНТ. Установы сябруюць, бо ў Цэнтры — не ў прэтэнзіі, што яму як бы давялося падзяліцца ўласнымі метрамі. Часам ён аддае і сцэну для заняткаў навучэнцаў школы. Сябруюць і творча: часцяком вучні ДХШМ прымаюць удзел у праграмах ЦКіНТ. Агульнае ва ўстаноў і нятворчае: рамонт таксама не абмінуў школу...

— У вобласці не шмат такіх устаноў, хоць у насельніцтва яны запатрабаваныя, — тлумачыць дырэктар ДХШМ Людміла САМАХАВЕЦ. — Так, нашу школу наведвае 185 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў і яшчэ каля 80 (6-7 гадоў) — на падрыхтоўчым аддзяленні. Кошт навучання, адпаведна, — 50 тысяч і 85 тысяч рублёў у месяц. Маем філіял у вёсцы Махро, дзе навучаюцца 26 чалавек. Пасля далейшай адукацыі (як правіла, у Пінскім і Гродзенскім каледжы мастацтваў) некаторыя з выпускнікоў вяртаюцца да нас як выкладчыкі. А зараз прыйшло пяць маладых спецыялістаў…

Перыядычна працуе гурток аэробікі, які прыносіць, разам з канцэртнай дзейнасцю, пазабюджэтныя сродкі. Сярэдняя заработная плата ва ўстанове складае каля чатырох мільёнаў рублёў.

На матэрыяльна-тэхнічную базу Людміла Васільеўна не скардзіцца, адзначаючы пры гэтым, што пастаяннага абнаўлення патрабуюць абутак і касцюмы. І тут спрыяе апякунскі савет: хтосьці з яго членаў дапамагае фінансава, хтосьці купляе тканіну ці шые сам… І хочацца, усё ж такі хочацца дырэктару, каб у ДХШМ было сваё асобнае памяшканне!..

Абсалютны эксклюзіў

А вось у Дзіцячай школы мастацтваў і народнай дэкаратыўна-прыкладнай творчасці (ва ўжытку і раскручаная назва — Школа бондарства) яно ёсць: невялікi ўтульны будынак. Тут падлеткаў 12 — 15 гадоў не толькі вучаць рабіць посуд, але і адраджаюць збольшага забытае рамяство, якім славіўся і славіцца Іванаўскі раён. Школа — адзіная ў рэспубліцы, што спецыялізуецца толькі на дадзеным промысле.

— Бондарства ў нас, — сцвярджае дырэктар Наталля ГАЦЭВІЧ, — гэта не нейкі выставачны элемент, які мае адно прэзентацыйнае прызначэнне. Вырабы — запатрабаваныя, у нас столькі заказаў, што выканаць іх усе мы не ў сілах. Гандлюем прадукцыяй на выстаўках-продажах. Больш за тое: да нас прыязджаў чалавек з Расіі і прасіў арганізаваць у адным з раёнаў яго краіны навучанне гэтаму рамяству…

На пытанне, ці жаночы тое занятак, Наталля Міхайлаўна кажа, што не ведае “правільнага” адказу. Але сярод вучняў установы няма дзяўчат. Парадаксальнасць жа сітуацыі заключаецца ў тым, што юных іванаўскіх прадстаўніц прыгожага полу, якія жадаюць авалодаць гэтым уменнем, — з лішкам! Чаму іх не прымаюць у школу, ніхто мне дакладна растлумачыць так і не змог. Але! На пятнаццатым годзе яе функцыянавання, магчыма, дзяўчатам дадуць “зялёнае святло” — пакуль як эксперымент, для пачатку дапусціўшы іх да роспісу па дрэве, адкрыўшы адпаведнае аддзяленне.

Наталля Гацэвіч лічыць, што меркаванне, якое мае месца да гэтага часу, — нібыта ва ўстановы, дзе з юных гадоў вучаць працы рукамі, “высылаюць”, у асноўным, дзяцей з няшчасных сем’яў і ўжо вядомых не з лепшага боку міліцыі, — памылковае. “Так, і ў нас былі “цяжкія падлеткі”, — спярша нібыта пагаджаецца яна, але потым развівае думку: — Але гэта прыватнасці. Ёсць тыя, хто ў агульнаадукацыйнай школе вучыцца на тройкі, але ў нашай яны становяцца выдатнікамі! Таму што тая школа не можа ім даць магчымасць у поўным аб’ёме рэалізаваць іхнія творчыя схільнасці”.

