Слёзы пунсовых макаў

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Успамінаючы Мікалая Залознага
…У сялянскай хацінцы цішыня. Вакол старой сядзяць чацвёра ў касках, у паходнай салдацкай амуніцыі. Сыны… Яны прыселі, па даўнім народным звычаі, каб развітацца перад далёкай дарогай. Развітацца, можа, назаўсёды. Сівая маці, якая многае перажыла на сваім веку, склала на каленях натруджаныя нялёгкай працай рукі. Напэўна, успамінае, як нараджала, гадавала… А сыны ўжо развіталіся з бацькоўскім домам. Яны ўжо ў думках — там, на вайне, якую пакуль уяўляюць па расповедах ды кнігах. Яна, вайна, схопіць іх заўтра ў жалезныя свае абдымкі…

/i/content/pi/cult/493/10530/15-1.jpg

Мікалай Залозны. "Макі".

/i/content/pi/cult/493/10530/15-2.jpgА можа, гэта і не яе сыны… Спыняліся салдаты на начоўку, а цяпер збіраюцца ісці далей. Кожны ў гэтую хвіліну думае пра сваю маці, а старая — пра сваіх дзяцей. Яна зараз ім — маці. Яны ёй — сыны. Жахлівае гора вайны згуртавала народ у адзіную сям’ю. У смутку гэтай жанчыны — смутак усіх мацярок. Рашучасць у вачах гэтых чатырох салдат — рашучасць усіх іншых, чый ратны подзвіг прынёс у рэшце рэшт перамогу ў маі 1945-га…

Карціна “Сыны” таленавітага беларускага жывапісца Мікалая Залознага — адна з многіх работ мастака на тэму Вялікай Айчыннай. Акрамя гэтай — палотны, прысвечаныя ўдовам-салдаткам і сялянам, якія працуюць на вызваленай ад ворага зямлі, Дню Перамогі і героям знакамітай Рудабелкі. А яшчэ шмат твораў пра тое, што хвалявала мастака ў нашы часы…

Сёння імя гэтага выдатнага каларыста і педагога, на вялікі жаль, амаль забыта. Яго помняць тыя ягоныя калегі-сучаснікі, якім ужо даўно за семдзесят, і яго вучні па Мінскім мастацкім вучылішчы ды Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе з пад крыла гэтага настаўніка выйшла не адно пакаленне выбітных майстроў беларускага выяўленчага мастацтва…

Пры жыцці Мікалая Рыгоравіча прэса амаль нічога не пісала пра яго ўнікальны дар. Праўда, напрыканцы 1970-х усё ж выйшла ў свет невялічкім тыражом міні-манаграфія пра жывапісца аўтарства Генадзя Генава ў выдавецтве “Беларусь” (па заказе Саюза мастакоў БССР), але сёння яе можна прачытаць, мабыць, толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Так бывае, калі таленавіты творца пры жыцці сярод мастакоўскага брацтва лічыўся ў першай дзясятцы жывапісцаў, але так і не ўдастоіўся быць прызнаным афіцыйнай уладай. Ні ганаровага звання, ні ордэнаў за творчыя заслугі ён так і не паспеў атрымаць. Аднак падобны лёс чакаў і іншых, не менш значных ды вядомых, мастакоў, сучаснікаў Залознага: Аляксандра Мазалёва, Фёдара Дарашэвіча, Ісака Давідовіча, Івана Карасёва, Леаніда Асядоўскага, Уладзіміра Мінейку, Акіма Шаўчэнку, Міхаіла Чэпіка, Мікалая Тарасікава, Міхася Сеўрука, Ізраіля Басава і шмат іншых творцаў, якія паспяхова, кожны па меры сваіх сіл, закладвалі моцны падмурак сённяшняй выяўленчай культуры краіны.

Што тут скажаш... Не было ў такіх мастакоў ні ўплывовых “спонсараў”, якія паклапаціліся б пра іхні творчы імідж, ні ўсеабдымнай “рэкламы” ў сродках масавай інфармацыі. Тэлебачанне таксама рэдка звярталася да мастакоўскіх лёсаў “не заслужаных” і “не народных”. Дый у калектыве Саюза мастакоў БССР, як заўсёды, з моманту яго існавання, расцвітала хранічная, невылечная хвароба пад назвай “самаедства”, калі пастаянна ішла ўнутраная барацьба за “месца пад сонцам”. І гэтая хвароба напаткала многіх: знакамітых “інжынераў чалавечых душ”, і тых, хто ішоў за іхнімі імёнамі як “… і іншыя”.

