Рэжысура Тоўсціка

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Днямі ў cталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка твораў вядомага жывапісца, народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка, прымеркаваная, сярод іншага, і да Дня горада ў сталіцы. Сёлета мэтру споўнілася 65 гадоў, хоць гледзячы на яго і не скажаш, што ён ужо дасягнуў такога ўзросту. Дый творчасць ягоная — праўдзівы адбітак маладой душы, прагнай да жыцця, да вандровак і адкрыццяў. Мне чамусьці падумалася, што гэтая адносна невялікая экспазіцыя (залам згаданага музея пасуюць выстаўкі камернага фармату ды зместу) задумвалася Уладзімірам Антонавічам як канцэптуальная распрацоўка, як эскіз таго вялікага паказу, які ён зладзіць праз пяць гадоў у Нацыянальным мастацкім музеі.

/i/content/pi/cult/494/10578/8-9-5.jpg

Уладзмір Тоўсцік. "Мінск, год 2012. Свята горада".

У экспазіцыі прадстаўлены работы апошніх пяці гадоў. Самому мастаку, паводле ягоных слоў, гэтая выстаўка падаецца больш цэласнай і канцэптуальна выверанай, чым тая, што ён ладзіў на сваё 60-годдзе. Яно, бадай, і сапраўды так. Справа ў тым, што сэнсавым стрыжнем той вялікай экспазіцыі былі разнапланавыя, створаныя ў розныя перыяды творчасці на падставе розных жа эстэтычных уяўленняў палотны, якія прынеслі іх аўтару славу і статус сучаснага класіка. Гэта было ў нейкім сэнсе падсумаванне, спроба азірнуцца назад, перш чым вызначыць, куды крочыць далей. Зараз жа на суд публікі прадстаўлены творы, аб’яднаныя адной тэмай — “Горад” — і адзінай рэжысурай. Уладзімір Тоўсцік — прафесіянал, якому падуладныя форма ды колер і які сёння імкнецца асэнсаваць ды выявіць на палатне такую няўлоўную субстанцыю, як святло. Гаворка ідзе пра пошук новай гармоніі, калі жывапіснасць у кантэксце палатна паўстае не як функцыянальны чыннік, але сэнсавы стрыжань. Для мастака гэта азначае "карэкціроўку" “літаратурных”, апавядальных кодаў у бок падсвядомасці ды асацыятыўнасці. Інакш кажучы, творца, не аддзяляючы сябе ад соцыуму, імкнецца рэалізаваць уласную, ад Бога дадзеную, існасць. "Святло" і "свет" у гэтым кантэксце — сінонімы.

Хтосьці ж пабачыць у новых работах Тоўсціка нешта іншае.

Тэма выстаўкі — “Горад” — вельмі пасуе Дню горада. І горад Тоўсціка — гэта не будынкі ды вуліцы, а метафізічная прастора, у якой праходзіць чалавечае жыццё. Ягоны Горад — горад увогуле. Гэта адначасова Мінск, Рым, Масква, Вільнюс… У ім увасоблены ўсе гарады, у якіх бываў мастак і якія запалі яму ў памяць. Рысы ўніверсальнасці ўласцівыя і людзям, якія гэты Горад насяляюць. Ад некаторых гледачоў на выстаўцы я чуў, што людзі на карцінах Уладзіміра Тоўсціка — нейкія “штучныя”: ёсць у іх нешта ад манекенаў — прыгожых і халодных, нешта — ад тэатральных марыянетак…

Такі погляд таксама мае права на існаванне, але мне падаецца, што ўсё ж такі ўніверсальнасць вобразаў Тоўсціка мае рэальны грунт. Ніводны ягоны герой не выдуманы. Кожную намаляваную ім асобу ён ведае асабіста. Гэтага прынцыпу мастак прытрымліваецца яшчэ з часоў стварэння цыкла “Сямейны альбом”, дзе на прыкладзе гісторыі ўласнай сям’і стварыў жывапісную эпапею Мінска і Беларусі наогул першых пасляваенных дзесяцігоддзяў. Але і ў гэтых, вельмі асабістых, прывязаных да канкрэтнага часу і месца творах ёсць такая ўніверсальнасць, гуманнасць, якая робіць іх зразумелымі не толькі беларусам. Зрэшты, людзям вельмі пасуе станоўчы змест ягоных карцін, імкненне бачыць у жыцці прыгожае і добрае.

Я не вазьму на сябе смеласць каментаваць кожную работу выстаўкі паасобку. Ды, зрэшты, яно і не патрэбна. Карціна, што выйшла за межы майстэрні, трапіла ў выставачную залу, пачынае жыць уласным жыццём. Можа, не зусім тым, якое ёй планаваў аўтар. Адно мне падаецца бясспрэчным: карцінам Уладзіміра Тоўсціка наканавана доўгае жыццё. Бо мастак любіць жыццё і імкнецца сваімі карцінамі зрабіць яго больш гарманічным.

З выстаўкі выходзіш з упэўненасцю, што жыццё працягваецца. І вектар — пазітыўны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"