Калі Ян Булгак стане “нашым”?

№ 31 (1157) 02.08.2014 - 08.08.2014 г

Маналогі фатографа, які пераклаў галоўную кнігу пачынальніка фота на Беларусі
Валерый ВЯДРЭНКА за некалькі гадоў, пры падтрымцы фотарэсурсу “Знята”, зафіксаваў стан беларускай фатаграфіі ў асобах на стыку нулявых і дзясятых гадоў ХХІ стагоддзя ў больш як трох дзясятках гутарак з майстрамі розных пакаленняў і мастацкіх платформ, аб’яднаных у цыкл “Сустрэчы з легендамі”. Гэта зрэз, так бы мовіць, з дрэва жывога. Ахвяруючы дзеля гэтага працай ва ўлюбёным творчым кірунку — фотапластыцы, суразмоўца нядаўна скончыў сваё пагружэнне ў сарцавіну зрэзу, а мо і глыбей: сягнуў да каранёў. Гаворка — пра перакладзеную ім галоўную кнігу выдатнага фатографа ХХ стагоддзя, нашага земляка Яна Булгака. Праца над перакладам і, што істотна, яго будучыня ды асоба гуру пачатку мінулага стагоддзя — у маналогах Валерыя Вядрэнкі.

/i/content/pi/cult/492/10516/6-2.jpg

Ян Булгак.

/i/content/pi/cult/492/10516/6-1.jpgБулгак incognito

— Калі я пачаў займацца фатаграфіяй, быў, на жаль, недасведчаны ў яе гісторыі на беларускай зямлі ў даваенны перыяд. Не цікавіўся? Так. Але і ў грамадскай прасторы не сустракаў ніякіх “наводзячых”. Толькі ў сеткавых размовах з фатографам Валерыем Лабко пачуў імя Яна Булгака. І ў той самы год адно з выдавецтваў выпусціла кнігу апошняга “Край дзіцячых гадоў”. Але, хоць Валерый і быў на ўздыме з той нагоды, мне не траплялася абмеркаванняў не тое што зместу фаліянта, а хоць бы факта яго выхаду. Тады пацікавіўся асобай Булгака ў Сеціве і пераканаўся: нагода для шанавання гэтай постаці — не абы-якая.

Міма мяне не праскочыла такая заўвага Лабко: маўляў, прыспеў ужо час разглядаць Булгака і як з’яву нашай культуры, а не толькі польскай або літоўскай. Ды акурат тады нашым фатографам апаніравала адна з маладых фотакрытыкаў: маўляў, а што вы зрабілі, каб Булгак стаў нашым? Яна рытарычна пыталася: ці чытаў хто з фатографаў ягоныя кнігі, ці задаўся мэтай перакласці іх, ці парупіўся аб арганізацыі выстаўкі?.. Выснова: а якое вы, беларускія фатографы, маеце права казаць, пры такім стане спраў, што Булгак — наш?

Мяне ейныя словы зачапілі. А праз літаратуру я даведаўся, што Ян Булгак — яшчэ і выдатны паэт, навуковец, у ягонай спадчыне шмат кніг і па фатаграфіі. Асноўная ж праца — “Эстэтыка святла”, дзе ён падводзіць рысу пад сваёй творчасцю ды развагамі. Аб перакладзе гэтай кнігі я і пачаў задумвацца.

Выданне першае — і апошняе

— Лёгка сказаць: “А давайце!” — ды не проста выканаць задуму, асабліва калі перакладамі не займаўся, а яшчэ ўлічым не самую сучасную мову, на якой пісаў Ян Булгак. Тым не менш, неабходна было адшукаць выданне “Эстэтыкі святла”. Фатограф Юрый Васільеў паведаміў, што яе акурат тады перакладалі на літоўскую мову ў Вільнюсе. Але літоўскі перакладчык сказаў: “Працую з сінькамі-копіямі, а не з арыгіналам”. А з нашых фотамайстроў, аказваецца, ніхто ў вочы Булгакаву працу не бачыў, але ж многія аперыруюць ёй, гаворачы пра гісторыю айчыннай фатаграфіі. Лішне казаць, што не было выдання нават у Нацыянальнай бібліятэцы... Атрымаў інфармацыю пра кнігу ў прыватных руках у Гродне, але ж уладальніца, папярэдзілі мяне, не надта прыязна ставіцца да прапаноў дазволіць скапіраваць тэкст ці прадаставіць яго ў часовае карыстанне.