У дрэве, якое закупляюць для ўстановы пераважна ў Іванаўскім лясніцтве, недахопу няма. Дый на брак чагосьці яшчэ з матэрыяльнага Наталля Міхайлаўна асабліва не наракае, ва ўсялякім выпадку, абсталяванне і інструментарый, дзякуючы якім з’яўляюцца розныя вырабы, знаходзяцца ў працоўным стане і перыядычна абнаўляюцца. Ёсць жа праблема глабальная: у нашай краіне не рыхтуюць кадры, якія маглі б выкладаць бондарскае рамяство. Разам з Гацэвіч у Школе працуюць пяць настаўнікаў. Маладых спецыялістаў навучаюць бондарству менавіта тут, на практыцы. Мабыць, калі каму-небудзь з тых, хто прымае рашэнні ў маштабе дзяржавы, падасца, што бондарства ў Беларусі можа мець прамысловы патэнцыял, тады і настаўнікаў гэтаму мастацтву пачнуць рыхтаваць у спецыялізаваных установах.

А вазьміце дуду!

У Дзіцячай школе мастацтваў выкладчыкаў рыхтуюць і для сябе, і для “таго хлопца”, прычым ужо рыхтуюцца і да ўласнага юбілею.

— Налета Школа адзначыць 50-годдзе, — кажа дырэктар Святлана КАЛОДЗІЧ. — Ёсць чым ганарыцца! Вось хоць бы кубкам, які быў уручаны нашаму вакальнаму ансамблю хлопчыкаў “Next” як Гран-пры на Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” у рамках апошняга “Славянскага базару…”. Планы? Калі адчуем попыт, хочам паспрабаваць адкрыць новыя класы — па навучанні ігры на віяланчэлі ды флейце, — а можна арганізаваць і тэатральнае аддзяленне…

Апошніх сёння ў школе — восем, на якіх у 54 выкладчыкаў праходзяць навучанне ў залежнасці ад узросту (6-11 гадоў) на працягу 5-7 гадоў 377 навучэнцаў з усяго раёна (сярэдні кошт навучання — 60 тысяч рублёў), 77 (ва ўзросце 5-7 гадоў) — на падрыхтоўчым аддзяленні (аплата — 35 тысяч). А дзятва вёскі Яечковiчы атрымлівае спецыяльную пачатковую адукацыю ў адкрытых летась мастацкім класе і класе акардэона на месцы. На жаль лідара гурта “Стары Ольса” Дзмітрыя Сасноўскага на дудзе граць у ДШМ не вучаць. А паводле шматгадовых пошукаў тэарэтыка-музыканта, дуда з’яўляецца ледзь ці не прамаці ўсіх інструментаў свету, і радзіма яе — мы! Мо варта ўзяць “на заметку” кіраўніцтву школы і гэты інструмент?..

Нейкіх сталых праблем, як і тых, якiя ўзнікаюць перманентна, у працы ўстановы Святлана Міхайлаўна не бачыць: “Калі патрабуецца нейкая дапамога, улады заўсёды ідуць нам насустрач. Гэта датычыцца, напрыклад, набыцця інструментаў. Нам нават нагадваюць, што час абнавіць той або іншы “парк”! А ў наступным годзе плануецца распачаць капітальны рамонт школы…”

Ну а пазабюджэт у ДШМ зарабляюць толькі канцэртнымі выступленнямі. “Мая прынцыповая пазіцыя заключаецца ў тым, што там, дзе дзеці, для ўстаноў культуры не можа існаваць іншых спосабаў прыцягнення фінансаў, — пераканана Святлана Калодзіч. — Ніякай здачы памяшканняў у арэнду!.. Ды нам і здаваць, прызнацца, няма чаго...”

Каментарый зацікаўленай асобы

І абяцаны погляд знутры ад “цяжкай артылерыі” — былога начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра ШЭЛЯГОВІЧА, які ён узначальваў трыццаць гадоў!

