Запрашэнне ў Дрэваград

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Добра гарадам з тысячагадовай гісторыяй: ім ёсць што распавесці ды паказаць. А як быць зусім маладому гораду, якому крыху больш за пяцьдзясят? Пра што расказаць? Якімі незвычайнымі экскурсійнымі сцяжынамі вадзіць шматлікіх гасцей? Клуб кветкаводаў “Флора” Салігорскай райбібліятэкі вырашыў прыняць удзел у мерапрыемствах з нагоды Года гасціннасці.

/i/content/pi/cult/493/10548/11-1.jpgАматары кветак распрацавалі адметны экскурсійны маршрут, стварылі своеасаблівую экалагічную гарадскую зялёную сцяжыну. Адшукалі, апазналі і вывучылі рэдкія дэкаратыўныя пароды дрэў, нетыповых для гарадскога азелянення.

У раёне будаўнічага каледжа расце сапраўдны выкапень — аксаміт амурскі. Гэта рэліктавая расліна, жывы помнік прыроды. Тут жа можна сустрэць катальпу, расліну паўднёвую, капрызлівую. Яе цвіценне — незабыўнае відовішча: сотні маленькіх архідэй-матылькоў уражваюць мінакоў…

Міні-дэндрарый знаходзіцца ля адміністратыўнага будынка “Беларуськалія”. Вялікае дрэва з дзіўнай калматай карой — гэта чаромха Маака. Яе плады — любімы ласунак мядзведзяў. Непадалёк — прыгажунька-яблынька з пурпурнай лістотай. Дрэўца таксама мае прозвішча — “яблыня Нядзвецкага”. А воцатнае дрэва навуковай мовай называецца “Сумах аленярогі”.

Парк чатырох стыхій таксама мае свае цікавосткі. Вакол танцавальнай пляцоўкі расце глог ружакветны. Цёмныя кветкі добра бачны з любой паркавай кропкі…

Кветкаводы правялі гульню-пошук сярод дрэў. На маршруце былі разме-
шчаны тайнікі, і патрабавалася знайсці схаваныя “скарбы”. Каманды фатаграфавалі ключавыя пункты маршруту, пазначалі іх на карце, каб стварыць віртуальны альбом вандроўкі. Завяршылася ўсё віктарынай пра дрэвы. Прыз — “Ордэн-дрэва”. Сябры “Флоры” назвалі маршрут “Дрэваград”.

Кацярына ВАВІЛАВА, бібліятэкар першай катэгорыі Салігорскай РЦБ, кіраўнік клуба “Флора”