За час пошуку перавыдання “Эстэтыкі святла” паваенных гадоў стала зразумела: а яго не было пасля першадруку ў 1936-м у Вільні! Прызнацца, я ўжо і перагарэў крыху з ідэяй перакладу… Але лёс склаўся інакш: на дзесяць дзён выправіўся ў Познань на адкрыццё сваёй выстаўкі “Апосталы Гервят”, а там мімаходзь кінуў арганізатарам пра свае пошукі. І яны за які дзень адшукалі кнігу Булгака ў варшаўскага букініста. Кошт быў роўны ганарару за выставачныя дні, які я і даручыў укласці ў набыццё тома. І вось, праз пару тыдняў выданне — на руках.

Трэніроўка на эсэ пра Мір

— Цікава, што да кнігі дадаваўся падарунак: невялікае — на пяць аркушыкаў — эсэ Булгака пра Мірскі замак, выразанае з нейкага зборніка артыкулаў. На гэтым тэксце я і вырашыў ацаніць сілы для перакладу “Эстэтыкі…”, што мае пад вокладкай 275 старонак спецыфічнай мовай, перасыпанай тэхнічнымі і прафесійнымі тэрмінамі (гэта значыць — патрабавалася пранікненне ў тагачасную тэхналогію). Што да мірскай замалёўкі, дык яе перакладаў не спяшаючыся, па паўстаронкі за дзень, калі было натхненне. Тут складана аказалася адэкватна арыгіналу перадаць паэзію, скарыстаную ў пэўных фрагментах Янам Булгакам. Тым не менш, з задачай справіўся!

А каб пераканацца ў патрэбнасці перакладаў твораў майстра ў нашай публічнай прасторы, гэтае эсэ, перастворанае як па-беларуску, так і па-руску, выклаў у Сеціва, тэкст прапанаваў і ў часопіс “Мастацтва”. Водгукі былі станоўчымі. Таму ўзяўся і за саму “Эстэтыку святла”, пастанавіўшы сабе перакладаць, прынамсі, старонку за дзень і мяркуючы адолець том за год. Заняла праца, у выніку, утрая большы адрэзак часу.

Мова з мамінай “Рыгонды”

— Я ніколі не вывучаў польскую мову, але, маючы схільнасць да моў наогул, у Польшчы не пачуваў сябе чужынцам: было дастаткова беларускай і рускай моў. Але карані — у дзяцінстве ды юнацтве. Акурат тады я набываў польскія часопісы ў кіёсках (па аўторках, як цяпер памятаю), пасля на некаторыя, прысвечаныя культуры ды мастацтву, афармляў падпіску. Так рабілі многія прасунутыя мастакі: мы ведалі, не бачачы стужак, што здымаюць Бергман, Феліні, Вісконці, чыталі ў перакладзе нататкі Таркоўскага, недаступныя ў Саюзе праз абмежаваны наклад. Вось слоўнікам тады амаль не карыстаўся: мова тых выданняў была мне зразумелая. А спецыфічнага польскага асяроддзя я не меў, апроч праграм Польскага радыё, на якое заўжды была зашкалена маміна радыёла “Рыгонда” і з пазыўных якога пачынаўся кожны дзень. Таму многія рэчы пры перакладзе я правяраў на слых.

Цяжкасці перакладу

— Значны час на пераклад абумоўлены і тым, што рабіў перастварэнне ў выглядзе рукапісу, які заняў два агульныя сшыткі фармату А4. Чаму не адсканаваў ды не распазнаў тэкст? Бо гэта Булгак, і інакш да яго ставіцца нельга. У гэтым выпадку я перакладаў такім жа ручным спосабам, як ён і пісаў свой твор. (Тэхнічную дапамогу з наборам тэксту забяспечвала Алена Кушнір.)

Асноўныя складанасці перакладу былі звязаны з тэхнічнай часткай здымкі ў 1930-я. Многага не ведаў сам, бо ніколі не сутыкаўся з называнымі аўтарам маркамі фотакамер, не рабіў кадры на пласціны. Але моманты тыя даволі хутка высвятляліся.

Чаго не могуць “лайкі”?

