“Наяўнасць, актуальная па некалькіх прычынах”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Сёння на старонках рубрыкі абмяркоўваецца стратэгія творчасці ў кантэксце соцыума. Славуты балетмайстар Валянцін Елізар’еў разважае пра эксплуатацыю тэатра оперы і балета пасля рэканструкцыі, у тым ліку і як пра годную пляцоўку для буйнога Міжнароднага фестывалю харэаграфіі. Унікальныя тэхнічныя магчымасці абноўленага будынка дазволяць праводзіць падобны форум, аднавіўшы тым самым колішнюю традыцыю. Аднак не толькі дзяржаўную, але і дзейсную спонсарскую падтрымку бачыць майстар для ажыццяўлення падобных праектаў. Такім чынам, і сродкі, укладзеныя ў рэканструкцыю ды пераабсталяванне ўстановы, павінны вяртацца і працаваць. Прыкладам тут абноўлены летась віцебскі Летні амфітэатр, што мусіць дзейнічаць ад вясны і па верасень, дэманструючы мадэль рэальна эфектыўнай працы.

Валянцін Мікалаевіч, размову з вамі як з мастацкім кіраўніком і дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета хацелася б пачаць з такога пытання. Беларускі балет, дзякуючы спектаклям, пастаўленым вамі, дзякуючы таксама вашым менеджэрскім, прадзюсерскім якасцям, абездзіў многія краіны свету. Вы многае бачылі і пра многае думалі, разважалі, супастаўлялі. Што адбываецца ў свеце харэаграфіі, якія тэатры і нацыянальныя школы лідзіруюць?

/i/content/pi/cult/149/1053/Elizarjev.jpg 
— Што датычыць сістэмы падрыхтоўкі танцоўшчыкаў, дык самая моцная жаночая школа — у Пецярбургу, а самая моцная мужчынская — у Маскве. Магутныя школы — калі гаварыць пра навучанне танцу — французская, дацкая, англійская. Шмат моцных балетных школ у Амерыцы, але там іншая сістэма адукацыі — школы прыватныя.

— У апошнія гады вас часта запрашаюць членам журы на міжнародныя конкурсы артыстаў балета і харэографаў — у Маскву, Санкт-Пецярбург, Варну, Нагою, Кіеў, Джэксан (ЗША), у Пекін, Шанхай… Конкурсы адлюстроўваюць тэндэнцыі, даюць панараму — куды рухаецца балетнае мастацтва…

— Выдатная школа навучання артыстаў балета ў Кітаі. За апошнія 50 гадоў Кітай зрабіў столькі, колькі Еўропа за тры стагоддзі. Японію і Кітай у сэнсе развіцця балета нават цяжка параўноўваць. У Японіі — адзін дзяржаўны балетны тэатр і некалькі невялікіх прыватных, шэраг прыватных балетных школ — і ўсё... А ў Кітаі — некалькі дзяржаўных тэатраў толькі ў Пекіне, некалькі — у правінцыі. І ўсе балетныя школы — дзяржаўныя. Вы можаце сабе ўявіць, што ў Пекіне балетная школа мае сорак (!) балетных залаў?! Акадэмія танца — комплекс будынкаў, цэлы горад, у якім ёсць і вучылішча, і інстытут харэаграфіі, і жылыя дамы, і ўласныя калектывы сучаснага танца…

— Валянцін Мікалаевіч, час ад часу на старонках друку выказваюцца думкі пра тое, што Беларусі, суверэннай еўрапейскай дзяржаве, якая мае сапраўды зорны балет, проста неабходна ладзіць уласны харэаграфічны фестываль…

— Цалкам згодзен. Скажу больш — гэта мая даўняя мара! Думаю, конкурс артыстаў балета і харэографаў нам патрэбен не ў такой ступені. Іх ладзіцца шмат у свеце, нават у суседзяў. Амаль 40 гадоў існуе Міжнародны конкурс артыстаў балета ў Маскве з вельмі сур’ёзнымі традыцыямі. Існуюць конкурсы імя С.Ліфара ў Кіеве, імя Р.Нурыева — у Будапешце, “Арабеск” — у Пярмі, “Крыштальны туфлік”— у Харкаве. У Пецярбурзе прайшоў конкурс “Мая”, прысвечаны М.Плісецкай. Надзвычай прэстыжны конкурс — у Лазанне (Швейцарыя). Толькі ў Японіі — 12 міжнародных конкурсаў. Але думаю, што нам патрэбен усё-такі не конкурс, а — фестываль, які дасць шырокую панараму таго, што адбываецца ў свеце харэаграфіі.

— Якой жанравай скіраванасці бачыцца вам будучы фестываль, з якою назваю? Міжнародны харэаграфічны, міжнародны балетны, міжнародны фестываль тэатраў оперы і балета?

— Трэба думаць. Але ў любым выпадку наяўнасць фестывалю надзвычай актуальная па некалькіх прычынах. Па-першае, мы бачым, якімі імклівымі тэмпамі ідзе капітальны рамонт і абнаўленне будынка тэатра оперы і балета. Будынак, у якім мы працуем, набывае сучасны еўрапейскі выгляд. Інтэр’еры тэатра, ягонае тэхнічнае “начынне” і абсталяванне будуць зроблены па апошнім слове. Дзяржава ўкладае ў абнаўленне тэатра велізарныя, проста фантастычныя сродкі! Скажу шчыра, калі ўпершыню пабачыў уласны кабінет, зроблены па эксклюзіўным праекце, адчуў няёмкасць — такі ён прыгожы! Мільганула нават думка: а ці заслужыў я? Але ж і мастацкія падзеі ў такім тэатры павінны быць адпаведныя! Прыгажосць, якая паўстае ў будынку на плошчы Парыжскай камуны, хацелася б паказаць і калегам з розных краін свету.

Па-другое. Два дзесяцігоддзі ў Віцебску існуе Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). Але ён найцесным чынам знітаваны з мастацкай аурай горада, яго традыцыямі, і таму не варта думаць, што яго можна і трэба пераносіць у сталіцу. Фестываль, пра які думаю, павінен мець больш шырокую жанравую скіраванасць. Само сабою, ладзіць яго трэба пасля заканчэння рамонту тэатра. На маю думку, час першага выхаду форуму ў свет — 2009 альбо 2010 год.

— Пяць гадоў, з 1992 па 1996, у Мінску ладзіўся Міжнародны харэаграфічны фестываль “Я люблю балет”. З’язджаліся славутыя артысты з усіх куткоў былога Савецкага Саюза, у фінале свята ішлі пяцігадзінныя (!) гала-канцэрты, якія ўспрымаліся з велізарнай цікавасцю... Значыць, з’ява нам шмат у чым знаёмая, ранейшы вопыт варта ўспомніць і выкарыстаць з улікам новых рэалій, бо ўслед за пытаннем: “Што?” узнікае і пытанне: “Як?”.

— Вядома, без сур’ёзнай арганізацыйнай і фінансавай падтрымкі дзяржавы ў такой важкай справе не абысціся. З вялікай цікавасцю назіраў я за правядзеннем у Мінску леташняй восенню двух буйных мастацкіх форумаў: ІІІ Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” і ІІ Міжнароднага фестывалю Ю.Башмета. Першы з іх ладзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Дэпартаментам па культуры і кінематаграфіі РФ, які ўзначальвае М.Швыдкой. Фестываль Ю.Башмета адбываўся пад патранажам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Бачу ў тым сімптаматычную з’яву.

Падтрымка дзяржавай і яе Кіраўніком акадэмічных, элітарных жанраў шмат чаго вартая! Але ж і правядзенне апошняга фестывалю аказалася немагчымым без спонсараў, у тым ліку і з сусветна вядомымі імёнамі.

— Беларускі балет — сур’ёзны брэнд, таму недахопу ў спонсарах, пэўна, не будзе…

— Неаднойчы Нацыянальны балет супрацоўнічаў — і кожны раз паспяхова! — з банкаўскімі структурамі краіны, найперш з буйнейшымі банкамі Беларусі. Падчас запрашэння балетных труп або асобных салістаў з Германіі, Францыі, Іспаніі, Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Злучаных Штатаў, Турцыі немагчыма будзе абысціся без арганізацыйнай і фінансавай дапамогі пасольстваў гэтых краін у Беларусі.

— Якой павінна быць праграма фестывалю? Якія жанры і накірункі павінны ў ёй пераважаць?

— Праграма фестывалю, у тым выпадку, калі прадстаўнікі дзяржаўных структур ідэю падтрымаюць, будзе ўдакладняцца. Лічу, што не варта запрашаць калектывы, якія прывязуць класічныя назвы, што ёсць і на нашай афішы. Куды цікавей будзе ўбачыць спектаклі, пастаўленыя за апошнія 3— 5 гадоў. У іх адлюстраваны тэндэнцыі, якімі жыве сучасная харэаграфія.

Скажам, падчас правядзення першага фестывалю, магчыма, варта спыніцца на аднаактовых балетах і мініяцюрах. Гэта дазволіць у адведзены тыдзень альбо 10 дзён убачыць больш гасцей з розных краін. У тым выпадку, калі вопыт правядзення першага форуму будзе ўдалым, яго жанравую структуру надалей можна пашыраць.

Думаю, склад удзельнікаў дапамогуць сфарміраваць парады вядомых балетных крытыкаў — і беларускіх (Ю.Чурко, доктар мастацтвазнаўства, загадчык кафедры харэаграфіі Акадэміі музыкі), і замежных (В.Уральская, галоўны рэдактар расійскага часопіса “Балет”, доктар філасофскіх навук; Г.Чаламбіцька, балетазнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства), якія маглі б выступіць у якасці экспертаў. Цікавасць публікі выклікалі б новыя работы вядомых расійскіх балетмайстраў М.Баярчыкава і Г.Маёрава, адна з нядаўніх прэм’ер Б.Эйфмана. Мяркую, назвы апошніх па часе адметных пастановак падкажуць і мае даўнія сябры — віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі балета Кітая, прафесар Сяо Сухуа, прэзідэнт Асацыяцыі балета Японіі Кендзі Усуі, Ганаровы прэзідэнт Міжнароднага камітэта танца Савета ЮНЕСКО, прафесар Дзітмар Зайферт з Германіі.

— Узровень фестывалю вызначаецца імёнамі артыстаў, якія будуць запрошаны...

— А чаму б нам не паклікаць у якасці гасцей мега-зорак сусветнага балета, напрыклад, У.Васільева, К.Максімаву, М.Лаўроўскага? Даўнія творчыя сувязі і асабістае сяброўства звязваюць мяне з Н.Макаравай, М.Плісецкай, Н.Ананіяшвілі. Даўно, з часу правядзення фестывалю “Я люблю балет”, не прыязджалі ў Мінск зорка марыінскага балета Г.Комлева і крытык А.Сакалоў-Камінскі. Усе яны маглі б правесці майстар-класы з нашымі і прыезджымі артыстамі балета. Варта было б запрасіць з Пецярбурга і педагогаў славутай Акадэміі рускага балета імя А.Ваганавай, якія б далі майстар-клас у харэаграфічным каледжы.

Што да ўласна танцавальнай праграмы, дык чаму б не звярнуцца да зорак Вялікага тэатра і Марыінкі? Думаю, нашы аматары балета будуць згодны заплаціць немалыя грошы за білеты, каб убачыць “ужывую” М.Цыскарыдзэ, Д.Вішневу, У.Лапаткіну, С.Захараву. Мы даўно не бачылі лепшых артыстаў з Пермскага і Навасібірскага тэатраў оперы і балета, яркіх салістаў з “Крамлёўскага балета”, пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра (былы імя М.Мусаргскага), з тэатраў Украіны. Але вы цудоўна разумееце, што за запрашэннем кожнай зоркі павінны стаяць немалыя фінансавыя сродкі. Падрыхтоўку да фестывалю трэба абавязкова пачынаць загадзя, бо ўсе найбольш значныя артысты ведаюць расклад сваіх выступленняў на некалькі гадоў наперад. Як бы нам ні хацелася іх бачыць, але змяніць штосьці ў сваім раскладзе ў апошні момант яны не змогуць.

— Вельмі цікава было б пабачыць у Мінску артыстаў, якія набывалі тут сваю прафесію, а цяпер у трупах розных краін з’яўляюцца вядучымі салістамі…

— Вядома, хацелася б запрасіць з Гамбургскага балета ягонага прэм’ера І.Урбана, са стакгольмскага шведскага Каралеўскага балета — А.Леановіча.

Яшчэ раз убачыць І.Колба, аднаго з прэм’ераў Марыінкі. Апошнім часам у Афінах працуе І.Сядзько. Цікава было б пабачыць творчы рост І.Васільева, нашага выхаванца, цяперашняга саліста Вялікага тэатра. Адным з прэм’ераў балетнай трупы Латвійскай нацыянальнай оперы з’яўляецца А.Авечкін. Магчыма, з Японіі ці Амерыкі прыедуць на фестываль А.Бубер і М.Ватанабэ.

— Але ж і гаспадарам захочацца выглядаць годна ў зорным асяроддзі! Асабіста я лічу, што ў праграме фестывалю павінны прысутнічаць вашы спектаклі, і каб адзін з іх стаўся прэм’ерай. Цікава было б убачыць і спектаклі вашых найбольш таленавітых вучняў — Р.Паклітару, У.Іванова, Н.Фурман. “Мефіста” на музыку У.Кандрусевіча, пастаўлены У.Івановым на сцэне Дзяржаўнага музычнага тэатра, або “Макбет” на музыку В.Кузняцова, пастаўлены Н.Фурман,— з рэпертуару Нацыянальнага балета. Класічныя сюжэты, сусветная літаратура, музыка беларускіх кампазітараў...

— Магчыма, на час правядзення фестывалю ў кожнага з названых харэографаў з’явяцца новыя, яшчэ больш цікавыя работы. Правядзенне фестывалю — моцны стымул для з’яўлення новых работ.

— Цікава было б убачыць у Мінску “ўжывую” і новыя работы Р.Паклітару, пастаўленыя ім у Кіеве, у трупе “Кіеў мадэрн-балет”…

— Калі Раду прыязджае ў Мінск, дык абавязкова прывозіць мне дыскі з запісамі сваіх спектакляў, пастаўленых у розных краінах і на розных сцэнах. Але, на жаль, іх не ведаюць беларускія аматары харэаграфіі. Але ж Раду як артыст балета сфарміраваўся на нашай сцэне, тут набываў прафесію харэографа. Таму лёс балетмайстра Р.Паклітару мне надзвычай цікавы. Калі паказаць шэраг маштабных спектакляў будзе складана, ёсць выйсце — прадставіцьпубліцы вечар харэаграфічных мініяцюр маіх лепшых вучняў.

У праграме маштабнага харэаграфічнага форуму магло б знайсціся месца і лепшым беларускім і замежным калектывам, якія працуюць у жанры танца-мадэрн. Такіх вечароў магло б быць некалькі.

Магчымасць паказу — стымул для нараджэння новых работ. Падчас падрыхтоўкі такіх праграм варта выкарыстаць велізарны вопыт і кантакты М.Раманоўскай, якая на працягу 20 гадоў з’яўляецца арт-дырэктарам IFMC у Віцебску.

— Кожны маштабны міжнародны фестываль звычайна мае ў сваёй праграме і “круглыя сталы”, і навукова-практычныя канферэнцыі, і майстар-класы выдатных артыстаў і педагогаў. У межах фестывалю могуць прайсці і выстаўкі тэатральнага касцюма, работ фотамайстроў, якія адлюстроўваюць танец, прэзентацыя работ сцэнографаў, якія звязалі лёс з музычным тэатрам.

— Так. Зразумела, кожная буйная культурная акцыя кшталту фестывалю вымагае немалых арганізацыйных высілкаў, сур’ёзнай фінансавай падтрымкі. Балет заўжды быў мастацтвам элітарным, ён заўжды дорага каштаваў. Тамму без падтрымкі Урада, без зацікаўленасці гарадскіх улад, не выпрацаваўшы стратэгію і тактыку, няма сэнсу пачынаць справу.

Але і карысць ад фестываляў — велізарная! Яны даюць “зрэз” сучаснага харэаграфічнага мастацтва. Мы пачнём лепш цаніць тое, што маем, калі будзем мець магчымасць параўноўваць сваё з мастацкімі здабыткамі суседзяў. Зможам пераймаць лепшы сусветны вопыт. Фестываль — гэта кантакты, абмен лепшымі дасягненнямі, магчымасць убачыць, што робяць калегі з іншых краін, у чым нас абагналі, а ў чым мы лепшыя за іх.

Не сумняваюся, што фестываль выклікаў бы новую хвалю цікавасці ў айчыннага гледача, паспрыяў бы нараджэнню новых сцэнічных твораў у буйных і малых формах, умацаванню прэстыжу беларускага харэаграфічнага мастацтва ва ўсім свеце. Скажу вам шчыра: няма нічога больш прыемнага і радаснага, чым прымаць сусветных славутасцей у зале роднага тэатра. Таму я гатовы займацца падрыхтоўкай фестывалю бескарысліва і самаахвярна. Зразумела, у тым выпадку, калі падмуркам для форуму будуць служыць праславутыя “тры кіты”: Талент, Творчасць і Фінансаванне. Толькі пры гэтым трыадзінстве і нараджаецца Прэстыж.


Гутарыла Таццяна МУШЫНСКАЯ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА