Беларусы свету сустрэліся ў Мінску

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Другі Фестываль мастацтваў нашых суайчыннікаў доўжыцца ў сталіцы і не толькі
У Мінску ўжо другі дзень праходзяць мерапрыемствы ІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Як паведамляла ўжо “К”, сёлета паўдзельнічаць у маштабным форуме прыехалі каля 250 гасцей з 18 краін свету. Напрыклад, сапраўдным адкрыццём для публікі стануць выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама ансамбля “Славянская душа” з французскага Ліёна. З творчымі дасягненнямі суайчыннікаў, якія сёння пражываюць у іншых краінах, яшчэ можна пазнаёміцца і сёння, і заўтра. У выхадныя артысты будуць радаваць жыхароў ды гасцей сталіцы пад час канцэрта-падарунка Мінску на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту, а таксама ў Белдзяржфілармоніі і выступляць з канцэртамі ў аграгарадках Мінскай вобласці. Спецыяльна да фестывалю прымеркаваны фотавыстаўка ды розныя экспазіцыі. Для ўдзельнікаў форуму прадугледжана экскурсійная праграма, якая ўключае, у тым ліку, наведанне Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прагулкі па гістарычных мясцінах Мінска. Акрамя таго, у рамках фестывалю пройдзе пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Карэспандэнты “К” напярэдадні міжнароднага форуму распыталі гасцей свята аб тым, як яны пачуваюць сябе на беларускай зямлі, чым жывуць, пра што мараць, і, канешне ж, пра тое, з якімі творчымі калектывамі завіталі на Беларусь…

/i/content/pi/cult/494/10560/2-0.jpg

/i/content/pi/cult/494/10560/2-1.jpg

Уладзімір ШУГЛЯ, ганаровы консул Беларусі ў Цюмені (Расія),  старшыня абласной грамадскай арганізацыі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”, член Праўлення Савета грамадскага камітэта “Саюз”:

— Сам я — беларус. Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца. Бацькі часта пераязджалі з гарнізона ў гарнізон па ўсім былым Савецкім Саюзе. Таму, нягледзячы на тое, што бацька мой родам з Барысава, а маці — з Гродзенскай вобласці, я нарадзіўся ў Расіі. Але заўсёды лічыў сябе беларусам, як і сваіх сыноў. Вельмі рады, што зноў завітаў сюды, на сваю далёкую радзіму, а яшчэ больш рады, што калектыў з Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі паўдзельнічае ў ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету!.. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым раёне дасюль захаваліся кампактныя паселішчы беларусаў і побыт іх застаўся практычна нязменным — нават пасля таго, як у Сібіры выраслі цэлыя пакаленні тых, хто ніколі не бываў на сваёй гістарычнай радзіме… Яны дасюль спяваюць беларускія народныя песні, памятаюць традыцыі сваіх продкаў і навучаюць ім моладзь… Дарэчы, захаваліся тут і абрады. Напрыклад, у вёсцы Асінаўка Вікулаўскага раёна адбываецца абрад пераносу абраза “Свечка”. Так што памяць аб продках жыве на Цюменшчыне да сёння… І будзе жыць яшчэ вельмі-вельмі доўга… Я ў гэтым перакананы…

Любоў БОГНАТ, старшыня грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Беларусь” (г. Паўладар, Рэспубліка Казахстан):

— Я сама — дачка ўраджэнца вёскі Нячатава Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мае бацькі прыехалі ў Казахстан у час так званага падняцця цаліны, там і аселі на ўсё жыццё. Але ж ніколі не забываліся на тое, адкуль яны родам. Дарэчы, сёлета спаўняецца роўна 105 гадоў з часу першага пасялення беларусаў на казахскай зямлі… Падзея, пагадзіцеся, знакавая, таму і будзем пра яе казаць на ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету. А ў госці мы прыехалі са сваім калектывам “Світанак” — будзем прадстаўляць на суд гледачам свае танцавальныя і вакальныя нумары. Дарэчы, грошы на касцюмы атрымліваем з абласнога бюджэту свайго краю…

А падтрымка беларусаў, які жывуць у Казахстане, адбываецца як з боку мясцовых улад, так і з боку Міністэрства культуры Беларусі ды Цэнтра нацыянальных культур, за што мы ім шчыра ўдзячныя! Заўсёды з задавальненнем прыязджаю ў Беларусь, а ў сувязі з тым, што я яшчэ і адказваю за сувязь з грамадскасцю ў аддзеле ўнутранай палітыкі акімата горада Паўладара, гэтых паездак значна паболела, чаму я, безумоўна, вельмі рада!..

