“Чыстыя” з-пад “нажніц”

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

І саснілася мне вакансія… Ды хто яе выбера?
Сабраўся быў напісаць пра росквіт нацыянальнай культуры, пра паспяховае замацаванне і вучобу маладых спецыялістаў на сяле. Былі ж тыя часіны за савецкім часам, былі. У Глыбокім, да прыкладу, дзе ў мясцовым аддзеле культуры ўзніклі першыя (не толькі на Віцебшчыне, але і ў краіне) Дом рамёстваў ды гаспадарчая група, праблем з жытлом для кадраў не існавала. Моладзі прадастаўляліся не пакоі ў інтэрнаце, а кватэры ў трохпавярховым доме, узведзеным сіламі аддзела. І ён, натуральна, не ведаў, што такое вакансіі. І менавіта ў Глыбокім узнік тады Клуб маладых спецыялістаў. Структура не была фармальнай, а прызначалася для хутчэйшай адаптацыі толькі што “спечаных” у ВНУ і ССНУ кадраў да мясцовых эканамічна-творчых рэалій... Дык што змянілася з той пары? Заробак у клубнікаў, бібліятэкараў ды музейшчыкаў не вырас. А вось інтэрнацкі пакой для “культурных” маладзёнаў застаўся гарантаваным далёка не ў кожным раёне. Нейкая незразумелая жыццёвая нестыкоўка атрымліваецца: роля рэгіянальнай культуры ў справе барацьбы з усё больш ваяўнічай бездухоўнасцю неймаверна вырасла, а прэстыж прафесіі носьбіта нацыянальных традыцый амаль адсутнічае.

Скажы мне, сайт…

Вось з такім, не вельмі сонечным, настроем адкрыў у панядзелак 8 верасня сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Той яго раздзел, дзе чатыры старонкі распавядаюць пра наяўнасць вакансій у сферы культуры (раздзел называецца, праўда, “Дзеячы літаратуры і мастацтва”) і ў большай ступені — раённай ды сельскай. Сайт уразіў… Не, не велічынёй заробкаў, а ёмістасцю прапаноў на любы густ.

Паспрабую аб’яднаць іх у тэматычныя групы. На якія прафесіі ў нас асаблівы дэфіцыт? А нічога не змянілася за апошнія гады: на хормайстраў (9 вакансій) і харэографаў (6). Зэльвенскі аддзел мае патрэбу ў чатырох хормайстрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: для Каралінскага, Галынкаўскага, Дабраселецкага і Міжэрыцкага СДК. Заробак — 
2 291 329 рублёў. Гэткіх жа спецыялістаў не стае ў аддзелах Ельскага, Бераставіцкага, Слонімскага райвыканкамаў. Але заробкі 
тут чамусьці меншыя: 1 700 000, 1 784 300 і 1 983 000 рублёў адпаведна. Вось такая “разбежка” ў заробках і прымусіла скіраваць гэты артыкул у рэчышча больш эканамічнае, чым ідэалістычна-апавядальнае. Так што даруйце за такое багацце дакладных лічбаў. Пры мізэрных заробках кожную капейчыну ўлічваць даводзіцца.

У кожным раёне — свае заробкі?

Гэткае ж разыходжанне ў сумах заробкаў назіраецца і па графе “харэографы”. Адукацыя — сярэднеспецыяльная. А вось якія заробкі прапаноўваюць аддзел Лагойскага райвыканкама — 2 100 000 рублёў, РДК Вялікай Бераставіцы — 2 103 700, ГЦКД Воранава “заманьвае” балетмайстра на 1 995 670 рублёў, аддзел Краснапольскага райвыканкама прагне атрымаць харэографа за 1 860 000 рублёў, а Бабруйскага райвыканама — асістэнта балетмайстра на 0,5 стаўкі — за 1 760 000 рублёў. Чашніцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці хоча займець балетмайстра ўсяго за 1 мільён рублёў у месяц, праўда, таксама на палову стаўкі... Словам, з нярадасных лічбаў заробку трэба выбраць самыя лепшыя. Не дзіва, што вакансіі набываюць характар хранічнай хваробы.

Затое не думаю, што доўга застануцца без асістэнта дырыжора ў Палацы Рэспублікі: 5 600 000 рублёў. Ці без артыста-вакаліста ў Вялікім тэатры Беларусі: 3 610 365 рублёў. Але гэта, так бы мовіць, эпізадычнае сталічнае выключэнне на фоне не надта радаснай кадравай стабільнасці ў рэгіёнах.