— Кніга перакладзена, а што далей? Не хацелася б ісці шукаць падтрымкі ў палякаў, што чарговы раз вернуць нам жа імя, наўпрост звязанае з Беларуссю. Усё ж паспрабую адшукаць падтрымку ў дзяржаўных выдавецтвах, бо да галоўнай кнігі Булгака можна дадаць рэпрадукцыі яго здымкаў з фондаў музеяў нашай краіны і замежжа (у самой “Эстэтыцы святла” змешчана ўсяго трыццаць ілюстрацый), узгадніўшы ўсе пытанні з аўтарскімі правамі. Гэткія кадры маглі б стаць асновай для буйной выстаўкі, у рамках якой і хацелася б прэзентаваць “Эстэтыку…”, зладзіць чытанні ўрыўкаў з яе. А проста выдаць том і даставіць яго на паліцы кнігарняў — гэта халасты стрэл. Спадзяванні ўскладаю на 2016-ты, калі будзе адзначана 140-годдзе з дня нараджэння майстра. Суседзі — палякі і літоўцы — ужо рыхтуюць выстаўкі, канферэнцыі, шматтомнікі твораў Яна Булгака. Мо і мы не апынёмся па-за тэмай?

Ці маецца да перакладу кнігі Булгака цікавасць з боку грамадскасці? Праверыў тое вельмі проста: паведаміў аб завяршэнні працы ў сацыяльнай сетцы, дзе маю пад дзве тысячы сяброў і падпісчыкаў, размясціў фота кнігі, сваіх сшыткаў з перакладам. У выніку — пад 60 “лайкаў”, з якіх было толькі два — тры ад фатографаў. Астатнія, відаць, інфармацыю атрымалі, а рэакцыі — ніякай. А мо хтосьці наогул пра Булгака не ведае? На гэтую тэму ён сам выказаўся ў прадмове да “Эстэтыкі святла”: маўляў, на момант выхаду работы многія рэчы ўжо састарэлі, а моладзь шэраг тэм успрыме без энтузіязму, але аўтар спадзяецца, што калі гэтая кніга дапаможа хаця б некалькім людзям, паўплывае на выбар імі жыццёвага шляху, то мэта ягоная — дасягнута. Я лічу гэтак жа, хоць сумневы ў актуальнасці выдання меў. Праўда, упэўнены, што тым, хто глядзіць на мастацтва шырока, не замыкаючыся ў пэўным коле тэм, твор гуру з нашых мясцін будзе цікавы.

Кніга “Эстэтыка святла” не напісана ў лінейнай манеры. У яе ўвайшлі больш раннія работы, а таксама лекцыйны матэрыял Булгака. Пададзена ўсё гэта цёпла, прыязна, што адкрывае аўтара як асобу з такімі якасцямі. Урэшце, не варта забывацца, што быў ён і чалавекам мо нават занадта прынцыповым у адстойванні ўласнай пазіцыі, не асабліва схільным да кампрамісаў.

Старасвецкі рамантык

— Я бачыў здымкі Булгака ў арыгінале ў Навагрудку. Гэта шэдэўры! Яны рэпрадукаваны ў кнізе “Край дзіцячых гадоў”. Мне яе прачытанне далося цяжка: там даволі складаная мова. Але каштоўнасць выдання для гісторыкаў і краязнаўцаў — неацэнная, бо сам Булгак — прадстаўнік моцнай шляхецкай фаміліі з Навагрудчыны, якая вядзе свой радавод з ХVI стагоддзя. Важна і тое, што не былі скарочаны фрагменты, дзе Булгак аддзяляецца ад сялян, вызнаючы сябе палякам.

А вось па светапоглядзе я вызначыў бы гэтага чалавека як кансерватыўнага рамантыка, што нахняўся ўсім старасвецкім, правераным часам, сапраўдным. Навінкі яму былі не даспадобы. Так, першыя “лейкі” ён граміў, прычым рабіў тое з акадэмізмам і грунтоўнасцю прафесара: у сваім творы задаваў гэтаму апарату пяць пытанняў, на якія за яго і адказваў, паставіўшы ацэнку “тры з плюсам” той камеры. І так заўжды: ён тлумачыў сваю пазіцыю з бачаннем перспектыў.

