“Партрэт з партрэтам”: дзесяцігоддзе тэмы

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Вадзім КАЧАН, фатограф, выкладчык фатаграфіі
Пачатак серыі “Партрэт з партрэтам” быў пакладзены ў 2004 годзе. Сюжэт у ёй просты: партрэтуемы трымае ў руках свой жа фотаздымак, але зняты раней — скажам, у дзяцінстве, юнацтве. Галоўнае, што здымак зроблены ў часы СССР. Атрымліваецца параўнанне: розныя эпохі. Чалавек, народжаны ў Саюзе, лёгка пазнаецца па вачах: у іх заўсёды схаваны сум. Не істотна, дзе ён цяпер жыве: на радзіме ці за мяжой…

/i/content/pi/cult/492/10518/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/492/10518/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/492/10518/3-3.jpg

/i/content/pi/cult/492/10518/3-4.jpg

/i/content/pi/cult/492/10518/3-5.jpg

Героі фотасерый "Партрэт з партрэтам" і "Партрэт з партрэтам. Здымак, даўжынёй у жыццё". / Фота Вадзіма КАЧАНА

/i/content/pi/cult/492/10518/3-6.jpg

Вадзім КАЧАН. Аўтапартрэт

Чаму серыя? Яна дазваляе зірнуць на змены больш шырока. Партрэты здымаліся ў месцы, дзе жыве мадэль: у кватэры, доме ці на лецішчы. Святло — нескладанае: нішто не павінна адцягваць увагу ад галоўнай ідэі. Кропка здымак такая, з якой мы бачым чалавека ў жыцці і якой часцей за ўсё карысталіся ў бытавых фота часоў СССР, паколькі большасць маіх герояў (за рэдкім выключэннем) мелі ў альбомах кадры, выкананыя безыменнымі, бытавымі фатографамі.

Сваю ролю аўтара абмежаваў пэўнымі рамкамі. Па-першае, я не павінен быў выяўленчымі сродкамі (святло, колер, кропка здымкі, кадрыраванне) дэманстраваць стаўленне да героя. Па-другое, для мяне важна тактоўна, не акцэнтуючы на тым увагі, паказаць асяроддзе жыцця. Перад сабой ставіў задачу стварыць серыю здымкаў не застылых мумій, а — жывых людзей, ды адначасова засведчыць, як час паўплываў на іх. І яшчэ: у кожным фота — маленькая гісторыя. Я не даваў установак, як мусіць паводзіць сябе чалавек у час здымак, — рэакцыя на мяне і працэс дапамагала выбудоўванню сюжэта.

Фатаграфія і час, час і фатаграфія — гэтыя два словы не з’яўляюцца сінонімамі, але для мяне фотаздымак неадрыўны ад часу. Фатаграфія — гэта, напэўна, адзіны від мастацтва, здольны спыняць час у момант спрацоўвання затвора камеры. Наступны націск на кнопку — новае імгненне. І працэс здымак становіцца ўнікальным, бо тое, што адзнята, не паўторыцца ніколі, нават калі паміж здымкамі — імгненне. Яны розныя. Атрымліваецца тое, як мне здаецца, на фізічным, малекулярным або клетачным, біялагічным узроўні. Тыя, хто кажа, што фота існуе па-за часам, маючы на ўвазе не змест, а тое, што час віртуальна не адлюстроўваецца, не прачытваецца ў іх, крыху хітруюць: пройдзе год, пяць, дзесяць ці нават сто — і час абавязкова выявіцца. Калі не наўпрост, дык тэхналагічна — па спосабе здымкі, друку, па вобразе думкі, бачанні аўтара, нарэшце.

Памятаю, якое моцнае эмацыйнае ўздзеянне аказаў на мяне ўпершыню ўбачаны дагератып на сярэбранай пласцінцы. Партрэт быў зроблены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На ім — маладая прыгожая жанчына. Разглядаючы яе, адчуў, як у мяне мурашкі па скуры пабеглі. “Божа мой, — падумаў я тады, — яе прах ужо, напэўна, рассыпаўся, а яна ўсё зачароўвае і ўздзейнічае на мяне, мужчыну іншага стагоддзя…”

У 2004-м я зняў пятнаццаць партрэтаў. У серыю ўвайшло дванаццаць. Гэта была “лічба”. Мой прынцып: у дакументальным фота нічога не змяняць. Дазволіць сабе толькі тое, што я мог зрабіць пад час друку негатыву пад павелічальнікам: нешта зацямніць або асвятліць.