Працягнем. Вышэйназваны прыклад з неблагімі заробкамі можа выклікаць заканамерны аргумент: мінскія вакансіі будуць запаўняцца спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй, якая па вызначэнні “каштуе” даражэй за сярэднюю спецыяльную. Ні ў якім разе. Любы спрактыкаваны гарадскі ці раённы работнік аддзела кадраў на такі аргумент рассмяецца вам у твар. Гомельскаму каледжу мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага як паветра не хапае канцэртмайстра, ды яшчэ і са стажам дзейнасці ў ВНУ. Дык вось такому спецыялісту з вышэйшай адукацыяй за работу ў дзве змены цягам месяца прапануюць 1 756 730 рублёў. 
Як не зарабіць і больш чым 1 756 730 рублёў у месяц канцэртмайстру Асіповіцкай ЦКС ці канцэртмайстру Жлобінскай ДШМ № 2, 
якому "свеціць" сума ў 1 760 000 рублёў.

Эканоміка — справа таямнічая

Больш шанцуе мастакам. На Брагіншчыне работніку з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй збіраюцца плаціць 2 423 000 рублёў, а ў бібліятэцы Новай Мышы (Баранавіччына) абяцаюць 2 430 000 рублёў. У Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея (Кіраўшчына) крыху большыя амбіцыі. Тут чакаюць мастака з вышэйшай адукацыяй. Але яго месячны заробак чамусьці ніжэйшы за заробак гіпатэтычна патэнцыйнага калегі з Брагіна ці Новай Мышы і складзе толькі 2 148 555 рублёў… Растапчы мяне камар, але я нічога не разумею ў гэтай эканоміцы.

Вось, скажам, рэжысёры. Прафесія больш чым элітная. Але па месячнай заработнай плаце гэтага не скажаш. Патрэбны яны ў Зэльве, Ашмянах, Наваполацку (сумяшчальнік), Буда-Кашалёве, Ваўкавыску і на Баранавіччыне. І месячныя заробкі ў іх будуць вагацца ад 1 780 000 (Ваўкавыск, дзе чакаюць спецыяліста з вышэйшай адукацыяй) і 1 864 900 рублёў (Ашмяны, спецыяліст — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй) да 2 023 583 рублёў у Зэльве, дзе таксама задаволяцца спецыялістам, які скончыў ССНУ…

У Гомельскім політэхнічным тэхнікуме я вывучаў эканоміку лесанарыхтовак. Настаўнік, чалавек дасведчаны і надзвычай разумны, паставіў мне залік, заплюшчыўшы вочы. І сказаў на развітанне: “Усё роўна, Рагін, эканоміка рана ці позна прыйдзе да цябе і возьме за горла!” Прыйшла і ўзяла. Днямі мне саснілася вакансія — лядашчая істота, збузаваная жыццём, з працягнутай рукой…

Крыштальна “чыстая” зарплата

Стаміўшыся адшукваць логіку ў стракатых сумах заробку, звярнуўся па кансультацыю да спецыялістаў. Спачатку патэлефанаваў у райцэнтр А., у мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Запытаўся ў эканамістаў: “Кожнаму з чатырох патрэбных хормайстраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй вы абяцаеце плаціць за месяц па 
2 291 329 рублёў. А вось аддзел райцэнтра Б. пры тых жа ўмовах прапаноўвае хормайстру 1 700 000. Чаму такія “нажніцы”?”. Спецыялісты з пункта А., зверыўшыся з дакументацыяй, адказалі: “А ў нас пададзены “гразны заробак”. Які ж тады “чысты”? “Два мільёны сто тысяч”, — адказалі зэльвенцы. “Дык усё роўна ад ельскай зарплаты адрозніваецца”, — ніяк не магу разабрацца ў эканамічных сакрэтах. Мне цярпліва (што ўзяць з хормайстра, якім, каюся, прадставіўся!) тлумачаць, што ў апошнюю суму авансам, так бы мовіць, уключаны прэмія і надбаўка. А раптам не заслужу? “А вы пастарайцеся!” Абяцаю пастарацца.

Вось такая "замануха". Ніякім чынам не хачу запляміць з гэтай нагоды нашы аддзелы ды іх эканамічна-бухгалтарскія службы. Яны малайцы: стараюцца як могуць, каб займець у штат прафесіянала. Для гэтага, згодны, любыя сродкі — апраўданыя. І толькі таму, што мэта тут — больш чым высакародная: быць нашай сельскай культуры баявітай ды эфектыўнай ці не быць. Інакш кажучы, той выплыве з “аптымізацыйнага” віру, хто пабольш спрактыкаваных “плыўцоў” назапасіў. Тым больш, што “чысты” заробак, па вялікім бухгалтарскім рахунку, адрозніваецца ад “гразнага” прыблізна так, як прафесія харэографа ад прафесіі балетмайстра.

