Што спрацуе на аўдыторыю?

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Ці прыйдзе мода на сур’ёзную музыку ў Віцебск?
Цягам некалькіх гадоў творы Віктара ШАВЯКОВА выдаваліся ў зборніках, выкарыстоўваліся ў якасці абавязковых на Рэспубліканскіх конкурсах імя Іосіфа Жыновіча і на абласным конкурсе ў Наваполацку. Творчая справаздача-канцэрт, якая адбылася не так даўно ў сценах Музычнага каледжа імя І.Салярцінскага, дзе Віктар Іванавіч выкладае цягам сарака гадоў, была пятай па ліку. Прапануем вашай увазе маналогі музыканта і педагога.

/i/content/pi/cult/492/10524/9-3.jpgПра новае і шкадаванні

— Гэтым разам хацеў прадставіць новыя творы: Элегію для баяна і віяланчэлі, фартэпіянныя п’есы, вакальны цыкл. Усе іх выконвалі педагогі і навучэнцы каледжа. Да канцэрта рыхтаваліся амаль год. Напярэдадні правялі дзве зводныя рэпетыцыі. Вядома, можна было б зрабіць іх і больш, але сабраць аркестравую групу няпроста. Усе музыканты працуюць. А вось аранжыроўку песні на верш Давіда Сімановіча “Як у попеле вугольчык” рабіў тры дні — і, прызнацца, застаўся незадаволены вынікам…

Канцэрт быў прымеркаваны да 40-годдзя педагагічнай работы і да майго 65-годдзя. Ці шкадаваў я пра тое, што звязаў жыццё з музыкай, з педагагічнай дзейнасцю? А чаго шкадаваць? Праца творчая. Хоць бывае, што цікавасць да прафесіі губляеш, калі становішся рэпетытарам для навучэнца. Але, калі побач з табой яркая асоба, такому вучню хочацца перадаць веды, назапашаныя гадамі…

Пра запісы

— На адным Міжнародным кампазітарскім конкурсе, які праходзіў у Польшчы, стаў лаўрэатам з п’есай для баяна “Трыпціх”. У Беларусі яе не ведаюць. На жаль, п’есу мала хто чуў. Мне знайсці б для яе выканаўцу ды запісаць на дыск... Тады і з’явяцца рэцэнзіі ды водгукі, як гэта было пасля сустрэч-канцэртаў артыстаў ды паэтаў, што праводзіла Віцебская філармонія. Адрадзіць бы той праект…

Пра настрой слухачоў

— Я ніколі не лічыў, колькі твораў было напісана на вершы віцебскіх паэтаў. Але, думаю, дзесьці з дваццаць рамансаў і пад тры дзясяткі песень. Больш за ўсё я працаваў з Давідам Сімановічам. Разам з бардам Славай Савінавым мы ўдзельнічалі ва ўроках паэзіі, якія Сімановіч праводзіў у сярэдніх школах, бібліятэках ды іншых навучальных установах. Лёгкасць і грунтоўнасць, выдатная памяць, уменне адчуць настрой слухачоў, нарэшце, глыбіня інтэлекту і, разам з тым, даходлівасць — вось што я бачыў ды чуў на “ўроках” Давіда Рыгоравіча. Ці з’явіцца яшчэ такі паэт у горадзе, цяжка сказаць…

Пра фестывалі

— Якому з віцебскіх музычных форумаў аддаю перавагу: Фестывалю імя І.І. Салярцінскага або “Славянскаму базару…”? Вядома, першаму фэсту. І не таму, што ён праходзіць у маёй навучальнай установе, а, хутчэй, з той прычыны, што мне бліжэй камерная музыка. Да таго ж, мяркую, фестываль, які носіць імя нашага земляка, усё ж сфарміруе аўдыторыю слухачоў высокага парадку і верне ў канцэртныя залы не толькі творчую інтэлігенцыю, але і лекараў, інжынераў, студэнтаў, хатніх гаспадынь. У Мінску гэты час надышоў. Ці прыйдзе мода на класічную музыку ў Віцебску? Хацелася б, каб і ў горадзе над Заходняй Дзвіной усё ж палюбілі сур’ёзную музыку, якая прымушае думаць, ачышчае, робіць духоўна багацейшым і дабрэйшым. А слухаць добрую музыку ёсць дзе, у тым ліку і ў нашым каледжы. Дажыць бы да таго часу, калі на канцэрты сур’ёзнай музыкі білеты будуць раскупляць гэтак жа, як і на канцэрты “Славянскага…"

Настасся ЛАЗЕБНАЯ

Віцебск

Фота аўтара