— Горад і раён жывуць паўнавартасным культурным жыццём. У маю бытнасць начальнікам аддзела культуры мы вельмі сур’ёзна падыходзілі да падбору кадраў. Большая іх частка прыходзіла ў нашы ўстановы культуры свядома і з жаданнем працаваць, а не, скажам, адпрацаваць размеркаванне ды хуценька сысці. Мы імкнуліся ствараць такія побытавыя ўмовы маладым спецыялістам, каб яны не аказвалі адмоўнага ўздзеяння на іхнюю дзейнасць. Прадастаўлялі інтэрнат, ніколі не пакідалі без увагі пытанне заработнай платы. З інструментамі, касцюмамі, рэквізітам праблем не існавала. Таму і аддача была адпаведная. Поспехі былі і ёсць — як на рэспубліканскім узроўні, так і на міжнародным. Лічу, яшчэ гадоў на дзесяць у нас ёсць запас прафесійных, адказных, улюбёных у справу людзей.

Не стану крытыкаваць пэўныя ўстановы. Хоць здаралася ўсялякае. Напрыклад, некалькі гадоў таму план платных паслуг успрымаўся з абурэннем, а цяпер ён лёгка перавыконваецца. Таму што ёсць моцныя калектывы. І тыя праблемы, якія ўзнікалі ды ўзнікаюць, вырашаліся і, упэўнены, вырашаюцца ў рабочым парадку. Дый няма такіх праблем, каб пра іх трэба было б казаць гучна. Але ёсць праблемы ў культуры наогул.

Першая: падрыхтоўка работнікаў у сферы. Старое пакаленне сыходзіць, а замену яму знайсці не заўсёды атрымліваецца. Гэта ў Іванаве і раёне ўсё нібыта добра, але і тут апошнім часам я сутыкаўся з тым, што таленавітую моладзь усё цяжэй угаварыць прадоўжыць навучанне ў спецыялізаваных установах. Яна выбірае іншыя прафесіі, а прэстыж нашай падае. А я ведаю вобласці, дзе кадравае пытанне стаіць востра! Гэта другая праблема: нізкі заробак. Калі яе не пачаць вырашаць у найбліжэйшы час, дык, баюся, можам атрымаць негатыўныя з’явы ды наступствы ў галіне культуры. Трэцяя: недастатковае фінансаванне ўстаноў. У прыватнасці, на іх утрыманне і рамонт. Сродкі, якія накіроўваюцца на гэтыя патрэбы, не супастаўныя ў працэнтных адносінах з тымі грашыма, што вылучаліся раней. Жыллё. Дзейнічае Указ Прэзідэнта, у якім, сярод іншага, гаворыцца пра ўмовы льготнага крэдытаванні маладых сем’яў. Не першы год ходзяць размовы, што трэба было б распрацаваць і дакумент, у якім гаварылася б пра льготнае крэдытаванне жылля для маладых спецыялістаў…

Ад глабальнага да канкрэтнага

Пакуль вы асэнсоўвайце тое глабальнае, пра што выказаўся Уладзімір Шэляговіч, я ў завяршэнне накідаю некалькі прапаноў аб канкрэтнай моладзі — іванаўскай.

На дыскатэкі ў ЦКіНТ ходзяць “складана” — таксама, у тым ліку, вінаваты Інтэрнэт. А яшчэ адна з прычын — асноўны кантынгент “дыскачоў” можа прысутнічаць на іх да 22.00. Асабіста мне ў мае камсамольскія гады гэтага хапіла б з лішкам, цяперашняя ж моладзь прывыкла “тусіць” да ўпору. Таму “ўпор” і падбіраецца ёй такім чынам, каб яго не даводзілася перарываць ў самы гарачы момант. “Танцавальныя вечары да пэўнай гадзіны” адразу ж перастаюць быць цікавымі. І што ж прыйшло на замену танцам? Добра, каб менавіта сеткавыя рэсурсы. Наогул, як мне казалі кіраўнікі іванаўскіх устаноў культуры, захапіць чымсьці са сваёй сферы цяперашнюю моладзь у цэлым (у цэлым, падкрэсліваю) вельмі цяжка: “Нейкая яна інертная пайшла, пасіўная. Трэба прыкласці масу намаганняў, праявіць асаблівую фантазію, прапанаваць нестандартныя хады і формы, каб падлеткі адгукнуліся...”

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"