Не едуць? Пракладзіце маршрут!

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
У адным з нядаўніх нумароў “К” дырэктар — мастацкі кіраўнік Палескага драматычнага тэатра скардзіўся на кадравую праблему: маўляў, не едуць да іх выпускнікі Акадэміі мастацтваў, дый “цяперашні ўзровень падрыхтоўкі пакідае жадаць лепшага”, а “тры апошнія магілёўскія набыткі — гэта коткі ў меху” (гл. “К” № 31, с. 11).

/i/content/pi/cult/493/10542/122-1.jpgНе спрачаюся: праблема гэтая — сапраўды надзвычай актуальная. Але будучых акцёраў рыхтуюць не толькі ў згаданай Акадэміі ды Магілёўскім каледжы мастацтваў. Адпаведная спецыяльнасць ёсць і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, у каледжах Брэста, Віцебска, Гродна, Маладзечна. Праўда, не паўсюль набіраюць навучэнцаў штогод — і, адпаведна, робяць выпускі. Існуе праблема і з падрыхтоўкай, якую добра ведаюць не тэарэтыкі, а практыкі тэатра: выкладаць у навучальных установах маюць права тыя, хто ў свой час атрымаў дыплом педагога. У большасці ж кіраўнікоў — дыпломы рэжысёраў ці акцёраў, а не настаўнікаў. Праўда, апошнім часам выпускнікі пачалі атрымліваць такую спецыялізацыю — як дадатак да ўласна творчай. Таму часам узнікаюць даволі парадаксальныя сітуацыі. Той кіраўнік, які выгадаваў кадры непасрэдна ў тэатры, а пасля адправіў іх атрымаць дыплом (па гэтай спецыяльнасці вядзецца і завочнае навучанне), выкладаць не можа. А ягоныя выхаванцы — могуць. У рэальнасці ж, часцей выкладаюць тыя, хто ўжо не звязаны непасрэдна з тэатрам. Дый кантынгент паступоўцаў (пры ўсіх павышаных, у параўнанні з іншымі спецыяльнасцямі, конкурсных лічбах “чалавекамесца”) пакідае жадаць лепшага. Многія адораныя юнакі і асабліва іх бацькі, не бачачы асаблівых грашовых перспектыў, абіраюць іншыя спецыяльнасці.

Але знаходзіць кадры звычайна той, як не цяжка здагадацца, хто хаця б шукае, а не адно чакае, пакуль шчасце само прыплыве яму ў рукі. Той жа Валерый Анісенка, які ўзначальвае Коласаўскі тэатр, запрашае навучэнцаў Віцебскага каледжа (сведкай чаго я неаднойчы была) для ўдзелу ў сваіх праектах: ён прыглядаецца да іх, яны — да тэатра. Летась менавіта ў тэатры, на камернай сцэне, праходзіў адбор выпускнікоў сярэдняй школы для навучання на базе каледжа. Праходзяць у тэатры і некаторыя іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на магчымае далейшае супрацоўніцтва.

У Пінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў акцёраў не рыхтуюць — толькі інструменталістаў, дызайнераў, спецыялістаў у галіне народнага танца, рэжысёраў народных абрадаў і святаў. Але калі ў тэатра існуюць сувязі з тым жа Магілёўскім каледжам, дзе адпаведныя кадры рыхтуюць, дык як можна скардзіцца на “котак у меху”? Ну не атрымалася пабываць непасрэдна на размеркаванні — і не трэба. Бо там можна вырашыць, у лепшым выпадку, некаторыя арганізацыйныя пытанні. А каб зразумець, наколькі чалавек адораны творча, трэба паглядзець хаця б яго дыпломную працу. Ці, яшчэ лепш, некалькі розных праектаў, што ажыццяўляюцца цягам навучання.

У тых жа музычных калектывах падобная сітуацыя немагчымая. І справа не толькі ў праслухоўваннях, якія ладзяцца абавязкова (а па размеркаванні там можна ўладкавацца толькі калі папярэдне, яшчэ ў час вучобы, сябе зарэкамендуеш). Кіраўнікі заўсёды імкнуцца паслухаць студэнтаў, асабліва выпускнікоў, і калі зацікаўлены ў іх “набытку”, дык апякуюцца іхнім лёсам пад час навучання.

Вядома, даваць парады “збоку” — прасцей. І абласныя, а тым больш — сталічныя ўмовы зусім іншыя. Але ўсё роўна — вельмі і вельмі многае залежыць ад саміх кіраўнікоў, якія клапоцяцца пра папаўненне сваіх кадраў. Будучых артыстаў трэба пачынаць гадаваць у саміх калектывах. Акрамя ўласна студый пры тэатрах, існуе мноства іншых варыянтаў, пачынаючы са школьных пастановак і аматарскіх дзіцячых спектакляў. А каб кадры затрымаць, патрэбны не толькі ўласна грошы ды прыстойныя жыццёвыя ўмовы, але і цікавыя праекты, памножаныя на ўзаемаразуменне. Усё ж лепш, чым чакаць, пакуль з навучальнай установы талент сам на галаву зваліцца і застанецца назаўжды, ды скардзіцца, што гэтага чамусьці не адбываецца…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"