Што ні кажы, а беларусы цяпер — гарадская нацыя: 75 працэнтаў жыхароў краіны жыве сёння ў гарадах. Таму народная, аўтэнтычная культура, народныя спевы, якія, як вядома, вельмі моцна знітаваны з земляробчым календаром, — усё гэта паціху знікае, паціху аджывае свой век. Народная культура, на мой погляд, хутчэй за ўсё, застанецца ў, так бы мовіць, музейным фармаце, бо паступова знікае тая глеба, з якой яна жывілася, — жывыя носьбіты традыцый, знаўцы народных абрадаў, песень...
Хаця не магу не адзначыць, што за апошнія гады народная, аўтэнтычная культура робіцца ўсё больш і больш папулярнай, у тым ліку — і сярод моладзі. Напрыклад, за савецкім часам народныя спевы існавалі ў форме “лубка” і мелі, фактычна, чыста дэкаратыўнае прызначэнне. Цяпер — зусім іншае. Уcё больш і больш у краіне ладзіцца фальклорных фестываляў, якія наведваюць як айчынныя, так і замежныя турысты, шмат спевакоў ды музычных гуртоў звяртаецца да народнай песні, да беларускага фальклору…
Магчыма, гэта звязана не толькі з тым, што Беларусь атрымала незалежнасць, але і з тым, што цяпер, у часы глабалізацыі, кожны народ, кожная нацыя шукае тое, што адрознівае яе ад іншых, вылучае з масы. Таму многія звяртаюцца да сваіх каранёў, да таго, чым яны ўнікальныя, чым не падобныя да іншых. І беларусы ў гэтым плане — не выключэнне…