Першы варыянт — каляровы, затым — чорна-белы. Акурат апошняга кшталту здымкі лепш спалучаюцца адно з адным, з іх лаканічна і лёгка выстройваецца серыя. Імкнуўся падбіраць мадэлей сярод знаёмых, чыю гісторыю крыху ведаю. Яны рознага ўзросту і сацыяльнага становішча. Спачатку было жаданне да кожнага здымка прыкласці тэкст, але ў фатаграфіі — свая мова, і яна мае распавядаць, праўда, крыху замоўчваючы, недагаворваючы, каб прымусіць фантазіраваць і дадумваць. Інакш здымак проста стаў бы ілюстрацыяй да тэксту, і глядач у ім шукаў бы пацвярджэнне прачытанага, і наадварот, у тэксце — убачанага.

Зрабіў некалькі двайных партрэтаў. Скажам, на адным — два стрыечныя браты Азамат і Барыс. У аднаго — асяцінскія карані, другі — беларус. У дзяцінстве яны разам выхоўваліся, іх у розным узросце разам жа фатаграфавалі ў атэлье. Адзінства, братэрская любоў і лёгкая самаіронія зыходзілі ад іх. Яны выраслі, сталі самавітымі людзьмі, але адносіны паміж імі не змяніліся.

Затым у 2012 — 2013 гадах вяртаўся да гэтай серыі, і яна вырасла да сарака работ. Здымкі праходзілі ў Мінску і Мінскім раёне. Мадэлі, бывала, самі прыходзілі з просьбай сфатаграфаваць іх. Тым часам, першая частка серыі (2004-га) удзельнічае ў выстаўках. У Мінску яна была паказана ў 2006 годзе у кінатэатры “Перамога” (мне, дарэчы, падабаецца выстаўляцца ў грамадскіх месцах, бо так лягчэй дайсці да гледача, — музеі ж у нас часцей наведваюць спецыялісты і калегі), у экспазіцыі групы “Шырыня 53”, дзе я стаў мастацкім кіраўніком, на “Фотафоруме-2010”. Разам з адным са сталічных тэатраў яна пабывала ў Парыжы пад час гастролей апошняга, увайшла ў выстаўку Саюза фотамастакоў Расіі, пабываўшы ў перасоўнай экспазіцыі ў шэрагу гарадоў, удзельнічалі работы і ў фестывалях “Фотаманія” Балтыйскага біенале ў Калінінградзе, “Kaunas Photo-2012” у Літве.

Новая частка, адзнятая ў 2012 — 2013 гадах, была прэзентавана пад час ІІ Мінскага фотафестывалю, на выстаўцы “Арт-крок”, яна ўвайшла ў экспазіцыю Міжнароднага фестывалю “РусАртФото” 2013 года.

Летась распачаў, а сёлета прадоўжыў здымкі зусім новай серыі — “Партрэт з партрэтам. Здымак даўжынёй у жыццё”. Зараз з яе маю дзесяць работ у студыі. На нейтральным цёмна-шэрым фоне сфатаграфаваны мадэлі праз дзесяць гадоў пасля тых першых здымак, і ў руках яны трымаюць кадры не са сваіх альбомаў, а — зробленыя мной у 2004-м.

Але не ўсе мае колішнія героі дажылі да гэтага часу. Смерць з’яўляецца часткай зямнога жыцця чалавека… Заканчваецца новая серыя такім кадрам: ля помніка на магіле адной з маіх гераінь стаіць фатаграфія з серыі “Партрэт з партрэтам”. З’яўленне новай серыі — можна сказаць, працяг першай, але тое зусім не азначае, што я не буду вяртацца ды працягваць здымаць “Партрэт з партрэтам”. Буду. Абавязкова. Не думаю, што здымкі будуць паўтарацца, бо кожны чалавек — унікальны, і жыццё ў кожнага — сваё і не падобнае на іншыя…