Што не дае спакою кіраўніку тэатра

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Не так даўно ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача і Гомельскім абласным драматычным тэатры пачалі працаваць новыя дырэктары. Нам цікава было даведацца, як яны бачаць калектывы пад сваім кіраўніцтвам напярэдадні новага сезона. У сённяшнім выпуску “Форуму” — праекты і праблемы гэтых труп.

Сезон з маркетынгам

/i/content/pi/cult/493/10540/7-11.jpgУладзімір КАРАЧЭЎСКІ, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

— Сезон у нас завяршыўся спектаклем “Фінт-Круазэ”, які з’явіцца і ў вераснёўскай афішы. Акрамя таго, запланаваны і новыя пастаноўкі. Да ўсяго, у лютым адраджаем спектакль “Адвечная песня”. На гэты сезон плануем, сярод іншага, удзел у такіх міжнародных фестывалях, як “Белая вежа” ў Брэсце (верасень), а таксама ў Чэхаўскім фэсце ў Маскве (май наступнага года). Спадзяёмся, што зможам паказаць некаторыя работы маладых рэжысёраў і драматургаў у рамках сталічнага фестывалю “ТэАРТ”. Астатнія праекты — па фінансавых магчымасцях.

Новы сезон мы назвалі “Сезонам падзей”. РТБД плануе шэраг акцый кшталту той, якая праходзіла 7 ліпеня — “Святкуем Купалле разам з Купалам” (яна ўключала экспазіцыю, прысвечаную Песняру, выстаўку работ маладых мастакоў, ансамбль “Купалінка” выступаў разам з Таццянай Мархель). Адкрыццё ж сезона прысвецім Мінску з прэзентацыяй кнігі, што распавядае пра гісторыю сталіцы, паказам спектакля “Нямое каханне” разам з партнёрам тэатра — агенцтвам нерухомасці. Я спадзяюся на поспех і працяг падобных праектаў.

З верасня кожны апошні чацвер месяца ў фае тэатра будзе працаваць музычны салон з самымі рознымі кірункамі музыкі: старадаўняя, сучасная беларуская, класічная, джаз. Стала будзе дзейнічаць некамерцыйная выстаўка творчасці беларускіх мастакоў. Маем планы па шэрагу сумесных мерапрыемстваў з Нацыянальным мастацкім музеем, музеямі ў Нясвіжы, Міры, з Нацыянальнай бібліятэкай. Таксама ёсць ідэя наладзіць сувязі з цэнтрамі драматургіі, якія ёсць у іншых краінах.

Спектакль “Раскіданае гняздо” возьме ўдзел у фінальным этапе Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў лістападзе. А па фарміраванні рэпертуару РТБД плануе ў першую чаргу працаваць з сучаснымі беларускімі драматургамі і дэманстраваць сучаснае ж тэатральнае мастацтва.

Яшчэ адзін акцэнт — правядзенне актыўнай інфармацыйна-іміджавай палітыкі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы і наяўных эканамічных умовах. Карацей, не толькі чакаць таго, што дасць дзяржава, але яшчэ і самім праяўляць ініцыятыву. Такія захады патрабуюць падключэння партнёраў, у тым ліку з пераліку ўстаноў культуры. Ужо цяпер працуем над стварэннем апякунскага савета (шэраг партнёраў маем і сёння), і я спадзяюся, што восенню апошні пачне паўнавартасна працаваць ды падтрымліваць нас.

Недахопы, якія ёсць у тэатры? Гэта недастатковае інфармаванне насельніцтва, неэфектыўная маркетынгавая дзейнасць. Хацелася б супрацоўнічаць таксама з замежнымі рэжысёрамі, каб акцёры пашыралі свой кругагляд і атрымлівалі новыя творчыя магчымасці…

Пакуль — закупкі ды новыя штатныя

/i/content/pi/cult/493/10540/7-12.jpgІгар ВАРОНІН, дырэктар Беларускага  рэспубліканскага тэатра  юнага гледача:

— Пяць гадоў тэатр знаходзіўся на розных сцэнах, у асноўным — у Доме літаратара, дзе пачнём і новы сезон. Вядома ж, у абноўленым пасля рэканструкцыі родным будынку пэўныя сродкі і час (сёлета і налета) выдаткуем на адаптацыю ад чатырох да васьмі спектакляў. Цяпер жа пачынаем ладзіць музычную казачную феерыю “Сіняя птушка”. Ужо адбылася чытка, размеркаваны ролі, і да пачатку новага года мы збіраемся ўвасобіць спектакль. Астатнія праекты пакуль не маюць такой канкрэтыкі.

Маюцца таксама некаторыя пытанні па гатоўнасці сцэнічнага абсталявання: пастановачнага асвятлення, гуку, адладжвання ўсіх механізмаў. Так, устаноўка ідзе, але пакуль ёсць затрымка з набыццём таго ж асвятлення. Дый на наладку можа пайсці пад два месяцы. Таму толькі тады, калі ўсё стане комплексна працаваць, можна будзе прыступіць да ўвасаблення новых задумак.

Будаўнічыя работы ў Тэатры юнага гледача ўжо заканчваюцца. Застаўся толькі касметычны рамонт. Ідзе ўстаноўка і наладка механізацыі сцэны, закупляюцца крэслы ў глядзельную залу, "адзенне" сцэны. Хоць я і працую ў Тэатры юнага гледача толькі два месяцы, душа баліць аб тым, каб трупа хутчэй займела свой дом. Там павінна быць вельмі прыгожа!

Таксама ў нас ёсць цяпер пэўная праблема ў плане падбору спецыялістаў: пашыраецца штат у сувязі з рэканструкцыяй. Заробак, на жаль, не такі вялікі, а мы чакаем высокакваліфікаваных работнікаў. Нядаўна размясцілі на сайце Мінгарвыканкама ўжо ўзгодненыя вакансіі новых штатных адзінак інжынерна-тэхнічнага персаналу. Cпадзяюся, у хуткім часе праблема вырашыцца…

Пастаноўкі, фестывалі і кадры

/i/content/pi/cult/493/10540/7-13.jpgІрына ПЫРКОВА, дырэктар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра:

— Новы сезон плануецца насычаны. Зразумела, у першую чаргу будзе рыхтавацца маштабны спектакль да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама мы цяпер выбіраем класіку для пастаноўкі. Хацелася б, каб публіка ўбачыла прыгожы касцюміраваны прафесійны спектакль. Не застануцца без увагі і маленькія гледачы. Больш за тое: маем ідэю ды магчымасць стварэння інтэрактыўнай пастаноўкі для іх.

У госці чакаем нашых сяброў — Бранскі дзяржаўны тэатр драмы імя А.К. Талстога. А з 28 лістапада па 4 снежня пройдзе Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, куды з’едуцца калектывы з Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы і, вядома, беларускія тэатры. Упершыню ў Гомелі адбудуцца гастролі Калінінградскага абласнога драматычнага тэатра. Мы ж сёлета прымалі ўдзел у расійскім блоку “Славянскіх тэатральных сустрэч” у Бранску, наведалі Калінінград, правялі абменныя гастролі з Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.

Праблемы ў тэатра ёсць, як, бадай, і ў любой арганізацыі. Хацелася б, каб да нас прыйшлі добрыя артысты — моцныя прафесіяналы, якія папоўнілі б шэрагі сур’ёзных майстроў гомельскай трупы. Веру, што калі ёсць сур’ёзная каманда, то ўсё вырашальна!..

Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