Скалькуляваць ініцыятыву

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Практычны расклад
Сённяшні суразмоўца “К” — эканаміст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Святлана КЛЕБАНОВІЧ. Гэтым разам рэдакцыю зацікавіў і ход аказання платных паслуг, і разнастайнасць іх відаў. Вядома, што кошт культурнага прадукту наўпрост залежыць ад яго якасці, а бясплатнай паслуга (апрача сацыяльна значных акцый) стане ў нашай сферы толькі тады, калі на крамных паліцах з’явіцца бясплатная кілбаса. Гаворка са спецыялістам — не толькі пра гэта: рэдакцыю зацікавіла анатомія, так бы мовіць, культурнай паслугі, калькуляцыяй якой пастаянна займаецца эканамічная служба аддзела.

/i/content/pi/cult/494/10572/7-2.jpg— Як часта даводзіцца займацца складаннем такіх калькуляцый?

— Штодня рыхтую дзве-тры. Гэта ў сярэднім. Іншым разам і больш бывае.

— А хто тут, цікава, лідзіруе: клубнікі ці бібліятэкары?

— Работнікі клубаў.

— Няўжо і прэцэдэнтаў не было, каб бібліятэкары ў незвычайнасці паслуг клубнікаў абагналі б?

— Справа ў тым, што бібліятэкі даўно і адначасова распрацавалі калькуляцыі на свае пастаянныя паслугі. Яны проста зацвярджаюцца пры ўмове, што цана не змяняецца.

— Дык што, паслугі ў бібліятэк — толькі стандартныя?

— Натуральна, не. Скажам, калькуляцыя, да прыкладу, на бібліятэчны лялечны спектакль складаецца, а потым дзейнічае як пастаянная… Але з клубнікамі тут канкурыраваць цяжка. Не падумайце толькі, што мерапрыемствы нашых бібліятэк нецікавыя. Кожнае — адмысловае.

— Ведаю пра гэта цудоўна...Атрымліваецца, што тыя штодзённыя прапановы з месцаў на складанне калькуляцый — заўжды арыгінальныя?

— Менавіта так. Я працую ўжо больш за дзесяць гадоў, заспела станаўленне гэтых паслуг. Сённяшні стан спраў такі: кожны з СК ці СДК імкнецца ўдасканаліць сваю дзейнасць, насыціць яе сучасным зместам. Танцавальны вечар дзесяцігадовай даўніны нельга параўнаць з сённяшняй тэматычнай дыскатэкай.

— А вы адсочваеце сітуацыю з клубнай актыўнасцю, калі тая або іншая ўстанова не надта турбуе вас з прапановамі на складанне калькуляцый?

— Безумоўна! Штоквартальна праводзім нарады (апошняя была ў ліпені), аналізуем сітуацыю, падштурхоўваем адстаючых. Карацей, выносім сітуацыю на агульнае абмеркаванне. Апошнім разам дзяліліся досведам клубнікі са Светачы і Здзітава. Гаворка ішла пра тое, каб уцягваць у справу самыя розныя слаі насельніцтва.

— Назавіце, калі ласка, яшчэ актывістаў.

— Шмат прапаноў паступае са Спорава. Мясцовыя клубнікі нядаўна, у жніўні, ладзілі карпаратыўныя мерапрыемствы па святкаванні юбілеяў сваіх сельгаспрадпрыемстваў.

— І ўсё ж: наколькі разнастайныя віды паслуг?

— Я ўжо казала пра новы змест старых мерапрыемстваў. Цяпер шоу-праграма мае некалькі разнавіднасцей. Тое ж датычыцца і дыскатэк, канцэртаў, танцавальных вечароў, тэатралізацый, віншаванняў, карпаратываў, гурткоў і курсаў. Інакш кажучы, сэнарый, рэжысура, пастаноўка любой акцыі пастаянна ўдасканальваюцца. І гэта — натуральны працэс. Адстаць ад павеваў часу — значыць і якасць знізіць, і грошы, урэшце, згубіць.

— Гурткі ў вас таксама платныя?

— У сельскіх клубах радзей, а ў гарадскіх — так. Гурткі ж такія: аэробіка, бокс, курсы ігры на гітары…

— Які самы прыбытковы від паслуг?

— Канцэрты. На сяле білет каштуе 10 тысяч, у райцэнтры — 15-20 тысяч рублёў у залежнасці ад маштабнасці мерапрыемства.

— Затратная частка калькуляцыі — абмежаваная?

— Да мяне звяртаюцца па распрацоўку калькуляцыі на асобную паслугу. Пералічваюць затраты, да прыкладу, на набыццё нейкіх расходных матэрыялаў. Паказваюць каштарысы і рахункі на затраты. Я вылічваю канчатковую агульную суму акцыі і цану білета. Калі трэба кампенсаваць расходы да правядзення мерапрыемства, аддзел авансам пералічвае ўстанове патрэбную суму, але не больш за пяцьдзясят працэнтаў ад чаканай сумы выручкі. Сюды, зразумела, уваходзяць прыбытак, падаткі, камунальныя затраты, налічэнні на заробкі... Таму натуральна, што затратная частка — абмежаваная.

— Як гадавы план па платных паслугах выконваеце?

— За восем месяцаў справіліся з ім на 115,1 працэнта.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"