Re: на "Re: "Песняры"

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Як удзельнікі ансамбля слухалі трыб'ют музычнай легендзе
"Квартэт" заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь — удзельнікаў залатых складаў “Песняроў” азнаёміўся ў рэдакцыі “К” з трыб’ютам знакамітаму ансамблю. Па нашай просьбе прадзюсар праекта “Re: “Песняры” Сяргей Будкін пайшоў на пэўную рызыку, даўшы праслухаць будучы рэліз у прэмастэрынгавым запісе музыкантам i салістам, што склалі на чале з кіраўніком ансамбля, народным артыстам Беларусі, народным артыстам СССР Уладзімірам Мулявіным славу легендарнаму калектыву (прычым наша ўмова: матэрыял як са станоўчымі, так і з крытычнымі меркаваннямі, якімі б яны ні аказаліся, выйдзе да рэлізу дыска!). Па нашай жа просьбе знайшлі час для гэтай сустрэчы за “круглым сталом” i заслужаныя артысты краіны Уладзіслаў Місевіч (далей у тэксце — У.М.), Анатоль Кашапараў (А.К.), Валерый Дайнэка (В.Д.) ды Уладзімір Ткачэнка (У.Т.). Адразу было зразумела, што разбор матэрыялу будзе сур’ёзным. І тым больш строгім, што паміж некаторымі колішнімі артыстамі тых самых “Песняроў” ды сучаснымі выканаўцамі, чые творы выйдуць на трыб’юце, розніца ва ўзросце перавальвае за сорак гадоў. А ўявіце, колькі прамінула музычных пакаленняў ды змен стыляў за такі час... Урэшце, новыя версіі сваіх песень ужо ўхваліў знакаміты кампазітар — народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Ігар Лучанок. А вось кампазітар Алег Молчан з версіяй сваёй песні “Малітва”, наадварот, не пагадзіўся. Наперадзе, як плануе прадзюсар, — перамовы са спадчыннікамі аўтарскіх правоў Уладзіміра Мулявіна. Ну а працэс “перазагрузкі” пакрысе пайшоў…

/i/content/pi/cult/493/10529/8-1.jpg /i/content/pi/cult/493/10529/8-2.jpg

Уладзіслаў Місевіч, Анатоль Кашапараў.

/i/content/pi/cult/493/10529/8-3.jpg

/i/content/pi/cult/493/10529/8-4.jpg

Валерый Дайнэка, Уладзімір Ткачэнка.

/i/content/pi/cult/493/10529/8-5.jpg

Трыб’ют па восені

Дык вось, трыб’ют... Ці вялікай ён стане падзеяй, ці прыемным акажацца сюрпрызам, хутка стане зразумела. Падрыхтаваў рэліз сеткавы праект “Tuzin.FM” і, у прыватнасці, адзін з яго заснавальнікаў Сяргей Будкін. Прэзентацыя праекта “Re: “Песняры” запланавана на 12 верасня ў Мінску (у канцэрце выступяць некаторыя ўдзельнікі кавер-рэлізу, а таксама Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”). Да выхаду рыхтуюцца кампакт-дыск з інтэрнэт-выданнем.

— У запісе трыб’юта, — кажа Сяргей БУДКІН, — мы прапанавалі паўдзельнічаць тым музыкантам, якія, на наш погляд, з’яўляюцца сённяшняй генерацыяй айчыннай альтэрнатыўнай сцэны, актыўна выступаюць, заяўляюць пра сябе ў беларускай (і не толькі) музычнай прасторы і, безумоўна, валодаюць індывідуальнасцю. (Нам не хацелася ў выніку атрымаць кальку з “Песняроў”: мы прасілі артыстаў асэнсаваць творчасць знакамітага ансамбля праз уласцівае менавіта ім успрыняцце музыкі. У выніку палітра выглядае страката: джаз, рок, рэп, авангард, этна, электроніка.) Плюс шэраг знакавых выканаўцаў — эліта нашай музыкі, якія ўжо маюць шматгадовую біяграфію, добра вядомыя слухачам і на якіх “Песняры” некалі ў той або іншай ступені паўплывалі (у адрозненне, можа, ад іхніх малодшых калег па трыб’юце). Прынцыповым стала і тое, што песні мусілі быць на беларускай мове. Ну а кампазіцыі выбіралі самі музыканты.