Прыярытэты — у каго

Я цудоўна разумею і тое, што выстаўляць “чысты” заробак на сайт вакансій іншым разам проста сорамна. Але давайце будзем шчырымі да канца. Ну такая вось ява ў нашай “культурнай” эканомікі. І часцяком наш жыццёвы выбар залежыць ад 300 — 400 тысяч розніцы ў прапаноўваемых заробках.

Тэлефаную ў райцэнтр Б. Аказваецца, хормайстарскія мільён семсот тысяч — “чыстыя”, ды плюс яшчэ з даплатай і прэміяй. Калі працаваць давядзецца ў сельскай мясцовасці, спецыяліста чакае “вясковая” надбаўка. Усё роўна да заробку ў А. сума трохі не дацягвае. Тэлефаную знаёмаму эканамісту, які меў калісьці пэўнае дачыненне да сферы культуры. І высвятляю тое, што хацеў. У сувязі з тым, што аддзелаўскія структуры паўсюль займелі статус юрыдычных асоб, пашырылі маштабы пазабюджэтнай дзейнасці, дык і дадатковыя магчымасці ў іх з’явіліся для ўмацавання фонду заработнай платы. Інакш кажучы, у кожнага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — сапраўды свая адметная эканоміка. Таму і заробкі для аднолькавых штатных адзінак — крыху розняцца. Паколькі на рыначную эканоміку арыентуемся, таму і маем тое, што маем…

Так што, спецыялісты, калі прагнеце запоўніць вакансію, не надта верце адпаведным сайтам. “Сядайце на тэлефон”, турбуйце бухгалтэрыі, старанна высвятляйце ісціну, не губляйце свае перспектыўныя тысячы і сотні… Але вось ці існуюць у прыродзе тыя, да каго я цяпер звяртаюся? Не ўпершыню пішу пра тое, што кадры нашы састарэлі, таму ў пэўнай ступені страцілі актыўнасць ды ініцыятыўнасць. На сяле працуюць у асноўным практыкі. Дакладней, не працуюць, а дапрацоўваюць. Азы чалавечай псіхалогіі: калі работнік не адчувае істотнай увагі, выражанай у прыстойным грашовым эквіваленце штомесячнага заробку, дык асноўнай рысай характару работніка становіцца абыякавасць. Больш разбуральную якасць цяжка ўявіць. Тым больш у адносінах да такой тонкай матэрыі, як культура. Не вельмі суцяшальная выснова.

Дык дзе ж выйсце?

Гэта, падаецца, закон дыялектыкі: чым больш у аддзела вакансій, тым меншай становіцца якасць аказваемых насельніцтву культурных паслуг. Не з вакансіяй трэба змагацца. Чым стары пінжак лапіць, дык лепш новы прыдбаць. А “новы пінжак” мы ўжо насілі. Я пісаў на пачатку артыкула, што было калісьці для маладых спецыялістаў і добраўпарадкаванае жытло, і належная ўвага на пачатку працоўнай дзейнасці, і прэстыж носьбіта беларускай нацыянальнай культуры.

Давайце паставім сябе на месца маладога спецыяліста, да прыкладу, хормайстра, пасля заканчэння, скажам, ССНУ. Стажу — аніякага, досведу — кот наплакаў (з практычным навучаннем і ў ВНУ — вялікія праблемы), што такое вёска — не ведаю, пра камунікабельнасць — толькі лекцыйныя няўцямныя ўспаміны, настаўніка ў мяне няма, бо апошнім часам на сяле гэтым ніхто не займаўся, таму хор — даволі рэдкая цяпер з’ява… Ну і каму я такі патрэбны? Адпрацоўка ператвараецца ў пакуту, прага кар’ернага росту і далейшага завочнага навучання знікае ўвобмірг, а абраная калісьці прафесія ператвараецца ў спецыфічнае захворванне, галоўны сіндром якой — боязь самавыяўлення. Вось вам і абыякавасць.

Абыякавасць — заразная

Ці не па той прычыне з шэрагу раёнаў мы гадамі не атрымліваем звестак. Работнікам культуры няма пра што пісаць, няма чым хваліцца. І, на мой погляд, гэта больш чым трывожны сіндром. Што яму можна супрацьпаставіць? Толькі заробак, жытло, сапраўды якаснае практыкаарыентаванае навучанне. Інакш разам з вёскай згубім і культуру.

А пакуль… Па стане на 8 верасня аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама, калі верыць камп’ютарным звесткам пра наяўнасць вакансій на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, ладзіць не надта паўнацэнныя танцавальныя вечары: не стае кіраўніка (з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй) музычнай часткі дыскатэк. Прапаноўваемы заробак — 1 мільён 900 тысяч рублёў. Напэўна, “гразнымі”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"