Вера СУГАК, паэтэса, прадстаўнік малдоўскай дэлегацыі:

— Родам я з Баранавічаў, але ўжо сорак гадоў жыву ў Малдове. Радзіму, вядома ж, бясконца люблю, не забываю пра яе, бывае, і слязу пушчу, успамінаючы… Гэты другі фэст стане другім і для мяне як для яго ўдзельніка. Разам са мной малдоўскае мастацтва і, натуральна, беларускае прадставяць на ім людзі, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да Беларусі: яны калісьці жылі, вучыліся ў нашай краіне! Гэта, напрыклад, спявачкі Маргарэта Івануш і Сняжана Карпей. У сілу розных абставін не змаглі прыехаць у Мінск мастак Вячаслаў Ігнаценка і фотамастак, культуролаг Ганна Мазур, якія ўжо неаднойчы наведвалі Мінск, але іх работы будуць выстаўляцца ў рамках Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Я ж буду чытаць свае вершы.

З хваляваннем чакаем сустрэч з землякамі, хочацца жывых зносін, а не праз Інтэрнэт! Хочацца наяве ўбачыць, як сёння жыве наша краіна, хоць, дзякуючы тэлеканалу “Беларусь 24”, што транслююць у Малдове, мы ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца тут. Хочацца паказаць, што мастацтва Беларусі жыве ды развіваецца і за яе межамі! Наша дэлегацыя плануе правесці перамовы аб кантакце паміж дзвюма дзяржавамі ў сферы культуры і мастацтва. Будуць і перамовы нават у сферы эканомікі. А яшчэ (прыадкрыю вам сакрэт) маюць адбыцца і сустрэчы на высокім узроўні, прысвечаныя хуткаму візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Кішынёў…

Алена БОНДАР, прадстаўнік украінскай дэлегацыі:

— На фэсце хочам паказаць беларускую вышыўку, ручнікі, кашулі, створаныя членамі беларускай суполкі ў Львове. Яшчэ павінен быў прыехаць хор, але не атрымалася, — мо я штосьці выканаю сольна. Мы, тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі ці мае да яе дачыненне па лініі блізкіх сваякоў, у прадчуванні зносін з радзімай. Быццам бы і жывём зусім побач, але пакуль мінеш усе межы ды мытні, здаецца, што Беларусь і Украіна знаходзяцца ў розных канцах свету… Людзі ва Украіне не вельмі добра ўяўляюць, як і чым жыве сёння беларускі народ. Вядома, будзем размаўляць з дыяспарамі іншых краін: нам цікава, як яны захоўваюць беларускія традыцыі…

Іна САЛАЎЁВА, прадстаўнік іспанскай дэлегацыі:

— У склад нашай дэлегацыі ўваходзяць дзесяць карэнных грамадзян Іспаніі і я. Ужо дваццаць гадоў жыву ў гэтай паўднёваеўрапейскай краiне, а нарадзілася ў Віцебску. Працую ў рускай школе пры расійскім пасольстве ў Мадрыдзе. Пры ёй дзейнічае гурток, дзе і мясцовыя жыхары могуць далучыцца да культуры славянскіх краін, у тым ліку спеўнай. Мы прывезлі праграму, складзеную напалову з народных беларускіх ды іспанскіх песень. Іспанцам ніяк не давалася вымаўленне, было вельмі складана вывучыць мову, але душа, якая старалася спазнаць яе, перамагла! Да таго ж, іспанская і беларуская мовы вельмі падобныя па сваёй рытміцы, яркасці. Хвалюемся страшна!..

Жанна НІКІТЧУК, прадстаўнік армянскай дэлегацыі:

— Я па адукацыі рэжысёр, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працую ў Армянска-беларускім гандлёвым доме “Ар-Бэ” ў Ерэване, а пры беларускай суполцы я арганізавала невялікі тэатр. Нашы пастаноўкі ўяўляюць з сябе песеннае дзейства, якое мы вiзуалiзуем з дапамогай лялек. Беларуская грамада, на жаль, — адна з самых малалікіх у Арменіі, хоць існуе ўжо больш за шаснаццаць гадоў. Яна налічвае каля двухсот чалавек. Але ў Ерэване ёсць нядзельная школа, дзе дзетак, якія нарадзіліся ў змяшаных шлюбах, вучаць беларускай мове, гісторыі, знаёмяць з культурай. Дзейнічае творчы калектыў “Родныя каранi”, дзе спяваюць ды танчаць дарослыя і дзеці.

На фэсце я выканаю дзве песні: хутчэй за ўсё, гэта будуць “Родная мова” і “Цяче вада ў ярок”. Фестываль — магчымасць апынуцца на роднай зямлі, глыбока ўдыхнуць паветра, якое па-іншаму пахне і па якім я сумую… На форуме мы хочам паглядзець, што беларусы, якія жывуць у іншых краінах, робяць для таго, каб іх карэнныя жыхары ведалі пра сапраўдную Беларусь, далучаліся да яе культуры…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"