Дык вось, у дзяцінстве я, шасцігадовы, з сапраўдным зачараваннем назіраў, як у вёсцы будуюць хату. Вянец за вянцом. Не памятаю, што гэта былі за людзі. Звычайныя майстравыя мужыкі. І яны цудоўна ведалі сваю справу. Кожны рух — вывераны, а таму — бясконца прыгожы. А такая культура працы — сапраўднае мастацтва. Яно не магло не зачараваць…
А пасля быў мой асабісты доўгі шлях ад гэтай хаты да тэатра. Што мяне зрабіла акцёрам? Толькі праца. Вянец за вянцом, вянец за вянцом. З тае пары мінула больш за семдзесят гадоў.
Праца артыста не мае аналагаў. Яна заўсёды цяжкая. Вынік сялянскай працы — жытні хлеб, вынік акцёрскай працы — хлеб духоўны. А хлеб ніколі лёгка не даецца. І дамагчыся яго можна толькі потам. Гэта пабочнаму чалавеку падаецца, што хата, хлеб, роля даюцца лёгка. А спрактыкаваны ведае цану сабе і той справе, якой прысвяціў жыццё…
Фота Юрыя ІВАНОВА