Самае моцнае ўражанне асабіста на мяне зрабіла версія кампазіцыі “Пагоня” ў выкананні мужчынскага хору “Унiя”. Разам з музыкай і тэкстам атрымалася нейкая прэтэнзія на гiмнiчнасць. Сяргей Пукст нечакана падаў “Александрыну”, ды так, што кансерватары ад музыкі або анямеюць, або ледзь не праклянуць інтэрпрэтатара. Цікавая рэч у “SP Kava & Angst” — “Думалi”: арыгінальны бонус па-за рамкамі асноўнага трэк-ліста — пасланне Уладзіміру Мулявіну ад цяперашняй моладзі, у музычнай частцы якога выкарыстаны сэмпл “Малiтвы”. “Жаночы ж погляд” на яе ад вакалісткі гурта “Naka” Настассі Шпакоўскай так і не выйдзе: ён не адпавядаў першапачаткова ўкладзенай у песню мастацкай задуме кампазітара Алега Молчана, які забараніў дадзенае выкананне да выдання. Для мяне ж дзіўна, што масціты кампазітар менавіта так разумее сутнасць трыб’юта, бо найбольш памятныя “прысвячэнні” здараюцца тады, калі новае прачытанне каранёва адрозніваецца ад зыходнага…

Гэтым рэлізам і мы, і музыканты хочам аддаць даніну павагі геніяльнаму ВІА, якi да гэтага часу аказвае ўплыў на пакаленні постсавецкіх музыкантаў, аматараў музыкі, звычайных людзей. Хочам абудзіць цікавасць у цяперашняй моладзі, якая часцяком паблажліва ставіцца да рэтра, да творчасці вялікага ансамбля, што насамрэч бессмяротная. Гэтак “перазагрузім” творчасць “Песняроў”, змясціўшы яе ў бягучы музычны кантэкст. Але пры гэтым мы не заігрывалі з сучаснай публікай, а пастараліся паказаць ёй, як нібыта мiнулае можа адпавядаць дню сённяшняму. Вось праз такую набытую любоў да непраходзячага ў мастацтве сваёй краіны і нараджаецца, умацоўваецца ў людзях і любоў да роднай культуры, мовы, Радзімы наогул.

Прагнозы

Да пачатку праслухоўвання мы звярнуліся да артыстаў, каб даведацца, чаго ж яны чакаюць ад гэтага праекта. Агульную думку можна было выказаць словамі: “Хочацца, вядома, чагосьці добрага”. Уладзімір Ткачэнка дадаў: “Нават не ўяўляю, што магло атрымацца. Бо апошнім часам, як паказвае жыццё, па-мастацку пераканаўчае здараецца не так часта, як хацелася б. Але кожны раз спадзяешся: а раптам?..” Валерый Дайнэка ўдакладніў: “Чакаем не паўтору “Песняроў”, а — выяўлення “свайго” стылю”.

Ну а Сяргей Будкін сказаў так: “Вядома, нам было цікава пачуць, як героі сённяшніх канцэртных пляцовак змогуць па-новаму выканаць тыя творы. Спадзяюся, з гэткім жа інтарэсам паслухаюць работы і артысты “Песняроў”.

Пратакол аднаго пасяджэння...

Ніжэй прапануем стэнаграму пасяджэння “мастацкага савета” ў рэдакцыі газеты “Культура”, на якім “разглядалася пытанне” трыб’юта “Re: “Песняры” метадам праслухоўвання і абмеркавання песень, якiя ў яго ўвайшлі. “Члены мастацкага савета” ўжо былі названы вышэй. Адзначым, што ў дадзеным тэксце мы далі слова толькі музыкантам, пакінуўшы пазіцыі журналістаў рэдакцыі да часу афіцыйнага выхаду альбома.

Па песнях

1. Гурт “Akana”, “Каляда”

Прадзюсар праекта робіць прадстаўленне выканаўцаў (так будзе перад кожным трэкам). Нехта з гасцей пра “Аkana” чуў, а нехта чуў i iх работы.

В.Д.: — Не ўразілі мяне інтанацыі, агульная пабудова формы песні. А наогул версія атрымалася пацешная, хоць “песняроўскага” ў ёй — хіба што прыпеў. У цэлым жа — гэткi вольны пераказ арыгінала. Пра хіт, якім з’яўляўся зыходнік, гаворкі не ідзе.

У.М.: — Невыразная вакальная падача, няправільнае інтанаванне — гэта агульная хвароба сённяшняй беларускай музыкі. А яшчэ недапрацоўка па ўвасабленні задум. Ну а сама версія ў такім выглядзе шлягерам, вядома, не стане, у адрозненне ад арыгінала. Нейкая ідэя тут ёсць, але рэалізацыя не ўразіла. Праўда, шмат што залежыць ад таго, якую задачу ставілі перад сабой музыканты. Нагадаю, зрэшты, што і ў “Каляды” нашага ансамбля было як мінімум дзве версіі.