Словам, што да Мікалая Залознага, дык пра яго вы практычна амаль нічога не знойдзеце нават у Сеціве, у адрозненне, скажам, ад ягонай таленавітай дачкі мастачкі Наталлі Залознай, якая сёння жыве і паспяхова працуе ў Бельгіі ды выстаўляецца ў розных краінах свету, не забываючыся і на родную Беларусь. Пад уплывам творчасці бацькі яна стала прафесійнай мастачкай, але ў жывапісе абрала свой, арыгінальны, вобразна-пластычны шлях.

Тым не менш, з вялікай цеплынёй Наталля заўсёды адгукалася пра бацьку: “Тата уклаў у мяне любоў да мастацтва, прывіў унутраную свабоду. Часта хваліў, падтрымліваў. З часам я зразумела, як гэта важна. Але і вылаяць мог. Ён увогуле быў чалавекам эмацыйным, энергічным і вельмі моцным”.

Вось і мне захацелася сёння ўспомніць Мікалая Рыгоравіча, трошкі расказаць пра яго, бо я добра ведаў гэтага чалавека, часта з ім сустракаўся і ў ягонай майстэрні, і ў сценах Мінскага мастацкага вучылішча ды Тэатральна-мастацкага інстытута, дзе я не раз рэцэнзаваў дыпломныя работы яго вучняў. Сустракаліся мы на розных вернісажах дый проста за кілішкам каньяку, які ён любіў…

Менавіта каньяк быў апошнім напоем у яго зямным існаванні, перад тым як 7 красавіка 1982 года ён скончыў жыццё самагубствам… Што канкрэтна паслужыла прычынай трагедыі, я не ведаю, але за два дні да яе мы з ім цёпла і доўга гутарылі ў ягонай майстэрні — на мансардзе дома на Прывакзальнай плошчы, і абсалютна нічога не прадвяшчала кепскага…

Мікалай Залозны нарадзіўся 16 кастрычніка 1925 года ў вёсцы Княжычы Броварскага раёна Кіеўскай вобласці. Пра гэтую вёсачку Коля мне ахвотна і часта распавядаў. Казаў, што ўпершыню яна згадвалася ў грамаце Польскага Караля Казіміра ў 1489-м. І што тут калісьці, яшчэ раней, прыкладна ў XII стагоддзі, у сваім палацы каля ракі Драніца жыў-пажываў сам казачны Салавей-разбойнік. Гэта было такое лясное страшыдла, якое валодала смяротным свістам і нападала на падарожнікаў. Мікола тады мне растлумачыў, што на самой справе ў Салаўя-разбойніка быў рэальны чалавек-прататып — нейкі князь. Ён жыў на Броваршчыне, на беразе Дзясны, і гвалтам браў даніну ў падарожнікаў, якія ішлі ў Кіеў з усёй паўночнай Русі. Тут, у Княжычах, нейкі час жыў і князь Уладзімір Манамах. Так што гэта была не проста звычайная вёсачка ва Украіне ў чарадзе соцень іншых падобных.

А калі прыйшла савецкая ўлада, сярод мясцовага люду пачалася смута, якая дасягнула свайго апагея ў час калектывізацыі. І амаль некалькі дзясяткаў кулакоў ды іхніх сем’яў былі пассыланы за Урал. Іх абвінавацілі за схаванае зерне і за атручванне сотні коней, каб тыя не дасталіся калгасам. Мастак добра запомніў і жудасны голад 1933 года, калі даводзілася, у лепшым выпадку, сілкавацца макухай. А каб хоць бы трошкі “збіць” голад — рысаваў усё, што яго акружала: прыроду, жывёл, людзей, палявыя кветкі. Вельмі дапамагаў яму ў гэтым школьны настаўнік рысавання…

…Вайна пачалася, калі Міколку не споўнілася і шаснаццаці. Узяць зброю ды стаць у шэрагі байцоў здолеў толькі ў канцы яе. Але і на яго долю выпалі нягоды ды жахі ваеннага ліхалецця. Ваяваў, бачыў спаленыя вёскі, разбураныя нашы і чужыя гарады, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна ды вызваленні Прагі… “На фронце не маляваў, — казаў Залозны. — Не да таго было. Але памяць усё бачанае дакладна фіксавала, як праз фотаапарат…”

Вось яшчэ адна карціна пра той час — “Салдаткі”: група жанчын, якія ўзводзяць супрацьтанкавае збудаванне. У хвіліну адпачынку адна чытае ўслых пісьмо — ад мужа ці ад сына… Астатнія вакол слухаюць. Тут і маці, што чакае з фронту свайго сынка, і маладзіца, на якую звалілася нейкае гора, і тыя, хто ўжо ніколі не дачакаецца радасці… Цэлая “панарама” псіхалагічных вобразаў. Іх змучаныя твары выпісаны з асаблівым стараннем. А чырвоныя, вохрыстыя, сіне-зялёныя тоны ствараюць атмасферу трывожнай напружанасці, смутку, хвалюючага чакання — усяго, чым было напоўнена жыццё салдатак, якіх мастак лічыў такімі ж героямі вайны, як і мужчын, што ваявалі ў дзеючай арміі…

Пра тое, якая бязмерная радасць Перамогі, радасць тых, хто вярнуўся і дачакаўся, пра няўцешны смутак асірацелых распавёў мастак у карціне “Перамога”. Тут паказана сустрэча ў сям’і, куды вярнуўся сын, і ў якой аўдавела дачка…

А вось карціна “Дома”: маленькая групка людзей на свежым зрубе. І гэта таксама пра лёс народа: стары партызан і дэмабілізаваныя воіны з ордэнамі на грудзях, дзяўчынка-падлетак, якая перажыла жахі акупацыі. Яны, азораныя промнямі сонца, будуюць на папялішчы дом — першы ў новым мірным жыцці…

Гэтыя тры палотны — як раздзелы аднаго твора, напісанага шчыра, без ілжывага пафасу. Яны экспанаваліся на рэспубліканскіх выстаўках і атрымлівалі прызнанне гледачоў. Таленавіты мастак вялікае бачыць у малым, тыповае — у асабістым, грамадскае — у прыватным. Яго карціны нясуць вялікі чалавечны пасыл. Тут шмат шчырасці, спачування, болю. Залозны пісаў гэтыя рэчы, лічачы галоўнай думку пра жыццёвае прызванне, пра годнасць чалавека, пра непахісныя маральныя асновы, пра дабро, пра тое, як жыць, пра часовае і вечнае… Гэтая шматпластавасць тэмы патрабавала ад мастака не толькі вялікай працы, але і велізарнага духоўнага ды душэўнага ўнёску.

Можна сказаць, што Залознаму ў нейкай ступені пашанцавала. Упершыню яго праца была прызнана і ацэнена яшчэ ў 1959 годзе, калі ён, выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, прадставіў на суд Дзяржаўнай камісіі дыпломнае палатно “Капітуляцыя”. Дарэчы, гэта быў першы выпуск жывапісцаў мастацкага факультэта, адкрытага ў 1953-м на базе Беларускага тэатральнага інстытута.

Нагадаю, што разам з Мікалаем Залозным у адной групе ў педагога Віталя Канстанцінавіча Цвіркі займаліся Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Барыс Аракчэеў, Фёдар Бараноўскі, Юзэф Пучынскі, Іван Рэй, Барыс Няпомняшчы, Ірына Саковіч (Глазава), Барыс Ус, Аляксандр Семілетаў, а на першых курсах — Алег Цалкоў і Міхаіл Казанскі, будучыя выдатныя авангардысты.

Дык вось, карціна “Капітуляцыя” заслужыла вельмі высокую пахвалу народнага мастака СССР і прэзідэнта Акадэміі мастацтваў СССР Барыса Уладзіміравіча Іагансона, які быў запрошаны з Масквы ў наш Інстытут на ролю старшыні Дзяржаўнай камісіі. А потым, калі гэтая работа выстаўлялася ў Акадэміі мастацтваў, рэктар апошняй, выдатны настаўнік і цікавы жывапісец, Віктар Міхайлавіч Арэшнікаў таксама гаварыў пра карціну Залознага цёпла і з захапленнем…

Заканчэнне аповеду пра Мікалая Залознага — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"