Мне было лёгка перакладаць твор Яна Булгака, бо ён мне блізкі як мастак. Ягоная старасвецкасць, карані — з нашай зямлі. Чаму ён з’яўляецца такой важнай персонай для мінулага культуры? Бо пражыў да дзевятнаццаць гадоў тут, сфарміраваўшыся як цэласная асоба з пэўным густам, уяўленнем пра тое, што прыгожа, а што — не, праз наваколле, людзей. Іншая справа, тагачасная сітуацыя: каб атрымаць больш-менш прыстойную адукацыю, патрэбна было выехаць з роднага краю... (Дарэчы, Фердынанд Рушчыц, вядомы нам як мастак, у якасці дэкана аддзялення вышуканых мастацтваў значна пазней спецыяльна для Яна Булгака (а яны сябравалі) адкрыў у Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя кафедру фатаграфікі, якую наш зямляк і ачоліў.)

Булгак паслядоўна проціпастаўляў славянскую культуру нямецкай і амерыканскай, даводзячы меркантыльнасць апошніх, кажучы, што яны прадаліся “д’яблу горада”. Ёсць у яго пэўная наіўнасць, вера ў тое, што можна вярнуцца да зыходна-чыстага стану… Чым не рамантызм?

Нашчадкі і выклікі сучаснасці

— Цяжка пагадзіцца з некаторымі высновамі Яна Булгака адносна гарадской фатаграфіі, з якой і вырасла сучасная плынь. Але калі ён піша пра тое, што сапраўды падабае, ад тэксту немагчыма адарвацца! Так, своеасабліва Булгак выкладае свае адчуванні ад чакання кадра, няўдачы ад яго, развагі аб прычыне правалу. Ён падрабязна апісаў, як неабходна перажываць пейзаж. Прызнацца, перакласці назвы адценняў навальнічнага неба на амаль цэлай старонцы на гэтую тэму было ой як няпроста…

Мне падаецца, што Булгак сёння прайграў бы — у сэнсе прыхільнасцей ягонага мастацтва. Блізкі яму піктарэалізм развіўся не ў тым кірунку, якім яго бачыў майстар, а, мяркуючы нават па групах у сацыяльных сетках, стаў сентыментальна-рэтраспектыўным. Яго нават цяжка назваць сучасным, бо сучасныя піктарэалісты выклікі сучаснасці проста ігнаруюць. Мо таму і сам кірунак разумеюць праз штампы: абавязкова замыленая элегічная выява, салодкасць да немагчымасці. Зразумела, ёсць выключэнні, але яны не робяць надвор’я.

А сваю кнігу Ян Булгак пачынае цытатай якраз з шыкоўнага піктарэаліста Леанарда Місона: “Сюжэт — нішто; асвятленне — усё”. (Цікава, што калі ён піша пра сваіх куміраў, фатографаў, з якімі сябраваў, то называе імёны, часта невядомыя сёння нам: мяне гэта здзівіла неймаверна, бо меў стасункі Булгак з вяршынямі!) Тэарэтычна, з лозунгам Місона ты можаш здымаць усё, што заўгодна. Але за піктарэалізмам міжваеннага перыяду ХХ стагоддзя, хоць і здымалі якраз усё, што заўгодна, замацаваўся той самы саладжавы стэрэатып. Гэтак і цягнецца дасюль. А колькі спроб цяпер з вольнымі тэхнікамі, гумай, гуміарабікай, ручным друкам... Ды выглядае вынік архіўна.

Дарэчы, неяк у Вільнюсе я пабачыў работы Місона. Цікава, але ўжо да Другой сусветнай вайны там з’яўлялася шмат гарадскіх сюжэтаў: пар, паравозы, дождж на бруку… І вось гэты новы час, якога мала ў Булгака, у Місона якраз і адчуваецца. А значыць, магчымасць для развіцця ў піктарэалізму была... Зараз піктарэалізм — фатаграфія клубная, на аматара, як кажуць.

Усё, што маем...

/i/content/pi/cult/492/10516/15-5.jpg

Варонча. Фота Валерыя ВЯДРЭНКІ

— Крыўдна, што пад Навагрудкам, у колішніх валоданнях Булгакаў, нічога не захавалася, хаця мясцовыя старэйшыны яшчэ колькі гадоў таму памяталі, што і дзе знаходзілася ў маёнтку, а таксама згадвалі пра яго ўладальнікаў. Адзіная матэрыяльная адзнака — помнікі прадстаўнікам роду Булгакаў ля касцёла Святой Ганны ў Варончы...

Фота Валерыя ВЯДРЭНКІ зрабіў Яўген ЗАЛУЖНЫ (прадастаўлена героем матэрыяла).

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах