Музыка на паленцах і каленцах

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Харызматычны артыст "гучыць" нават… у воўчай шкуры
А вы накцюрн сыграць змаглі б… на звычайным бярозавым палене? Аляксандр ЗУБКО — можа. Сёння ён — лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст аркестра Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, а яшчэ — артыст, які ўдзельнічае са сваёй унікальнай праграмай у шматлікіх фальклорных фестывалях як на Беларусі, так і за мяжой. Адно з яго апошніх выступленняў на фэсце “Прымацкая бяседа”, што адбылося ў польскім гарадку Міхалова, выклікала сапраўднае захапленне ва ўсіх прысутных… І нездарма, бо Аляксандр Зубко ўмее здабываць музычныя гукі не толькі з пален, а і з драўляных чаравікаў, пральнай дошкі, сялянскай касы ды нават звычайных вясковых чыгункоў... Па дарозе з Польшчы ў Беларусь я дамовіўся з артыстам аб інтэрв’ю для “К”.

/i/content/pi/cult/494/10575/13-1.jpg— Я скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе ўдарных інструментаў. Працаваў у якасці саліста Нацыянальным акадэмічным народным аркестры імя І.Жыновіча, ансамблі музычных і харэаграфічных мініяцюр “Бліскавіца”. Зараз з’яўляюся музыкантам і салістам балета ў аркестры Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Яшчэ ў “Бліскавіцы” пачаў выступаць са сваімі незвычайнымі сольнымі нумарамі.

— Але чаму для сольных выступленняў быў абраны такі незвычайны жанр — музычна-эксцэнтрычны?

— Ведаеце, сёння быць проста музыкантам, танцорам — мала. Каб зацікавіць гледача, трэба быць разнастайным. Неабходна быць акцёрам, мець сваю творчую харызму, запамінацца кожным рухам і выступленнем. Усё гэта дае музычна-эксцэнтрычны жанр. У ім я пачуваю сябе разняволеным.

— Але не кожны мае такую харызму і здольнасць так захопліваць гледачоў, як тое рабілі вы ў Міхалове. Якім чынам вы гэтага дасягаеце?

— Адной толькі працай. Трэба пастаянна рэпеціраваць, шукаць, эксперыментаваць, рабіць усё на самым высокім узроўні, мець дасканалыя музычныя здольнасці. І, натуральна, трэба любіць усё тое, што ты робіш. Толькі тады гледачы адчуюць гэта і таксама палюбяць цябе… Да таго ж, на сцэне я імкнуся рабіць сапраўднае шоу. А гэта людзям заўсёды даспадобы.

— Дзе ж можна навучыцца так рабіць шоу? Можа, вы пасля вучобы ў Акадэміі музыкі, стажыраваліся яшчэ і на Брадвеі?

— Не, не даводзілася. Але я доўгі час гастраляваў у Паўднёвай Карэі і меў зносіны з тамтэйшымі прафесійнымі рэжысёрамі, якія прайшлі школу Брадвея… Яны мне шмат у чым дапамаглі сваімі парадамі. Дый я таксама нагледзеўся там на вялікую колькасць якасных музычных праграм, на тое, як можна рабіць шоу са сваіх сольных выступленняў... Увесь досвед цяпер выкарыстоўваю пад час сваіх прадстаўленняў.

— Але ж шоу імкнецца рабіць амаль кожны выканаўца…

— Так, але не кожны разумее, што за гэтым словам хаваецца… Бо шоу — гэта не толькі некалькі песень, некалькі рухаў у бакі, успышкі святла ды пусканне дыму на сцэну. Тых, хто робіць шоу, у маім разуменні, у беларускай музыцы можна літаральна пералічыць па пальцах. Чаму? Таму, што гэта ўнікальнае майстэрства, калі кожны нумар цалкам адрозніваецца ад іншага, мае сваю логіку пабудовы, свае, калі хочаце, сюжэт і сцэнарый. Можна сказаць, што нумар у сапраўдным шоу — гэта маленькі спектакль. А каб зрабіць усё гэта, трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў… На жаль, беларускія артысты часцяком не шукаюць унікальнасці, а ідуць творчым шляхам па наезджанай каляіне. Я так не раблю, бо мне было б гэта зусім не цікава.

— Наколькі я ведаю, у вас падобных “міні-спектакляў” даволі шмат. Акрамя нумара “Паленцы на каленцах” у Міхалове вы выконвалі зусім адрозную праграму, заснаваную на нейкіх язычніцкіх матывах…

— Так. Пакуль гэты нумар (я яго называю “Падарожжа па сусвеце”) яшчэ поўнасцю да ладу не даведзены. Так што тое, што вы ўбачылі ў Міхалове, было першай дэманстрацыяй новай праграмы. Звычайна я выступаю з нумарам “Паленцы на каленцах”, спецыяльна напісаным для мяне беларускім кампазітарам Аляксандрам Балотнікам.

— А адкуль узялася ідэя гэтага нумара?

— Ідэя “Паленцаў на каленцах” — не новая. Яшчэ ў савецкія часы з падобным нумарам выступаў ансамбль фальклорнай музыкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Назарава. Менавіта адтуль пазычаны 
“фармат”.

