Прынцыпы аднаго кантэнту

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Сяргей МАКАРЭЙ, намеснiк галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыi тэлеканала “Беларусь 3”
Мы называем наш канал сацыякультурным. Ён адлюстроўвае самаідэнтычнасць нацыі, распавядае пра культуру Беларусі ва ўсіх яе праявах, распавядае пра дзень сённяшні і прапануе праграмы пра людзей ды падзеі, аб якіх дзесяцігоддзямі не гаварылася ў беларускім тэлеэфіры. Кажу як пра архіўныя перадачы, так і пра створаныя нядаўна. І такія праекты знаходзяць у тэлеспажыўца жывы водгук.

/i/content/pi/cult/494/10568/5-2.jpgПра тое сведчаць інтэрактыўныя апытанні, што праводзяцца ў рамках некаторых нашых перадач, а таксама звычайныя і электронныя лісты, якія прыходзяць ад гледачоў. Дзякуючы такому сталаму кантакту мы можам адмовіцца ад якіхсьці праграм альбо мадыфікаваць іх і, натуральна, фарміраваць новую праграму перадач, улічваючы пажаданні людзей.

Якраз распачаўся новы тэлесезон, у якім гледачоў канала чакае, як мы спадзяёмся, мноства прыемных сюрпрызаў. Так, стартавала жывая музычна-пазнаваўчая праграма пра бардаў “Подых струн”. Пра гэтых творчых людзей наша ТБ ужо стала забываць. Але яшчэ летам пра іх мы знялі некалькі тэлеверсій канцэртаў з апошняга фэсту “Вялікая бард-рыбалка”. З’явілася праграма пра паэзію, а таксама пра паэтычныя пародыі “Ды@блог “P.S.”. Расшыфраваць “P.S.” можна і як “Пастскрыптум”, і як “Паэтычныя сустрэчы”, і як “Паэты смяюцца”.

У праекце “Навукаманiя” папулярнай мовай раскажам пра айчынную навуку, пра складаныя працэсы, якія адбываюцца ў ёй. Да 90-годдзя беларускага кіно запусцілі цыкл пад назвай “Старыя казкі”, куды ўваходзіць уласна карціна — казка альбо кіно для дзяцей, знятае на “Беларусьфільме”, — і дакументальная стужка пра тое, як яна стваралася. Аднавілі таксама здымкі праграмы “Святло далёкай зоркі”, прысвечанай вядомым беларусам, якіх сёння ўжо з намі няма. Працягнем і рэтраспектыўныя паказы фільмаў выдатных кінарэжысёраў, дэманстрацыю карцін, прымеркаваных да нейкіх знакавых дат.

І мы пакуль не збіраемся адмаўляцца ад той нашай прынцыповай пазіцыі, пра якую ведаюць тэлегледачы канала: гэта адсутнасць блокавай рэкламы. Мы лічым, што, напрыклад, перапыняць рэкламай класічны фільм знакамітага рэжысёра — значыць парушаць яго мастацкую цэласнасць, груба ўмешвацца ў задуму творцы, у сам твор мастацтва. Вядома, нехта можа ўсміхнуцца, маўляў: уваходзячы ў холдынг Белтэлерадыёкампаніі, мы можам дазволіць сабе адмовіцца ад такога выгляду рэкламы. Дзякаваць богу, холдынг, а таксама, у рэшце рэшт, дзяржава могуць дазволіць сабе мець і ўтрымліваць такі канал, як наш, які прапагандуе асноватворныя для грамадства рэчы!..

Нам нярэдка задаюць пытанне пра тое, калі ж тэлеканал стане цалкам беларускамоўным. Мы ніколі не казалі, што плануем гэта зрабіць. Да ўсяго, рэаліі такія, што большая частка аўдыторыі аддае перавагу і рускамоўнаму тэлекантэнту. Але задачу павялічыць колькасць праграм, фільмаў на беларускай мове перад сабой ставім. Са стужкамі гэта ажыццявіць больш складана, паколькі, дапусцім, для перакладу замежных карцін патрабуюцца немалыя сродкі. А на кінастудыі “Беларусьфільм” мы часта не можам, на жаль, знайсці стужкі, першапачаткова знятыя на беларускай мове. Аднак з тых карцін, што маюць і рускамоўную, і беларускамоўную версіі, мы абавязкова паказваем беларускамоўную. І яшчэ адным пацвярджэннем нашых намаганняў па павелічэнні колькасці праграм на роднай мове ў новым сезоне можа стаць прэм’ера тэлевіктарыны “Размаўляем па-беларуску”, дзе глядач мае магчымасць праверыць сваё веданне мовы.

Паверце, я быў бы шчаслівы, каб увесь наш кантэнт быў на беларускай мове, але сёння гэта немагчыма па вызначэнні. Іншае пытанне — ці быў бы шчаслівы той чалавек, які выбірае рускую мову як вядучую для сябе, калі б адзіны сацыякультурны тэлеканал у краіне гэтага выбару яго пазбавіў? Але і тое не галоўнае. Самае важнае, каб тэлеканал знаходзіў свайго гледача, каб колькасць нашых прыхільнікаў з кожным разам павялічвалася.

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"