Сонечная дзяўчынка

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча:
— Я не памятаю Наташу Салаву без усмешкі на твары. Гэтая адкрытая ўсмешка заўсёды была яе візітоўкай і адразу выклікала незвычайную прыхільнасць ды сімпатыю да гэтай сапраўды сонечнай дзяўчынкі. Яе любілі за лёгкі характар, добразычлівасць і чысціню, што яна нязменна выпраменьвала. За вялікі талент, якім надзяліла яе прырода, за голас, што адразу ж браў у палон і ўжо не адпускаў са сваёй чароўнай прасторы… Ён, гэты незабыўны голас, скараў і захапляў з першых жа хвілін, як толькі яна пачынала спяваць.

/i/content/pi/cult/494/10562/2-4.jpg

Наталля Салава пад час канцэрта. / Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

/i/content/pi/cult/494/10562/2-3.jpgЦягам дзесяці гадоў Наташа Салава была вядучай салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Прыйшла туды зусім яшчэ дзяўчынкай, без аніякага досведу працы на прафесійнай сцэне. Але за дзесяцігоддзе цалкам апраўдала давер, што аказаў ёй маэстра Казінец. І ніколі не падвяла свайго “хроснага” — музыканта і дырыжора Аляксандра Крамко, які літаральна за руку прывёў Наташу ў аркестр, пачуўшы яе выступленне на Рэспубліканскім конкурсе “Галасы Бацькаўшчыны-2004”, дзе яна стала пераможцай. Разам з аркестрам Наталля Салава выступала на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках Беларусі, і перш за ўсё — на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прадстаўляла разам з арекестрам Рэспубліку Беларусь у Расіі, Польшчы, Украіне. І заўсёды пакідала незабыўныя ўражанні ў публікі сваёй летуценнасцю, нейкай асаблівай цнатлівасцю аблічча ды кранальнай прыгажосцю голасу...

Некалькі апошніх сезонаў Наташа Салава працавала ў складзе казачага ансамбля “Бацька Атаман”, з якім таксама шмат гастралявала па Беларусі і за мяжой.

І вось Наташы не стала… У гэта немагчыма паверыць, розум адмаўляецца прыняць гэтую трагічную вестку, што стала сапраўдным ударам для ўсіх нас, яе сяброў. Мала сустрэнеш творчых людзей, якіх безагаворачна любяць усе. Наташа — менавіта такая. У яе нават не было нядобразычліўцаў, усе ставіліся да яе з любоўю і сімпатыяй. Дый як можна было па-іншаму ўспрымаць гэтую адкрытую, кранальную ў сваёй шчырасці і чысціні дзяўчынку?.. Яна ўтойвала, што хварэе, мужна змагалася з хваробай ды верыла, што зможа яе адолець…

Не атрымалася.

Без маці застаўся яе чатырохгадовы сынок Макар. Без прыгажуні-жонкі — муж Саша, яе апора і надзейны тыл. Наташа не дажыла да свайго 30-годдзя літаральна чатыры дні.

Бывай, наша любімая дзяўчынка!..