— У Інтэрнэце сёння можна пабачыць не толькі вашу віртуозную ігру на паленцах, але і іншыя ўнікальныя нумары…

— Сапраўды, ёсць у мяне яшчэ некалькі цікавых нумароў, напрыклад, “Сола на друкарскай машынцы” і “Люцічы”. Пад час апошняга я выходжу на сцэну з барабанам і ў воўчай шкуры. Дэманструю гледачам, так бы мовіць, баявы мужчынскі танец, звязаны са старажытнымі абрадамі нашых язычніцкіх продкаў. Як вядома, татэмам у некаторых з беларускіх родаў быў вобраз ваўка. А мае “Люцічы” нібыта пераўвасабляюцца ў гэтага звера з дапамогай спецыяльных масак ды іншых атрыбутаў. Так яны запалохваюць сваіх ворагаў.

— Публіка, мабыць, у захапленні! Дарэчы, ці шмат давялося вам гастраляваць? Як вас прымаюць гледачы ў розных краінах свету?

— Прымаюць заўсёды цёпла і душэўна. З сольнымі музычнымі нумарамі выступаў амаль па ўсёй Еўропе, а таксама ў Бразіліі, Кітаі, Японіі, Пауднёвай і Паўночнай Карэі, Індыі. А мая мара: зладзіць цалкам сольную праграму са сваіх нумароў, зробленых у музычна-эксцэнтрычным жанры. Спадзяюся, калі-небудзь мне гэта ўдасца. Але для гэтага трэба яшчэ шмат працаваць і працаваць… Ва ўсялякім выпадку, абяцаю, што абавязкова запрашу “К” на свой мона-шоу-спектакль!..

 

/i/content/pi/cult/494/10575/13-3.jpg

Кажа эксперт

Валянцін ДУДКЕВІЧ, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца краіны, народны артыст Беларусі, прафесар:

— На жаль, апошнім часам у свеце назіраецца крызіс народнага танца. Нават вядомыя калектывы часта не паказваюць нічога новага. Да таго ж, у сённяшніх умовах мы вымушаны канкурыраваць з харэаграфічнай эстрадай.

Таму, каб не згубіць гледачоў, асабліва моладзь, варта, на маю думку, шукаць выйсце ў нечым новым, адметным — у тым, што можа прыцягнуць увагу. Мы так і робім, бо разумеем: форма можа быць новай і рознай, а вось змест усё адно застанецца вечным. Таму мы, да прыкладу, ствараем больш сучасныя апрацоўкі танцаў, асвойваем новую лексіку народных рытмаў, надаём значную ўвагу музычнаму афармленню... А выступленні Аляксандра Зубко — таленавітага артыста і акцёра, сапраўднага мастака і прафесіянала — вельмі дапамагаюць нам змагацца за свайго гледача…

 

Хэдлайн рэгіёна

Аксіёмы і рытарычныя пытанні?

Пад час размовы з Аляксандрам Зубко неаднойчы лавіў сябе на думцы аб тым, што беларусы маюць вялікія музычныя скарбы. Але вось ці ганарацца яны гэтым, ці карыстаюцца імі напоўніцу?

Мабыць, даводзіць аксіёму пра тое, што беларуская музычная спадчына вельмі багатая, сёння нікому не патрэбна… Пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага і заканчваючы днём сённяшнім многія таленавітыя музыканты, кампазітары, выканаўцы працавалі ды працуюць на папаўненне музычнай скарбонкі.

/i/content/pi/cult/494/10575/4-22.jpgАле нельга не адзначыць, што гэтай скарбонкай вельмі мала карыстаюцца, асабліва на тэлебачанні. Ці часта сёння можна назіраць з экранаў тэлевізараў за выступленнямі аўтэнтычных фальклорных калектываў? Ці пабачыць, як майструюць ды граюць на лютні — спрадвечным беларускім музычным інструменце эпохі Сярэднявечча? А яшчэ — пабываць з дапамогай кінакамеры на канцэртах Івана Кірчука, “Старога Ольсы”, іншых беларускіх музычных ансамбляў, якія маюць сваё непаўторнае гучанне, адрознае ад усюдыіснай папсы?..

Адказ на гэтыя, амаль рытарычныя, пытанні і не патрабуецца. Экраны сёння, як вядома, запаланіла менавіта яна, тая папса, якая і лёгка гучыць, і лёгка слухаецца. Мабыць, таму яна і патрэбная як тэлевізійшчыкам, так і нам, гледачам ды слухачам.

Так, нам, бо гэта мы яе выбіраем, яе слухаем, ёю захапляемся, забываючыся на тое, што ёсць іншая музыка, правераная часам. Класічная, аўтэнтычная, сярэднявечная… Мудрая… Тая, якая і адрознівае нас, беларусаў, ад усіх іншых народаў, бо створана на нашай зямлі…

Слухаць яе, наталяцца ёю сёння, дзякуючы Інтэрнэту і запісам на дысках, можа кожны. Як і ганарыцца ёю, прапагандаваць ды патрабаваць, каб яна часцей гучала па радыё і тэлебачанні. Балазе скарбонка беларускіх музычных скарбаў заўсёды адкрытая для кожнага. А карыстацца апошнімі варта. Хаця б па адной той прычыне, што, як кажа народная мудрасць, “без мінулага няма і будучага”…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"