Папоўніць рэпертуар: ці ёсць перспектывы?

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Беларускія песняры”
Ці хапае мне сёння рэпертуару як сольнаму артысту? У гэтым сэнсе мне пашанцавала: магу выконваць творы, што любяць слухачы ў маім выкананні з часоў “Песняроў”, а цяпер і “Беларускіх песняроў”. І хаця працую па-за гуртом не так шмат, бачу пэўныя праблемы калег-салістаў.

/i/content/pi/cult/494/10567/5-1.jpgКалі мне хочацца запісаць песні з сучасным гучаннем, я сутыкаюся з тым, што для многіх маладых, і не толькі, аўтараў праз свой узрост я — бесперспектыўны артыст. Скажам, мне даў паслухаць пару новых песень кампазітар і прадзюсар Максім Алейнікаў, яны мне спадабаліся, але ён сказаў, што яны не для майго веку. І такі выпадак не адзіны. Прызнацца, і з гэтай нагоды калі мяне запрашаюць запісаць што-небудзь сучаснае, я не адмаўляюся, хоць, бывае, і адчуваю досыць выразна: не маё… Унікнуўшы ў музыку, прасякнуўшыся тэкстам, пачынаеш разважаць: маўляў, чым нехта зробіць абы-як, лепш праспяваць, прынамсі, якасна самому. Гэтак сталася і з песняй да серыяла “Сляды апосталаў”, якая атрымала пасля Нацыянальную музычную прэмію.

Другая праблема, думаю, таксама актуальная для нашых артыстаў. Я прашу кампазітара напісаць мне песню, тлумачу “тэхзаданне”. “Не пытанне. Чатыры тысячы у.а.”, — кажа ён мне. Я пачынаю думаць, ці плаціць такія грошы (няхай нават тры ці дзве тысячы тых самых у.а.) за песню, якая мне… амаль нічога не прынясе. Ну, запішу, аднясу на радыё. Пакруцяць яе там з тыдзень — і, згодна з канвеерным прынцыпам, яна знікне з ратацыі. Раскручваць далей — шукаць падыходы да тэлебачання (у тым ліку расійскага). І ці стане яна папулярная ў выніку? Усё гэта, прызнацца, стрымлівае мае парыванні ў папаўненні рэпертуару свежай рэччу. І, нешта падказвае, не толькі ў мяне такое стаўленне.

Паўсюль павінна быць моладзь. І гэта правільны падыход. А нам, на жаль, “дажываць” са сваім рэпертуарам. Вось, скажам, ад амерыканскага гурта “Chiсagо” ніхто ўжо даўно не чакае новых рэчаў. Думаецца, гэтак жа і ад артыстаў, што выйшлі з “Песняроў”. Праўда, існуюць некаторыя магчымасці. На адным з юбілеяў Ігара Лучанка паспрабаваў выканаць ягоную “Алесю”, што ў ансамблі ніколі не была ў маёй сталай праграме (хіба спяваў яе “на замене” ці ў фармаце папуры) поруч з “Зачарованай”, паколькі іншых песень Ігара Міхайлавіча не выконваў. Тым не менш, песня знаёмая публіцы (і мне самому), таму атрымалася няблага.

Што да сольных праектаў, то мне пашанцавала не толькі за кошт магчымасці выканання твораў з “песняроўскіх” часоў (уключаю ў выступленні парадку пяці нумароў такога кшталту, што праходзяць праз увесь канцэрт), але і ў сувязі з наяўнасцю шэрагу джазавых стандартаў ды рамансавых рэчаў (скажам, “Сто лет”, “Я схожу по тебе с ума”, “Обманите меня”). Апошнія заўжды праходзяць з поспехам сярод публікі з жанчын пасля сарака.

Ці маю я актыў аўтараў? У асноўным, са мной супрацоўнічае стары сябра Дзмітрый Далгалёў, з якім завяршаем працу над двайным альбомам: засталося запісаць пару твораў, якія далучацца і да вядомых песень (пачынаючы ад “Гаю мой, не кліч”, “Погоди” пачатку 1990-х, што былі актуальнымі ў свой час і няблага гучаць сёння), і да зусім новых. Гэта будуць творы ў стылі менавіта Далгалёва, без прыцягнення старонніх аранжыроўшчыкаў. Запісваліся на студыі нашых знаёмцаў. Праўда, цяжка пакуль сказаць, ці станем мы займацца выпускам альбома і яго распаўсюджаннем самі альбо прыцягнем адзін з айчынных лэйблаў, які прыме на сябе выдаткі.

Дарэчы, працуем з Дзмітрыем над альбомам не першы год. Бо што такое песня? Яе можна запісаць з першага дубля, рабіць запіс гадзіну (а можна за яе ж і дзве-тры зафіксаваць, калі ты ў добрай форме, вывучыў мелодыю, нюансы, тэкст), дзень, месяц… Але толькі прыняўшы фінальны варыянт выканнання, над ёй пачынаецца сапраўдная праца. А “рабіць” адну чатыроххвілінку можна і паўгода.

Я згадаў тэкст песні. Заўжды кажу, што ён для мяне не на першым месцы. Ды бывае і так, што прыходзіш на студыю з яго дасканалым веданнем, але ён пачынае “рэзаць” сваёй штучнасцю, ненатуральнымі спалучэннямі слоў: фраза не спяваецца, не пасуе табе па сэнсе. А яшчэ існуюць выпадкі, калі з тэкстам ты сутыкаешся ўпершыню проста на студыі. Гэтыя праблемы, дарэчы, узнікаюць, калі альбом ці песня пішуцца з эканоміяй часу, фінансаў альбо яшчэ чагосьці. А эканомія амаль ніколі не вядзе да выніку, што задаволіць усе суб’екты творчага працэсу…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах