Музей фатаграфіі: крытэрый, гісторыя і “сок”

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Валерый ВЯДРЭНКА, фатограф
У беларускай фатаграфіі маецца адзін неаспрэчны козыр: яна — ёсць. Усе астатнія якасці, уласцівыя фатаграфіі як культурна-сацыяльнай з’яве, практычна адсутнічаюць.

/i/content/pi/cult/494/10566/6-1.jpgБольш дакладным будзе сказаць, што намінальна яны маюць месца. Ёсць плынь выставак, якія нікім не аналізуюцца, каб склалася агульная карціна фатаграфічнага руху. Ёсць мноства аўтараў, што, з’явіўшыся, знікаюць у невядомым кірунку. Ёсць нават знакавыя падзеі, дзе, праўда, прысутнічаюць адны і тыя ж імёны, і калі пытаешся ў тых “імёнаў”, маўляў, чаму так, яны адказваюць: “Куратар выбраў…”, а калі пра тое ж самае спытаеш у куратара, дык ён прамаўляе сакраментальнае “Я так бачу!”.

У нас ёсць аб’яднанне “Фотамастацтва”, якое занята папулярызацыяй фатаграфіі ў краінах СНД, нібыта ўласныя праблемы даўно вырашаны і мы можам падзяліцца досведам. Так, маем некалькі фотаальбомаў, якія не знайсці ў кнігарнях, за выключэннем краязнаўчых выданняў. У беларускай фатаграфіі ёсць свая гісторыя, якая нідзе не апублікавана, а замяняюць яе адасобленыя і неўпарадкаваныя артыкулы ў Інтэрнэце альбо самвыдаўскія тэксты. І, натуральна, у нас няма анталогіі беларускай фатаграфіі, дзе не выбарачна, а максімальна поўна было б прадстаўлена фотамастацтва, дзе можна было б відавочна ацаніць і сістэматызаваць гэтую з’яву як спецыялістам, так і шырокай публіцы.

Ды самае галоўнае — у беларускай фатаграфіі няма музея. А гэтая інстытуцыя, мяркую, вырашыла б калі не ўсе, дык вельмі многія пытанні нашай сферы, прынамсі, па дакументацыі, зборы, аналізе матэрыялу за дзесяцігоддзі. Гэта — натуральна, бо павінна быць адна такая ўстанова са сваім дахам над галавой, як у многіх з нашых суседзяў.

Пытанне “музейна-фатаграфічнае” ўжо ставілася неаднойчы, абмяркоўвалася яно і на старонках “К”, узнімалася на ўзроўні міністра культуры. Праект (яго падрыхтавалі мы з Юрыем Васільевым), прадстаўлены на суд тагачаснага кіраўніка Міністэрства культуры краіны Паўла Латушкі, называўся “Беларусь у люстэрку трох стагоддзяў”. Ён ахопліваў перыяд з часоў першых дагератыпаў, зробленых на нашай зямлі ці выхадцамі адсюль, і да найсучасных вопытаў з камп’ютарнымі праграмамі. Праект быў вусна падтрыманы, а далей справа не рушыла. Дый мы, відаць, перагарэлі. Праўда, была яшчэ спроба прапанаваць ідэю як канцэпцыю для вялікай выстаўкі, што магла б рэпрэзентаваць мінулае Беларусі для гасцей Чэмпіянату свету па хакеі. Акрамя вуснай згоды таксама нічога здабыць не ўдалося.

Але праблема засталася, і чым далей, тым яна больш нарастае. У нас няма мецэнатаў, каб стварыць прыватны музей такога кшталту. А, з іншага боку, чаму ён мусіць стаць прыватным? Гэта ж якраз дзяржаўная справа! Хто яшчэ, калі не фатограф, аб’ектыўна захоўвае гісторыю дзяржавы для нашчадкаў, асвятляючы яе максімальна ўсебакова (апошняе асабліва заўважна цяпер)? Так, ёсць архівы, але яны — закрытыя інстытуцыі.

Да ўсяго, музей, апрача пастаяннай экспазіцыі, меў бы галерэю. Яна, лічу, магла б у значнай ступені аб’ектыўна фарміраваць грамадскую думку адносна сучаснай нам фатаграфіі. Выстаўляйцеся, хто хоча, экспануйце, што жадаеце ды дзе заўгодна, але тое, што будзе прадстаўлена ў Музеі фатаграфіі, — прайшло адсеў, вылучана групай прафесіяналаў розных поглядаў і пакаленняў, таму з іх выбарам давядзецца лічыцца.

Пакуль такога падыходу не займеем, на зрухі спадзявацца не варта. А гэта праблема. Менавіта праз адсутнасць пляцоўкі ў большасці нашых маладых фатографаў моцы хапае на тое, каб заявіць пра сябе. А што далей? Дзе яны? У якім “соку” “варацца”? Маецца і процілеглы аспект: любая размова па сучаснай беларускай фатаграфіі патрабуе яе гісторыі — гэткага ўсеабдымнага фаліянту. Яго ўкладанне якраз і магло б стаць адной са значных спраў будучага музея.

Фота Яўгена ЗАЛУЖНАГА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах