Формула антрэпрызы

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Імя Улады АРЦЮКОЎСКАЙ вядома пакуль не так шырока. А вось яе творчыя работы, як ні дзіўна, знаёмыя вельмі многім — не толькі дарослым, але і дзецям. Ды не адно мінчанам ці тым, хто свядома цікавіцца сучаснай нацыянальнай культурай, а і самым шырокім колам насельніцтва. Менавіта яна адказвала за рэжысуру многіх значных культурных мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам Кіраўніка дзяржавы, неаднойчы была адзначана ганаровымі граматамі ды падзякамі. Гэта і святкаванне Дня Незалежнасці, і многія навагоднія казкі ў Палацы Рэспублікі, якія потым трансляваліся па тэлебачанні, і ўрачыстыя адкрыцці Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Зараз Улада ўзначальвае творчае аб’яднанне “Талент” — з гэтай нагоды і адбылася наша сустрэча.

/i/content/pi/cult/493/10538/6-1.jpg

— Назва вашага творчага аб’яднання — не проста шматабяцальная, а яшчэ і, можна сказаць, даволі амбіцыйная: маўляў, тут сабраліся не абы-хто, а сапраўдныя таленты…

— Мне і сапраўды захацелася аб’яднаць таленавітых людзей. Іх у нас не так мала, як, можа, камусьці і здаецца. Бывае, не ўсе адразу могуць раскрыць сваю адоранасць. А куды часцей — проста не маюць магчымасцей напоўніцу рэалізаваць уласныя здольнасці ды творчыя памкненні. Таму і ўзнікла такое аб’яднанне, якое, з аднаго боку, дапаможа творчым асобам у самарэалізацыі, з іншага ж — задаволіць попыт на разнастайныя творчыя праекты. У нашу суполку ўваходзяць не толькі артысты, але і мастакі, дэкаратары, прадстаўнікі іншых сфер. Таму намагаемся рухацца ў розных напрамках. Так, ужо пастаўлены два спектаклі для дзяцей: “Фрэкен Бок вяртаецца” і “Трэба верыць у казку”. Утрымаць увагу дзятвы сёння не так і проста. Гледачы з маленства прывучаны да камп’ютара, тэлевізара, разнастайных спецэфектаў, імгненнай “змены дэкарацый”, мільгання кадраў… На дзіця абрушваецца такі паток інфармацыі, з якім ён не можа справіцца, і, у мэтах самаабароны, арганізм перастае на ўсё гэта рэагаваць. Таму разлічваць трэба — на эмоцыі, нечаканыя пераасэнсаванні. Тую ж Фрэкен Бок усе прызвычаіліся бачыць “домамучыцелькай”. Акцёра Уладзіміра Варанкова — смешным. Ці, у тэлевізійнай “Калыханцы”, — Медзведзянём Топам. А ягоная Фрэкен Бок раптам становіцца зусім не парадыйнай, а вельмі кранальнай. І вымушае задумацца пра ўзаемаадносіны дзяцей ды дарослых.

Водгукі на дзіцячыя спектаклі былі самыя станоўчыя: дзеці і іх бацькі — у захапленні. Таму вырашылі зрабіць пастаноўку яшчэ і для дарослых: “Трое ў лодцы, не лічачы сабакі” паводле аднайменнай аповесці Джэрома К. Джэрома. Зараз ідуць рэпетыцыі, і ў верасні гледачы ўбачаць прэм’еру.

— Гэтая кніга неаднойчы экранізавалася, ставілі яе і на сцэне. Якую версію вы паклалі ў аснову?

— Усе інсцэніроўкі я заўсёды ствараю сама. Пішу таксама п’есы. І пачала займацца гэтым не сёння і не ўчора, а гадоў у чатырнаццаць. Дарэчы, для колішняга пластычнага спектакля “Туці-фруці”, які ставіўся ў Акадэміі мастацтваў, драматургію сачыніла я. Так што сцэнарны вопыт у мяне багаты.

— І як жа вы абышліся з Джэромам?

— Насуперак аўтару, у нашым спектаклі заняты тры мужчыны і жанчына.

— Няўжо замест сабакі?

— Не замест, а разам. Дакладней, разам з сабакам і замест Джэрома.

— ?..

— Трох джэнтльменаў, якія выпраўляюцца ў падарожжа, іграюць Уладзімір Варанкоў, Аляксандр Вергуноў, Дзяніс Арцюкоўскі. А Галіна Чарнабаева выступае і як аўтар, і як лялькавод для сабакі. Усе асноўныя сюжэтныя павароты — вядома, паводле кнігі. Але акрамя ўсіх тых смешных здарэнняў, ёсць у спектаклі і думкі пра мужчын ды жанчын, пра канфлікт паміж імі. Усе героі — заўзятыя халасцякі, якія прынцыпова падарожнічаюць без жанчын. Але аўтар аповеду — жанчына. Яна наўмысна прыдумляе для іх такія сітуацыі, з якіх ім будзе цяжка выкруціцца без жанчын. Таму гэты канфлікт, хочаш ці не, павінен скончыцца паразуменнем.

А, да ўсяго, гэты спектакль — пра сэнс чалавечага жыцця. На што мы яго марнуем? У большасці — на нейкую руціну, штодзённае выкананне абавязкаў. Але ж трэба пакідаць час і для душы! Для ўсяго таго, што і складае радасці жыцця. Трэба ў нейкі момант прачнуцца, убачыць рэчку, неба, удыхнуць свежае паветра і падумаць пра тое, што ў жыцці павінна быць месца не толькі для заробку грошай і нават не толькі для подзвігу, але і для простых жыццёвых радасцей. А тыя пачынаюцца не з нейкіх знешніх падзей, якіх можна чакаць і не дачакацца, а з нас саміх, з нашага стаўлення да ўсяго навакольнага, умення заўважаць вакол сябе ўсё добрае і радавацца гэтаму. У спектаклі мы імкнуліся адысці ад банальнага ды побытавага, напоўніць дзею смешнымі, нетрывіяльнымі момантамі, звязанымі не толькі непасрэдна з сюжэтам, але і з уласна яго тэатральным увасабленнем. Усе занятыя артысты — цудоўныя комікі. Дый сама пастаноўка пабудавана на стыку розных жанраў, у нас будуць і цыркавыя элементы, і пераапрананні, і нават балет. Бо тэатр — гэта не кніга. Гэта, найперш, перадача энергіі.

— Пры такім падыходзе што для вас застаецца галоўным, асноватворным: задуманы вамі творчы праект, ваша ўласная рэжысёрская канцэпцыя ці артысты, якіх вы так нахвальваеце?

— У гэтым і заключаецца адрозненне антрэпрызнага тэатра ад звыклага рэпертуарнага. У апошнім — рэжысёр бывае скаваны, пастаўлены ў пэўныя рамкі наяўнасцю ці адсутнасцю неабходных яму артыстаў. Ён павінен разлічваць пастаноўкі на склад сваёй трупы. А яшчэ — займацца “вышэйшай матэматыкай”, падлічваючы і пралічваючы, хто і як заняты. Бо, у ідэале, трэба заняць усіх: і каб артысты “раслі”, і каб у іх менш часу заставалася на інтрыгі, што так азмрочваюць жыццё любога творчага калектыву… Для мяне ж галоўнае — праект. І для яго ўвасаблення я запрашаю тых артыстаў, якія для гэтага падыходзяць. Але ж у мяне няма рэжысёрскага садызму (думаю, яго выхаванню таксама садзейнічаюць умовы рэпертуарнага тэатра, калі рэжысёр пачынае пачуваць сябе гаспадаром, ад якога артыстам няма куды падзецца). Для мяне артыст — галоўны чалавек у тэатры. Рэжысёр жа павінен яму дапамагчы, рэалізаваць яго памкненні. І ні ў якім разе не засланяць яго асобу ні дэкарацыямі, ні музыкай, ні кідкай рэжысёрскай канцэпцыяй.

— Дык гэта ж і ёсць формула таннай антрэпрызы! Ні сцэнаграфіі, ні музыкі, ні рэжысуры — адно “жывыя” артысты, якія без рэжысёрскай ідэі альбо “мёртвымі” становяцца, альбо цягнуць спектакль у розныя бакі, як лебедзь, рак ды шчупак…

— Не, мы надаём вялікую ўвагу ўсім пералічаным складнікам, але яны не становяцца самамэтай — гэтак жа, як і “выбіванне” з гледача грошай любым магчымым спосабам. Глядач найперш павінен атрымаць задавальненне — эстэтычнае! Так, спектакль можа быць і “на тры зэдлікі”, але не таму, што сродкаў пашкадавалі, а паводле закладзенай у яго ідэі, якая большай сцэнаграфіі не патрабуе. Ва ўсім павінна быць гармонія. Празмернасць — такая ж загана, як і недахоп. У нас працуе член Беларускага саюза мастакоў Вольга Грыцаева, густу якой мы давяраем. Адзінае патрабаванне — каб дэкарацыі былі мабільнымі, што дазваляла б паказваць спектакль на розных сцэнах.

— У тым ліку — на выездзе?

— Сапраўды, мы хацелі б паказваць спектаклі па ўсёй Беларусі і ў замежжы. Для большай мабільнасці ставім на два склады, каб таго або іншага артыста можна было “падстрахаваць”.

— Але пошук сцэнічных пляцовак, білеты, рэклама — усё гэта патрабуе вялікіх намаганняў. І, наколькі я разумею, — кладзецца на вашы плечы…

— Так, усё гэта робім самастойна. Але ж працую не адна я — ёсць добрая каманда. Да таго ж, пошук залы не настолькі складаны. Трэба толькі паклапаціцца загадзя — практычна за год. Што ж да публікі, дык трэба ўлічваць, да прыкладу, пэўную сезоннасць. У маі прадаць білеты звычайна складаней. Дачакаўшыся добрага надвор’я, усе імкнуцца на прыроду, на тыя ж лецішчы, дзе хапае працы. Дый афіша ў гэты перыяд бывае насычанай. Вядома, вельмі перашкаджае нядобрасумленная канкурэнцыя — найперш з боку тых “танных” (ва ўсіх сэнсах слова) антрэпрыз, якімі сёння наводнены тэатральна-канцэртны рынак. Колькі можна цярпець расійскую халтуру? Зразумела, там робіцца разлік на вядомыя імёны, якія не знікаюць з тэлеэкранаў. Але ў фінансавых пытаннях канкурыраваць з імі цяжка. Публіка, не шкадуючы грошай, купляе білеты на расійскіх зорак. На беларускіх жа артыстаў — сумняваецца. Дый, здараецца, у кагосьці на “сваіх” папросту не хапае, бо ўсё ўжо выклалі за расійскіх. Для кагосьці ж увогуле само слова “антрэпрыза” асацыюецца адно з падманам. Мы ж хочам даказаць, што гэта не так.

— Дзеячы тэатра звычайна скардзяцца, што публіка сёння прагне адно камедый…

— Мне бліжэй жанр трагікамедыі — без клаўнады, фарсу, але каб спектакль быў напоўнены думкай, каб гледачы ад душы пасмяяліся, але потым і задумаліся. Смех — цудоўная, неабходная ўсім нам эмоцыя. Але чаму ён павінен быць бяздумным? Паўтаруся: тэатр — гэта перадача энергіі. Калі глядач атрымлівае яе са сцэны, дык перажывае ні з чым не параўнальную асалоду. А энергетыка — не толькі звычайны рух ды эмацыйная аддача. Гэта яшчэ і рух думкі. Публіку немагчыма “перарабіць” у адно імгненне. Яе трэба прывучаць — паступова, і рабіць гэта на пазітыўных эмоцыях, а не толькі адразу “грузіць”. У рэшце рэшт, глядач заўсёды адгукаецца на добрую якасць. Іншая справа, што некаторыя, выхаваныя на “мыльных операх” ды танных меладрамах, пра сапраўдную якасць папросту не здагадваюцца. Значыць, ім трэба яе паказаць!

— Ці адчуваеце вы сябе пераемнікамі таго студыйнага руху, які ахапіў нашу тэатральную прастору ў 90-я? Па меншай меры, у вас ёсць тое ж імкненне паказаць “іншы” тэатр (які менавіта — іншая справа)…

— Толькі больш займаемся яшчэ і камерцыйным бокам, у адрозненне ад 90-х. Бо верым, што яго можна — і трэба! — сумяшчаць з творчым пошукам.

— Можа, і планы некаторыя прыадкрыеце?

— Ёсць ідэя ўвасобіць мюзікл. Яна нарадзілася, калі я рыхтавала Рэспубліканскі баль выпускнікоў ды іншыя мерапрыемствы з удзелам вядомых эстрадных спевакоў: Германа, Дзядзькі Вані, Жанэт. Увогуле, ідэй — безліч! Хочацца і оперу паставіць (ну чаму беларускіх рэжысёраў не запрашаюць?), і серыял зняць. Будзем рухацца паступова, крок за крокам...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"