У Год гасціннасці правялі ў мінулую суботу Свіслацкі кірмаш, ужо другі па ліку. Цягам мінулага года аддзел рэалізаваў праект у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь. 2007 — 2013”. Праект называўся “Супрацоўніцтва і дыялог культур Укмерге і Свіслачы”. Ажыццявілі яго разам з літоўскімі партнёрамі. Сутнасць праекта зводзілася да адраджэння і рэканструкцыі нашых спрадвечных традыцый. Залаты век Свіслачы прыпадае на тыя часы, калі нашым горадам валодаў граф і сенатар Вялікага Княства Літоўскага Вінцэнт Тышкевіч. Менавіта тады Свіслач дасягнула сапраўднага эканамічнага і культурнага росквіту. А Свіслацкі кірмаш у той час быў у краіне адным з найбуйнейшых па гандлёвым абароце. Упёршыню ён прайшоў 15 жніўня 1792 года.
Летась адрадзілі тую слаўную традыцыю. Пад гэта атрымалі еўрасаюзаўскае фінансаванне. Больш чым 30 тысяч еўра дазволілі нам не толькі значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Нашы мастацкія калектывы выязджалі ў Літву (літоўцы таксама адрадзілі свой традыцыйны кірмаш), потым прымалі літоўскіх сяброў на нашай зямлі. Нашы дамовы па супрацоўніцтве з Гайнаўкай (Польшча), Рундайскім краем (Латвія) і горадам Укмерге набылі якасна новы ўзровень. Афіцыйныя дэлегацыі, творчыя калектывы, майстры-рамеснікі тых краін належным чынам ацанілі наш Свіслацкі кірмаш. Прайшла таксама і навуковая канферэнцыя.
Усё паўтарылася і 16 жніўня бягучага года. Уяўляеце, якое феерычнае відовішча ўбачылі жыхары нашага райцэнтра? Прайшоў не толькі кірмаш, але і свята дажынак. Ушанаваны былі каля сямідзесяці працаўнікоў сяла. Аддзел падрыхтаваў конкурс на лепшы каравай новага ўраджаю. Раённы Дом рамёстваў зладзіў майстар-клас па ганчарстве, ткацтве, саломкапляценні…
Свіслацкі раён уваходзіць у еўрарэгіён “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Тут мы супрацоўнічаем з Гайнаўскім паветам і беларускімі Камянцом ды Пружанамі. У нас распрацаваны турыстычныя маршруты. А раз на тры гады ладзім абласны экалагічны фестываль. Сёлета ў яго рамках пройдзе і канферэнцыя, на якой мы збіраемся ўзняць шэраг праблем, звязаных з развіццём інфраструктуры нашага раёна. Што маю на ўвазе? Ёсць задумка стварыць на падыходзе да Белавежы не толькі аграсядзібу, але і больш грунтоўны культурны аб’ект, дзе былі б гасцініца, канцэртная зала.
Гэты аб’ект можа знаходзіцца на балансе нашага аддзела, бо абяцае быць даходным. Справа ў тым, што менавіта на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца балота Дзікое, узрост якога супернічае з узростам егіпецкіх пірамід. Гэта — не толькі лёгкія Еўропы, але і аб’ект нязменнай ды пастаяннай турыстычнай увагі. Як, дарэчы, і ўнікальны векавы дуб… Словам, турыстаў шмат, а інфраструктуры адпаведнай бракуе. Сорак дзевяць працэнтаў раёна займаюць лясы. Па сутнасці, гэта — Белавежская пушча. І яна павінна стаць пляцоўкай для рэалізацыі праектаў нашых устаноў культуры.
Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва на наступныя пяць гадоў пачынае дзейнічаць. У яе рамках мы збіраемся адрадзіць старасвецкі парк Вінцэнта Тышкевіча. Не выключана магчымасць, што менавіта тут будзе ўстаноўлены помнік колішняму фундатару Свіслачы…