У.Т.: — У дадзеным перапеве мала цікавага для тых, хто пражыў маладосць пад музыку “Песняроў”. Гэта будзе чужым для іх — раз паслухаць хіба... Бы каверы “The Beatles”, якія робяць, занадта аддаляючыся ад зыходнай версіі. Першае ўражанне крыху адштурхоўвала (толькі прыпеў мне нагадаў, на які твор абапіралася “Akana”), але потым я пачуў ва ўсім гэтым добрую ідэю. Ды, мне здаецца, нават у рамках свайго стылю, аднаго барабаннага рытму можна было стварыць песню-свята, у канцы дадаць весялосці нейкай…

В.Д.: — Так, не хапае фарбаў. І ідэі, згаданай Валодзем, — развіцця. Аднак пахваліць дзяўчынак варта за тое, што іх “Каляда” бліжэй да сутнасці зімовых святаў. Нават уяўляеш, як яны ходзяць па хатах, калядуюць! А ў нас атрымалася джаз-рокавая кампазіцыя з вясёлым голасам Мулявіна. Гэтага запалу мне не хапіла ў “Akana”. І наша “Каляда” 30-гадовай даўніны гучыць усё ж сучасней, чым тое, што мы пачулі.

А.К.: — Такая музыка павінна была б з’явіцца гадоў дваццаць таму. Увогуле ж, па адной песні меркаваць пра стыль выканаўцаў складана…

2. Гурт “Akute”, “Алеся”

Пераходзім да другога нумара. Усе ў прадчуванні...

В.Д.: — Здалося, што музыканты ў песні выбралі танальнасць, калі верхнія ноты не бяруцца, а спяваюцца ўнізе, ніжнія ж — выконваюцца наверсе. Няма тэсiтуры патрэбнай — вазьміце што-небудзь прасцей. І быццам бы пераблытаны запеў з прыпевам… У альтанцы такі варыянт нармальна пойдзе як дваровая песня. Ці можа на цітрах у якімсьці фільме гучаць...

У.М.: — Не вытрымлівае ніякай крытыкі: ні гітары, ні вакалу. І адсутнічае ідэя — здзек нейкi. І не пераканаеце вы мяне ў адваротным адносна канкрэтна гэтай песні! Ну а калі гурт збірае пэўную аўдыторыю на сваіх канцэртах з уласным матэрыялам, трэба берагчы свой аўтарытэт і ў кавер-выступленнях. А каб ацаніць работы “Akute”, варта пабываць на канцэрце.

У.Т.: — Мне наогул не падабаецца. І мала таго, што фальшыва, дык яшчэ і мелодыю пераблыталі…

А.К.: — Няма чаго мне тут сказаць… Далей давайце слухаць.

3. Дуэт “SP Kava & Angst”, “Думалі”

Доўгая інтрадукцыя i тлумачэнні, што ж задумвалі сказаць рэп-выканаўцы ў сваім музычным “лісце да Мулявіна” з цытатай з песні “Малітва”. “Песняры” доўга перапытваюць, ці звязаны твор са скандальным запісам гурта “Naka”.

У.М.: — Нармальна. Свой стыль вытрыманы.

В.Д.: — Згодзен.

А.К.: — Гэта добры праект. Я адчуваю, што з іх можна нешта зрабіць. Праўда, такое адчуванне, што песня пра вайну якую, ці што…

4. Гурт “BosaeSonca”, “Ты мне вясною прыснілася”

Яшчэ адна класічная рэч з рэпертуару “Песняроў” (першы нумар першага ж альбома!) пасля “Алесі” ў трыб’юце, падаецца, насцярожыла нашых гасцей. Ці справяцца маладыя артысты?

В.Д.: — Усе памерлі... Па ўвасабленні я не бачу ніякай розніцы, на мой музычны слых, паміж імі і “Akute”: “Алеся” плаўна перацякае ў “Ты мне вясною прыснілася”. Такое ўражанне, што ўсе беларускія музыканты страцілі галасы. І гэта ў краіне, якая заўсёды славілася імі...

У.М.: — Гурту відавочна патрэбен педагог па вакале. У цэлым жа, нічога тут няма. Зусім “босае сонца”. Ну, хіба вось баяна дачакаліся — хоць нешта жывое...

У.Т.: — Песня “Ты мне вясною прыснілася” — гэта не проста спадчына ансамбля: гэта адзін з найпрыгажэйшых беларускіх вакальных твораў, выбітным выканаўцам якога сталі “Песняры”. Цудоўная па мелодыцы песня, частка нацыянальнай музычнай культуры (бо калі ёсць такія работы — гэта паказчык культуры), і яе можна было прыгожа перапрацаваць. Але яна патрабуе музычнай падрыхтоўкі, пэўных вакальных даных...

В.Д.: — А ў такім варыянце можа прэтэндаваць на выкарыстанне пад час міжсабойчыку пад гітару. Наогул, хацелася б, каб хтосьці, праслухаўшы гэты альбом, любую з яго песень, сказаў: “Ну вось, нарэшце з’явіліся тыя, хто “Песняроў” "пераскочыў”. Але пакуль (і не я першым такое прамаўляю): “Песняры” — гэта “Песняры”. Адчуванне па гэтай песні, што музыканты з “BosaeSonca” надта далёкія ад музыкі.

У.М.: — Хоць гэта не перашкода для чалавека — адсутнасць музычнай адукацыі, каб спяваць і граць, калі ён таленавіты.

У.Т.: — Таксама “варыянт для лавачак”. А якая песня была!..

5. Гурт “Detroit”, “Чырвоная ружа”

Музыканты ўжо стомлены мінорнымі кампазіцыямі. Кароткая інтрадукцыя гурта i прыгадванне джазавай манеры ажыўляюць рэдакцыйны “круглы стол”.

В.Д.: — О, джазуха пайшла... Мне падабаецца, стыльна. Свінг!

А.К.: — Нору Джонс мне нагадвае. Добры гурт, “вэры гуд”.

У.М.: — Больш-менш. Інтанацыя, энергетыка ёсць. Калі Мулявін гэтую песню голасам працаваў, дык тут вакалістка перажывае тэкст, як мне здаецца. У многіх папярэдніх праслуханых гуртах, акрамя рэп-дуэта, прафесіяналізму я практычна не пачуў — тут жа ён відавочна ёсць.

В.Д.: — Гэтая песня прымусіла падумаць вось пра што. А калі б зрабіць праект, скажам, “Песняры”-боса”, каб песні ансамбля прагучалі ў стылі босанова? Альбо “Песняры”-джаз”, а? Такі падыход праз іншы жанр, практычна без азірання на першакрыніцу, не толькі адкрыў бы новыя гарызонты ў інтэрпрэтацыях песень, але і пазбавіў бы праект налёту нават непадсвядомай канкурэнцыі артыстаў: не ў ёй жа тут справа.

6. Гурт “Naka”, “Малiтва”

Песня запісана для трыб’юта, але яна ў яго не ўвойдзе (прычыны — у № 32 за 2014 г.). У кантэксце падзей апошніх тыдняў — самы чаканы трэк нашага праслухоўвання.

А.К.: — “Памірае” песня ўжо з пачатку. Што будзе далей?

В.Д.: — Пасля Мулявіна вельмі складана ўспрымаць гэтую песню інакш.

У.М.: — Прызнацца, рэакцыю Алега Молчана можна зразумець... З іншага боку, любы варыянт мае права на існаванне. Так, у яе ёсць апраўданне. Вакалістка — драматычная актрыса. А пасля Мулявіна, які выконваў “Малiтву” проста геніяльна, цяжка ў яе прыўнесці нешта новае гэткай жа высокай якасці. Але тут, вядома, трэба падбіраць выканаўцу вельмі старанна, а пад яго — адаптаваць аранжыроўку.

В.Д.: — Акрамя гітарнага “дж-дж-дж” я не пачуў у гэтай аранжыроўцы нічога такога, каб здзівіла. У вакалісткі, напэўна, няма навыку выконваць песні такога кшталту, дзе асноўную нагрузку нясе голас (ён жа тут — галоўны інструмент), як гэта было ў Мулявіна. Так, акцёр можа нават прадэкламаваць песню, але, але, але... Пад гітару, у кампаніі, яна магла б паднесці гэтую версію выйгрышна. А так — ніяк.

У.Т.: — Сапраўдная — гэта тая песня, якую праспяваў Уладзімір Мулявін. Ні харавое, ні якое-небудзь іншае яе выкананне на сёння нават не дасягнула ягонага ўзроўню.

А.К.: — Мне ад пачатку не спадабаўся гэты варыянт. Неяк прагучала ўсё “на паўцагліны” ніжэй...

У.М.: — У ацэнцы я асабіста згодны з Молчанам.

7. Гурт “Палац”, “Завушніцы”

Хто не ведае “Палац”! І вакальную манеру Алега Хаменкі! Яе i чакалі цяпер, але...

В.Д.: — І гэта 2014 год на двары! Як можна было так барабаны прапісаць!

А.К.: — Алег Хаменка ў гэтай песні, з такой вакальнай падачай, дэкламуе, проста як маньяк нейкі! Спявае, нібыта падкрадаецца да кагосьці, асабліва на словах “Але ж і я ўпарты, i каб свайго дабіцца...”.

У.М.: — Алег Хаменка падкраўся непрыкметна!..

В.Д.: — “Палац” і “Палац”. Без адкрыццяў. Але трэба для трыб’юта песню ўсё ж такі рабіць у прынцыпова іншым стылі...

У.М.: — Я прамаўчу. Хаця... Перадачы на радыё Алег добра вёў (з апошніх маіх уражанняў аб ім у творчым плане). А наогул, цікава: каб музыканты былі добра прафінансаваны для працы над трыб’ютам, а не рабілі нумары “за дзякуй”, ці аказаўся б вынік такім, якім мы яго пачулі ў “Re: “Песняры”?

А.К.: — Крытыкаваць, зразумела, заўсёды проста. Але нам бы пабываць у шкуры тых, хто рабіў гэтыя аранжыроўкі. Тады, магчыма, шмат што стала б на свае месцы і ў нашым успрыманні.

В.Д.: — Пра аранжыроўку можна спрачацца, калі яна ёсць, а калі яе прынцыпова ў новай рэдакцыі няма, дык пра што гаварыць? І дарэчы, вельмі прыкметна, калі над гэтым элементам песні ніхто, па сутнасці, не працуе. Цяпер так нельга. Вось чаму пра песню складана нешта сказаць канкрэтнае? Таму што зроблена яна ў тым жа рытме, стылі, што і сто гадоў таму, толькі не спяваецца, а прагаворваецца, хоць у “Палаца” заўсёды такія галасавыя рэчы... Можна было ўсё змяніць, як след папрацаваць над аранжыроўкай. Але цяперашнія беларускія рок-каманды робяць так, як “The Beatles” на пачатку 1960-х: яны сядалі ў студыі адно насупраць аднаго і — калі пойдзе, дык пойдзе.

У.Т.: — У аранжыроўцы сапраўды нічога новага я не пачуў... Непрыемнага няма, ды — сумнавата. Але і сур’ёзна не ўспрыняў гэтую работу “Палаца”, таму прыдзірацца не стану.

8. Гурт “Pomidor/Off”, “Скрыпяць мае лапці”

Ажыўленне! Нехта з гасцей пачаў абыгрываць з гумарам псеўданім Аляксандра Памідорава, а нехта прыгадаў, што раней чуў ягоныя работы i ацаніў iх са знакам “плюс”. Акурат “плюса” чакалі і цяпер.

У.М.: — Аляксандр Памідораў — таленавіты хлопец. Вось адразу гучыць прафесійна!

В.Д.: — Вакал ў гэтай песні проста пад Мулявіна зроблены! А сам рэмікс — вельмі блізкі да арыгінала.

У.М.: — Асабліва ў параўнанні з раней пачутым. Пакуль гэта самая моцная версія ў трыб’юце. Так, спявае пад Мулявіна. Нармальна ўсё!

В.Д.: — Спачатку падумаў, што гурт проста “перадраў” песню адзін у адзін, а зараз я сказаў бы, што зроблена ў “песняроўскім” стылі, але — вельмі па-свойму. Згодны з Уладам: пакуль гэта — нумар адзін з пачутага. Ва ўсялякім выпадку, жадання пераключыць на наступны трэк не было. “Жывак” найчысцейшы!

А.К.: — Добра!

9. Cяргей Пукст, “Александрына”

Інтарэс выклікала прозвішча выканаўцы: як прадстаўнікі старэйшага пакалення заслужаныя артысты краіны, вядома ж, памятаюць музыку, хутчэй, дзядулі Сяргея — Рыгора Пукста. Дый яшчэ папярэднія рэкамендацыі ад іншых удзельнікаў праслухоўвання навялі туману...

В.Д.: — Гармоніі “Weather Report”, “джозавiнулаўскiя” матывы. Крыху не чыста спявае.

У.М.: — Але нешта выказвае.

В.Д.: — І ўсё ж такі гармонію можна было падкарэктаваць. Хоць я разумею: так зроблена наўмысна, што ён дысануе. Але чую: маглі быць іншыя акорды, якiя больш дакладна адлюстроўваюць задуму. А так работа добрая.

А.К.: — Мабыць, ад гераіні песні — Александрыны — у спевака-лірычнага героя засталіся добрыя ўражанні. І вось ён спявае, змагаецца з сабой, успамінае нешта сапраўднае, добрае, але дрэннае — перацягвае.

В.Д.: — Не, клёва! Ёсць!

У.М.: — Арыгінальна. Фантасмагорыя гэткая.

А.К.: — Можна было б рэчытатыў унесці замест спеваў хоць у якісьці фрагмент.

В.Д.: — Адчуваецца, што ёсць адукацыя, школа. Цікава структуру песні ламае. Галоўнае, каб цяпер звядзенне вылучыла цікавае ў гэтай песні на першы план.

10. Гурт “Re1ikt”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”

Музыканты для “песняроў” аказаліся “цёмнымі конікамі”. Урэшце, асаблівых чаканняў госці рэдакцыі, відаць, пасля многага з праслуханага раней, на гэтую інтэрпрэтацыю ўжо i не ўскладалі.

В.Д.: — Наогул іншую мелодыю спявае!.. Ігару Лучанку помнік трэба ставіць за тое, што ён дазволіў так абыходзіцца са сваімі песнямі!

У.М.: — Аляксандра Пахмутава, калі б хтосьці “адважыўся” гэтак перарабіць яе песню, паставілася б інакш, мякка кажучы... Тут, скажам так, гучанне зусім не эпічнае, як у арыгінале.

В.Д.: — Крышку на двух акордах атрымалася, а ў гэтай кампазіцыі столькі гармоній! Падрэзаная мелодыя... Я назваў бы пачутае “Лучанок, выкананы без кансерваторыі”. Але... нядрэнна, калі меркаваць увогуле.

У.М.: — Не, ну праспявалі — поўная лажа!..

А.К.: — Не журавы, а адзін журавель ляцеў…

11. Гурт “TonqiXod”, фрагмент кантаты “Гусляр”

Праслухоўваючы гэты трэк, артысты спадзяваліся спасцігнуць логіку размяшчэння музычных i вакальных эпізодаў з “Гусляра” ў прыкладна васьмі хвілінах запісу на будучым дыску. Некалькі разоў здагадваючыся, здавалася б, пра наступны крок маладога гурта ў запісе, “песняры” толькі здзіўлена пераглядаліся...

У.Т.: — Як быццам нічога не змянялі.

В.Д.: — Я нічога не зразумеў. Не бачу сэнсу ў такім падыходзе, калі здымаецца нота ў ноту зыходнік. Пра арыгінальнасць дакладна казаць не даводзіцца. Хаця аркестры стагоддзямі выконваюць тое самае, але ж мы вылучаем: вось гэты калектыў мае патэнцыял, а іншы — не. Можа, электронікі тут якой-небудзь дадаць?

У.М.: — І не скажаш, што дрэнна граюць. А больш дадаць і няма чаго.

А.К.: — Калі шчыра, дык гучыць так, нібыта павыхоплівалі нейкія эфектныя музычныя фрагменты (скажам, з пазнавальнай мулявінскай гітарай), злучыўшы іх пэўнымі вакальнымі эпізодамі (прынцып выбару апошніх я не спасціг, як, думаю, і мае калегі). Калі гэтая работа не “прымусовая”, а асабісты выбар музыкантаў, тады не разумею яшчэ ў большай ступені такога падыходу адстароненага. Адзін да аднаго зняты гук, але няма драйву — ні свайго, ні таго, які быў у “Песняроў”…

12. Хор “Унія”, “Пагоня”

Пакрысе размова набывала ўжо адзнаку стомленасці. Для разрадкі атмасферы музыканты пачалі падколваць адно аднаго. А тут — цалкам сур’ёзнае харавое выкананне песні на класічны верш...

В.Д.: — Ой, памінальны па музыцы альбом атрымаўся. Па “Песнярах”?.. А яшчэ адчуваецца, што праект увесь — не камерцыйны. Не ўяўляю, як яго можна правільна скампанаваць. Хуткіх па гучанні варыянтаў “песняроўскіх” работ практычна няма. А гэтая версія — так, добрая.

А.К.: — Свой жанр, усё вытрымана.

У.М.: — “Чысты голас” нагадала трохі... Па альбоме ж звярніце ўвагу на тое, што больш за тры такія мінорныя інтэрпрэтацыі запар слухаць нельга...

13. Тодар, “Вераніка”

Забягаючы наперад: і выканаўца, i песня парадавалі нашых гасцей. Ну, і тое, што слухалі мы апошні нумар (відаць, мяркуем па іхнім настроі), — таксама.

У.М.: — Вакальна складаная рэч. Выдатная новая аранжыроўка. Музыканты — добрыя.

А.К.: — Піяніст асабліва. Хто гэта? Канстанцін Гарачы?

У.М.: — Песня стылістычна з выхадам у гарадскі раманс зроблена.

В.Д.: — Францыя нейкая па развіцці нумара чутна... Вельмі добра! Аддушына на альбоме. Калі ёсць такая мэта, каб ён застаўся ў памяці людзей, я гэтай работай Вайцюшкевіча пласцінку і скончыў бы. Але не “Пагоняй”: яна як фінал усё апусціць. Ёй можна было б пачаць. А пасля “Веранiкi” ўжо больш нічога не будзеш жадаць слухаць. Магутная канцоўка была б, якая пакiдае добрае ўражанне і пра альбом у цэлым. Усё глупства забылася б, і толькі дзеля адной гэтай песні варта набыць дыск…

А.К.: — Сапраўды класная аранжыроўка, запамінальная.

Меркаванне на меркаванні

Сяргей Будкін так пракаментаваў выказванні ўдзельнікаў “круглага стала”:

— Мне было цікава, як знакамітыя музыканты вялікіх “Песняроў” паставяцца да праекта, у якім асноўную частку яго ўдзельнікаў складалі музыканты непрафесійныя, якія не валодаюць вакальнымі данымі, такімі, што зрабілі творчасць ансамбля фірмовай, беспамылкова вядомай. Ці змогуць мэтры зразумець і прыняць такі наш падыход? І рэакцыя іх мяне парадавала, нават калі мы ім ставілі яшчэ абсалютна нязведзеныя рэчы. Узрадавала тое, што яны ацанілі эксперыментальныя кампазіцыі, ім гэта было цікава. Крытыка “песняроў” была канструктыўная, збольшага, у нейкіх момантах — прадказальная. Як мінімум палова праграмы ім спадабалася, значыць, старэйшае пакаленне прызнала, што выканаўцы, якiя прыйшлі ім на змену, маюць права і на ўласную музыку, і на такую інтэрпрэтацыю песень “Песняроў”.

Вердыкт

В.Д.: — Сама ідэя такога трыб’юта мне падабаецца. Гэта ж сусветная практыка, калі музыканты — і сталыя, і маладыя — запісваюць свае “прысвячэнні” вялікаму выканаўцу. У мяне цэлая паліца дыскаў у такіх жанрах. Што да прадмета нашага абмеркавання, дык, у прынцыпе, нядрэнныя нумары ў альбоме ёсць, якія пакінулі па сабе добрае ўражанне, як маецца і некалькіх занадта тужлівых тэм (пасля іх, думалася мне, я дыск не стаў бы слухаць далей). Важна, каб у альбоме быў хоць адзін нумар, пасля якога ты не пашкадуеш, што аддаў грошы за пласцінку. Для мяне такой стала “Вераніка”. Станоўча вылучыў бы хор “Унія”, гурт “Pomidor/Оff”, Сяргея Пукста, “Detroit”. Не так і мала! А вось пачатак нашага праслухоўвання аказаўся надта сумным. Паколькі слухалі ўсё ж калег, хоць і з іншых генерацый, мы — я скажу за ўсіх прысутных “песняроў” — стараліся сябе стрымліваць ад занадта крайніх ацэнак. Можна ж было і так палічыць: паслухае альбом той, хто ніколі не сутыкаўся з творчасцю “Песняроў”, і падумае: “Яны такое... спявалі?..” Спадзяюся, што нехта “Песняроў” для сябе ўсё ж адкрые.

У.М.: — Што атрымалася і можна ўключаць — “Чырвоная ружа”, “...Лапці”, “Александрына” і “Жураўлі...” — можа быць. “Гусляр” для мяне застаўся незразумелым. “Веранiка” — шыкоўна! Той, хто рабіў яе аранжыроўку, мусіць даць урок астатнім, як гэта мае быць. Без галавастага, рукастага аранжыроўшчыка, музыканта песня не загучыць. Як і без добрага спевака, такога, як, напрыклад, Тодар. Большасці ж нават у лірычных песнях бракуе энергетыкі. Карацей, нешта з песень выбраць на свой густ можна. А за праект брацца было варта хаця б дзеля памяці пра Мулявіна, але агульны ўзровень трошкі засмучае. Баюся, што вось гэты “агульны ўзровень” і ёсць рэальная карціна, адлюстраванне цяперашняга стану той сцэны, музыканты з якой прадстаўлены ў альбоме. Мне падаецца, нашы прэтэнзіі тут якраз даволі аб’ектыўныя. А рэзананс меў бы любы трыб’ют з любым наборам музыкантаў, якія вырашылі дакрануцца да творчасці “Песняроў”.

У.Т.: — Паўтару выказаную раней думку: агульны ўзровень засмучае. Я паставіў шэсць-сем “плюсаў” у сваім спісе. Па выніках праслухоўвання назваў бы два нумары і іх выканаўцаў, што развіваюць творчасць “Песняроў”: гэта “Вераніка” Вайцюшкевіча і “Скрыпяць мае лапці” Памідорава. Адзін пераасэнсаваў арыгінал на высокім узроўні разам з піяністам Канстанцінам Гарачым, у другога сыграна ўпэўнена, прафесійна, на высокім узроўні і з вытрымкай стылю. Яны спрабуюць цягнуцца за ідэяй “Песняроў”. Але ёсць і вельмі слабыя па сваіх аранжыроўках музыканты, нібыта жывуць не ў XXI стагоддзі. А наступнікі ж павінны развіваць справу… І яшчэ момант. У многіх самадзейных, па сутнасці калектываў, якія мы паслухалі сёння, усё ў праекце магло б скласціся, каб яны мелі салістаў з добрымі галасамі. У тым жа “Detroit” з “Чырвонай ружай” (хоць іх заўвага тычыцца ў меншай ступені) хацелася б большай дасканаласці ў вакале, каб цалкам гарманічна ўсё склалася з аранжыроўкай. Быццам бы, ёсць галасы, якія раптам пачынаюць фальшывіць. У гэтым сэнсе Пукст мяне не вельмі пераканаў, нават пры разуменні таго, што інтанаваў ён пэўным чынам, напэўна, спецыяльна. Я пачаў бы альбом з найлепшага, каб не чакаць той добрай песні ў моры пасрэдных. Скажам, са “Скрыпяць мае лапці”…

А.К.: — Ідэя альбома — добрая! Гэта яшчэ адна нагода гучна заявіць аб нашай культуры наогул. Ну а тое, што якасць песень такая розная, тлумачыцца, мабыць, некамерцыйным характарам праекта. У шэрагу нумароў усё гэта гучыць так, нібыта ўдзел у трыб’юце патрэбен не самім артыстам, а прадзюсару, нам, удзельнікам “Песняроў”, ці яшчэ камусьці. Ведаеце, падумалася, што многія паўдзельнічалі, каб паўдзельнічаць хоць дзесьці. З праслуханага мне спадабаліся гурты “Detroit”, “Pomidor/Off”, Вайцюшкевіч, хоць з яго вакалам у “Вераніцы” я не згодзен. Нешта ёсць у Пукста, што можна развіваць (і ўсё ж ягоную поліфанію я крыху ўпарадкаваў бы). Астатняе на мяне не зрабіла практычна ніякага ўражання. І ўсё ж, дзякуючы гэтым энтузіястам — тым, хто прыдумаў праект, музыкантам, якiя яго рэалізавалі, — нешта ў нашай культуры ідзе наперад. Ведаеце, я прафесіянал у музыцы больш па адчуванні, развіцці, атрыманым дзякуючы маім калегам па ансамблі. Але ёсць планка, ніжэй за якую апускацца не варта. Некаторым з артыстаў, што прынялі ўдзел у трыб’юце, я раіў бы задумацца над гэтым. А таксама не варта так далёка адкідваць першакрыніцу і ставіць надта шмат непатрэбных “наваротаў” на песні: важна не сарвацца ў такія рэчы. Вось таму ў творах многіх артыстаў, прадстаўленых нам, жыцця не адчуваецца…

P.S. Напэўна, не пашанцавала гурту “Dzieciuki” з яго каверам “А хто там ідзе?”. З-за таго, што на дзень правядзення “круглага стала” кампазіцыя не была гатова, то і праслухаць яе “камісія” не змагла, гэта значыць — не было чаго абмяркоўваць. Хочацца верыць, што версія атрымалася, прынамсі, якаснай...

P.P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, нам стала вядома, што нашчадкі Уладзіміра Мулявіна таксама ўшчыльную заняліся пытаннямі аховы аўтарскіх правоў на творчую спадчыну Песняра, распачаўшы супрацу і афармленне адпаведных працэдур з Нацыянальным цэнтрам інтэлектульнай уласнасці. Вітаем такі крок! Аднак перад арганізатарамі праекта можа паўстаць яшчэ адна праблема: гэтым разам — з выкарыстаннем твораў кіраўніка легендарнага ансамбля. Урэшце, спадзяёмся, знайсці кампраміс удасца, бо, пагадзіцеся, усе бакі — і спадчыннікі Маэстра, і прадзюсары праекта, і мы, слухачы, — апрыёры зацікаўлены ў тым, каб вялікая музыка жыла і ў наступных пакаленнях, у тым ліку і праз новыя прачытанні.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах