"Фрэкен..." і Купалле

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Сярод спектакляў, вылучаных на ІІІ Нацыянальную тэатральную прэмію, якія будуць паказаны ўвосень у Мінску, — “Фрэкен Жулі” Аўгуста Стрындберга. П'еса ўвасоблена галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюсам Варнасам і, адпаведна, адзначана яго адметным почыркам.

/i/content/pi/cult/492/10522/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Фрэкен Жулі". / Фота Дзяніса ВАСІЛЬКОВА прадастаўлена тэатрам

П’еса “Фрэкен Жулі” (1888) мае скандальную рэпутацыю: яе забаранялі, бачыўшы ў галоўнай гераіні сексуальна-псіхалагічныя адхіленні на глебе экзальтаванай, даведзенай да абсурду эмансіпацыі. Чым жа можа быць нам так цікавая гэтая меладраматычная гісторыя — па сутнасці, любоўны трохкутнік? Можа, праекцыямі на сучаснасць? Графіня Фрэкен Жулі, якая з дзяцінства ненавідзіць мужчын, — насамрэч, прагне мужчынскай увагі. Служка Жан, што разыгрывае з сябе гэткага мача (Аляксандр Куляшоў), — звычайны альфонс. Яго нявеста — кухарка Крысціна, якая цягам ледзь не ўсёй дзеі “мірна спіць” (Яўгенія Белацаркоўская), — не пазбаўленая жыццёвай хітрасці рэалістка, гатовая “заплюшчыць вочы” на тое, што можа парушыць яе планы.

Рэжысёр свядома адыходзіць ад “побытавай” трактоўкі няспраўджанага кахання-падману. І знаходзіць пацвярджэнне магчымасці такога прачытання ў самой п’есе, дзеянне якой адбываецца ў Іванаву ноч, вядомую ў нас як Купальская, а героі гавораць пра сны, што аказваюцца разгадкай рэальнасці. Купалле ў спектаклі пададзена не праз этнаграфію, абрадавыя дзеі ці іншыя прыкметы старадаўняга свята, а як нейкае магічнае чараўніцтва, калі “варожыць”, здаецца, само паветра. Сон становіцца не кантрастам да рэальнасці, не яе другім “паралельным” вымярэннем, а такой неад’емнай гранню жыцця, калі немагчыма зразумець, дзе сапраўднае, а дзе ўяўнае. У такой жа непарыўнай повязі выступаюць у спектаклі рысы імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і тонкага псіхалагізму, адсылаючы нас да пачатку ХХ стагоддзя. Гэтая ды іншыя спасылкі — дзе наўмысныя, а дзе і выпадковыя, справакаваныя самаразвіццём гэтага складанага, шматсэнсавага матэрыялу, — дазваляюць узгадаць і надзвычай індывідуальна інтэрпрэтаваныя элементы постмадэрна.

Мастак Юратэ Рачынскайтэ стварае імпрэсіянісцкую карціну, дзе ўсё дыхае таямнічасцю, хісткай прывіднасцю, няўлоўнасцю, “недагаворанасцю”, адчуваннем-прадчуваннем, уражаннем “імгнення працягласцю ў жыццё”. Нават шкада становіцца, што многія прыгожыя, з любоўю выкананыя сцэнаграфічныя дэталі немагчыма, паводле задумы пастаноўшчыкаў, разгледзець падрабязна і цалкам — што называецца, у святле сафітаў. Затое птушка ў фінале, адпаведна з такой трактоўкай, — сапраўдная, жывая, як сімвал жаночай душы, якая рвецца на волю, і, шырэй, свабоды, што пасаджана ў клетку.

Тая ж атмасфера фэнтазі на мяжы з тэатрам абсурду пануе ў сцэнічных строях, асабліва галоўнай гераіні. На яе галаве — крыкліва-рыжы іракез (зноў-такі, прынцыпова зроблены з уласных валасоў артысткі), які праз некаторы час пачынае нечакана асацыявацца... то з німбам, то з пародыяй на яго. За спінай — чырвоны заплечнік, зусім не адпаведны спадніцам “стылю эпохі”. У такім выглядзе гераіня хутчэй нагадвае “неўтаймоўнага падлетка”, чым графіню.

Алена Крыванос малюе не жанчыну-вамп, не д’ябла, што паспрабаваў стаць анёлам і таму загінуў, не брыдкую клаўнэсу і нават не дзіўнаватую, ды магнетычную асобу, а гіпертрафіраваную чалавечую індывідуальнасць. У пошуках сябе самой Жулі кідаецца з адной крайнасці ў іншую, даводзячы навакольных да ашаламлення сваёй непрадказальнасцю, імя якой — бязмежная свабода і шчырасць учынкаў, не падпарадкаваных меркаванням натоўпу. Ці зможа такая асоба, існуючы ў створаным самой сабой уласным свеце, выжыць у рэальных абставінах ды жорсткасцях жыцця? Так, калі падладзіцца пад іх, зменіць, бы хамелеон, “афарбоўку” сваёй душы. Але ж ці магчыма гэта? І ці патрэбна для такой моцнай, але безабароннай, тонка арганізаванай духоўнай матэрыі, якая наўмысна, дзеля хоць якой абароны, надзявае маску бязлітаснага “выкліку грамадству”?

Рэжысёр і акцёры вельмі карпатліва працавалі над тэкстам, візуалізавалі і амузычвалі яго, асэнсоўваючы не толькі кожнае слова, але і гукаспалучэнне, саму інтанацыю. Быў знойдзены своеасаблівы варыянт меладэкламацыі, актыўнымі пошукамі якой адзначаўся, зноў-такі, пачатак ХХ стагоддзя. Набліжэнне гаворкі да спеваў, яе гнуткае, “пластычнае” інтанаванне, яднанне ў непарыўную повязь уласна з пластыкай, часам блізкай да мадэрн-харэаграфіі, асабліва ў дуэтных падтрымках, стварае непарыўную аўдыя-, відэапартытуру спектакля. А галоўнае — дзівосную энергетычную прастору паміж сцэнай ды залай, дзе само паветра прасякнута асацыяцыямі і думкамі.

На сёлетнім Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “М.@rt.кантакт” журы адзначыла спектакль за рэжысуру і ролю Фрэкен. Але кожны ўбачыць у пастаноўцы сваё. Хтосьці, як паказала абмеркаванне на згаданым фэсце, трактуе яго як гімн хрысціянскім каштоўнасцям: маўляў, Жан, спакушаны д’яблам у спадніцы, усё ж застаецца з Крысцінай, само імя якой азначае “хрысціянка”, “прысвечаная Хрысту”. Але такая разгалінаваная семантыка, што з кожным новым паказам спектакля развіваецца, — гэта і ёсць Яго Вялікасць Тэатр.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"